Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ, МАЛДОВА І ЎКРАІНА СТВОРАЦЬ “ШЭРУЮ ЗОНУ ЭЎРОПЫ”


Алена Панкратава, Менск

Гэтак званая шэрая зона, якая, з гледзішча аб’яднанай Эўропы, пачынаецца з расейска-беларускай мяжы на поўначы і заканчваецца Чорным морам, можа стаць для астатніх эўрапейскіх краінаў чымсьці кшталту terra incognita — як у палітычным, так і эканамічным сэнсе. У зьвязку з цэлым комплексам праблемаў гэтага рэгіёну — эканамічнай стагнацыяй, карупцыяй, перасьледам палітычных апанэнтаў, а таксама дэманстратыўным супрацьстаяньнем Захаду будучыня памежнай з Эўразьвязам тэрыторыі выглядае чымсьці няпэўным і ня можа не хваляваць.

Паводле венскага аналітыка Буркгарда Бішофа, пачынаючы з 1994 году, беларускі аўтакрат і левы папуліст Аляксандар Лукашэнка паступова вядзе краіну да ізаляцыі. Сёньня рэжым робіць усё магчымае, каб пазбавіцца ад місіі АБСЭ. Адначасова беларускі лідэр рыхтуе адпаведныя папраўкі да Канстытуцыі, каб забясьпечыць сабе кіраўніцтва краінай да 2015 году ўлучна. Лукашэнка, які ў выніку свайго палітычнага курсу адкідае краіну ўсё далей назад, у пытаньнях правоў чалавека можа нават даць фору сваім расейскім сябрам. Належнасьць Беларусі да шэрай зоны — гэта сьвядомы выбар эксцэнтрычнага менскага кіраўніцтва, — піша аўстрыйская “Die Presse”.

Падобнае можна сказаць і пра кіраўніцтва Малдовы, — піша Буркгард Бішоф. Як і ў Менску, так і ў Кішынэве ня бачаць ніякага сэнсу ў рэформах. Статыстычна ў Малдовы, у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі, вельмі нізкія эканамічныя паказчыкі.

Што да Кіева, то ён бадай адзіны ў гэтае тройцы, хто ня згодны з пэрспэктывай далучэньня да гэтак званай шэрай зоны Эўропы. Украіна, якая са сваімі 50 мільёнамі насельніцтва належыць да найбуйнейшых краінаў кантынэнту, апошнім часам дэманструе сваю зацікаўленасьць у тым, каб стаць эканамічна ды сацыяльна разьвітым эўрапейскім рэгіёнам.

Паводле аўстрыйскіх аналітыкаў, апошнія перамовы Расеі з NATO фактычна разьвязалі рукі Кіеву. Сёньня Ўкраіне ўжо нішто не перашкаджае адкрыта заяўляць пра магчымасьць цягам наступных пяці–дзесяці гадоў далучыцца да Паўночна-Атлянтычнага альянсу.

Сёлета ўвосень у часе адмысловага саміту NATO ў Празе Кіеў мае намер падаць свае прапановы наконт таго, каб супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй было больш цесным, плённым і доўгатэрміновым. Ня менш зацікаўленая Ўкраіна і ў паўнавартасных дачыненьнях з Эўразьвязам.

Той статус “прывіліеяванага” суседзтва, які Брусэль у зьвязку з пашырэньнем Эўропы на ўсход надае Ўкраіне, Беларусі й Малдове, ніяк не задавальняе афіцыйны Кіеў. Шэраг украінскіх палітыкаў проста ня хоча бачыць сваю краіну ў адной кампаніі зь Менскам і Кішынэвам. Для Ўкраіны, якая не зьбіраецца будаваць чарговай жалезнай заслоны з Захадам, пэрспэктывы ўступленьня ў Эўразьвяз у якасьці асацыяванага сябра выглядаюць больш важнымі й прэстыжнымі.

Зразумела, шлях Украіны ў аб’яднаную Эўропу ня можа быць хуткім, — піша аўстрыйскае выданьне. — Апошні час краіны-суседкі занепакоеныя ня надта добрым іміджам прэзыдэнта Кучмы, а таксама карупцыяй у найвышэйшых уладных структурах краіны, нелегальным гандлем зброяй, наркотыкамі, людзьмі, які краіна ажыцьцяўляе па-за сваімі межамі. “Тым ня менш, — піша аналітык Буркгард Бішоф, — адрозна ад Менску, Кіеў рашуча заяўляе пра сваю гатоўнасьць да перамоваў з Эўропай, пра тое, што пазытыўныя зрухі ў грамадзтве могуць прыйсьці дзякуючы заходняму курсу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG