Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ ДЫ ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Падчас экспэрымэнту глузды дзьвюх малпаў-макакаў былі падлучаныя да кампутару, на экране якога знаходзіўся курсор, што мог рухацца ў трох вымярэньнях. Малпы маглі перамяшчаць курсор, рухаючы лапамі. Яны выконвалі заданьні дасьледчыкаў; пры гэтым кампутар рэгістраваў сыгналы глуздаў. Потым навукоўцы абмежавалі рухі малпаў – і праз некалькі дзён макакі здолелі выконваць заданьні бяз рухаў, з дапамогай адных сыгналаў мозгу. Пры гэтым курсор рухаўся амаль з такой жа хуткасьцю і дакладнасьцю, як і раней. Гэта паказвае, што можна стварыць эфэктыўныя мадэлі, якія будуць кантралявацца сыгналамі мозгу ў адсутнасьць звычайных рухаў і без удзелу цягліцаў, – піша ў часопісе "Science" Дон Тэйлар з Унівэрсытэту штата Арызона, які стаяў на чале экспэрымэнту.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Афіцыйная Інтэрнэт-бачына чэмпіянату сьвету па футболе пабіла рэкорд па колькасьці наведвальнікаў сярод спартовых сайтаў. Міжнародная футбольная фэдэрацыя ФІФА была вымушаная павялічыць магчымасьці доступу да сайта, пасьля таго як у першы дзень чэмпіянату наведнікі праглядзелі 34 мільёны старонак. У панядзелак гэтая лічба дасягнула амаль 80 мільёнаў. Колькасьць праглядаў значна большая за заплянаваную, піша брытанская газэта "Mirror". Бачына ФІФА, прысьвечаная футбольнаму чэмпіянату, даступная ў сямі мовах.

ЗША/ Амэрыканскі касьмічны чаўнок "Endeavour” прыбыў на міжнародную касьмічную станцыю "Альфа". Чаўнок даставіў на станцыю новых астранаўтаў – аднаго амэрыканца і двух расейцаў, якія будуць працаваць там чатыры з паловай месяцы. Цяперашняя амэрыкана-расейская каманда жыве на станцыі паўгода. У наступныя восем дзён, пакуль чаўнок будзе злучаны са станцыяй, астранаўты маюць тры разы выйсьці навонкі ў космас, каб наладзіць адмысловага робата. Вяртаньне чаўнака "Endeavour” на Зямлю заплянаванае на 17 чэрвеня.

АЎСТРАЛІЯ. Дасьледчыкі кажуць, што Антарктыдзе пагражае экалягічная катастрофа. Прычынай называюць бактэрыі, якія трапляюць на кантынэнт на падэшвах абутку турыстаў. Амаль 15 тысячаў турыстаў штогод наведваюць Антарктыду. Аўстралійскія навукоўцы кажуць, што прыкладна 20% турыстаў маюць на падэшвах абутку бактэрыі, якія могуць разбурыць унікальную экалягічную сыстэму Антарктыды. Дасьледчыкі рэкамэндуюць, каб усе турыстычныя фірмы, якія ладзяць туры ў Антарктыду, абавязкова патрабавалі ад турыстаў дэзынфэкцыі абутку.

ЭГІПЭТ. Эгіпэцкія археолягі раскапалі шэсьць магільнікаў, кожнаму зь якіх каля трох з паловай тысячаў гадоў. Знаходкі ў магільніках павінныя даць новую інфармацыю аб структуры ўраду ў пэрыяд, які лічыцца "залатым векам" Эгіпту. Магільнікі былі знойдзеныя недалёка ад Каіру каля Піраміды Ступені, якая лічыцца найстарэйшай пірамідай Эгіпту. Пахаваньні належалі ўрадавым чыноўнікам, якія працавалі ў паўночным Эгіпце пры канцы 18-й дынастыі і падчас 19-й дынастыі фараонаў – гэта значыць ад 1567 да 1200 года да нашай эры. Археолягі кажуць, што архітэктура аднаго з магільнікаў можа сьведчыць аб тым, што ў той пэрыяд Эгіпэт ужо быў дэцэнтралізаванай дзяржавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG