Раніцай армянскі лідэр наведаў выставу канцэрну “Белрэсурсы”, які ёсьць сузаснавальнікам беларуска-армянскага гандлёвага дому “БелАР” у Ерэване. Армянская дэлегацыя цікавілася менскімі тэлевізарамі й лядоўнямі, камунальнай тэхнікай, прадукцыяй беларускай нафтахіміі. А міністар сельскае гаспадаркі Армэніі заявіў, што хоча купляць у Беларусі насеньне бульбы, а таксама папрацаваць разам у галіне навукі.
Пра армянскую навуку шмат казаў і Аляксандар Лукашэнка:
(Лукашэнка: ) “Мы бачым, што Армэнія сёньня зусім іншая краіна, зь іншым тварам. Гэта высокаінтэлектуальная краіна, якая вырабляе высокаінтэлектуальны прадукт. Я вобразна сказаў, што ў адным “дыплямаце” можна везьці некалькі тысяч нашых трактараў паводле кошту. То бок, яны вырабляюць прадукт, што ў адным “дыплямаце” паводле кошту — гэта некалькі тысячаў трактараў”.
Менскі трактарны завод таксама быў у сёньняшняй праграме візыту Робэрта Качарана. Армэнія хоча купляць беларускія трактары, бо тамтэйшым старым “Беларусям” ужо 20 і больш гадоў. Сёньня адбыліся перамовы наконт адкрыцьця ў Армэніі сэрвіснага цэнтру Менскага трактарнага заводу. Дамовіліся таксама купіць для Ерэвану партыю менскіх аўтобусаў. Увогуле, прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран быў вельмі задаволены Менскам:
(Качаран: ) “Яшчэ ў старыя, савецкія часы Менск лічыўся самым прыгожым горадам, менчукі лічыліся самымі дысцыплінаванымі гараджанамі. І вельмі прыемна, што вось гэты імідж, гэты вобраз менчука застаўся”.
Напярэдадні Робэрт Качаран узяў удзел у цырымоніі пачатку будаўніцтва амбасады Армэніі ў Менску, якая будзе знаходзіцца каля праспэкту Машэрава. Спадар Качаран сказаў, што заўважыў на цырымоніі шмат асобаў з армянскім профілем. Аднак Аляксандар Лукашэнка адразу заявіў:
(Лукашэнка: ) “Усе армяне, якія ў нас пражываюць, гэта ўжо — я яму сказаў — гэта мае армяне. Гэта нашыя армяне. Вы на іх не глядзіце”.
Нягледзячы на гэтыя Лукашэнкавы словы, сёньня Робэрт Качаран сустрэўся з прадстаўнікамі армянскае дыяспары, якія дзеля гэтай гутаркі нават абмежавалі свой удзел у фэстывалі нацыянальных культураў, што распачаўся сёньня ў Горадні.
Перад вылетам зь Менску ў Ерэван прэзыдэнт Арменіі наведаў Хатынь.