Амэрыканскі ўрад паведамляе, што новыя захады будуць пераважна датычыць гасьцей з мусульманскіх і блізкаўсходніх краінаў, пры гэтым новыя крытэры, паводле якіх будзе вызначацца ступень небясьпечнасьці імігрантаў, будуць трымацца ў сакрэце.
Новыя правілы, якія ўвойдуць у сілу гэтай восеньню, будуць таксама стасавацца да амаль 100 тысячаў замежнікаў, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. Гэтым замежнікам будзе прадпісана зьявіцца ў Службу натуралізацыі і іміграцыі, каб зарэгістравацца, здаць адбіткі пальцаў і здымкі, а пасьля раз на год адзначацца аж да свайго выезду з краіны.
Міністар юстыцыі Джон Ашкрафт адмовіўся сказаць, каго з 35 мільёнаў чалавек, якія штогод наведваюць Злучаныя Штаты, улады будуць лічыць небясьпечным, аднак зазначыў, што новыя мэтады праверкі будуць датычыць амаль усіх наведнікаў зь Іраку, Ірану, Лібіі, Судану і Сырыі – апрача дыпляматычных работнікаў.
Паводле новых правілаў, якія атрымалі назоў “Нацыянальная Сыстэма Рэгістрацыі Ўезду і Выезду”, адбіткі пальцаў новапрыбылых будуць параўноўвацца з адбіткамі пальцаў асобаў, падазраваных у тэрарызьме. База дадзеных адбіткаў пальцаў тэрарыстаў даволі вялікая – дзякуючы стараньням амэрыканскіх вайскоўцаў падчас апэрацыі ў Афганістане.
Тэрарысты і злачынцы часта спрабуюць уехаць у краіну пад чужым імем і з фальшывымі пашпартамі. Затое адбіткі пальцаў ня хлусяць ніколі.
Да восені, перш чым Міністэрства юстыцыі афіцыйна ўвядзе новыя правілы ў дзеяньне, яны будуць прадметам адкрытага абмеркаваньня.