Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ ЗА АМАЛЬ ДВА ГАДЫ ПАЛЕСТЫНСКАЙ ІНТЫФАДЫ Ў ВЫНІКУ ТЭРАКТУ Ў ІЗРАІЛІ ПАЦЯРПЕЛІ ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ


Ігар Рубінштэйн, Тэль-Авіў

Марына Якубчык і яе сястра Сьвятлана прызямліліся на лётнішчы “Бэн-Гурыён” у ноч на 5 чэрвеня. На лётнішчы іх сустрэлі сын Марыны Антон, які жыве на поўначы Ізраілю ў горадзе Твэрыя, і яго сяброўка Ала. Усе чацьвёра дабраліся да Тэль-Авіву, пасьля чаго пераселі на рэйсавы аўтобус нумар 830, які йшоў у Твэрыю.

Прыблізна ў 7 гадзін 35 хвілін паводле ізраільскага часу ў гэты аўтобус на поўнай хуткасьці ўрэзаўся аўтамабіль, начынены 20 кіляграмамі выбуховага рэчыва. 17 пасажыраў, якія сядзелі ў задняй частцы аўтобуса, загінулі, астатнія былі шпіталізаваныя з раненьнямі рознай ступені цяжкасьці. Марына, Сьвятлана, Антон і Ала сядзелі на пярэдніх сядзеньнях і выбухам былі літаральна выкінутыя з аўтобуса. Яны атрымалі лёгкія раненьні. Як паведамілі мне ў шпіталі “Га-Эмэк” у горадзе Афула, іх жыцьцю нічога не пагражае, і ў найбліжэйшыя суткі яны будуць выпісаныя.

Марына і Сьвятлана прыбылі ў Ізраіль паводле праграмы “Сарэль”, распрацаванай Габрэйскім Агенцтвам (Сахнут). Яна прызначаная для тых, хто хоча наведаць краіну і папрацаваць у якасьці добраахвотніка на базах ізраільскага войска. Для абедзьвюх сёстраў гэта другі візыт у Ізраіль. Паводле іх словаў, яны не зьбіраюцца ўносіць зьмены ў праграму іх побыту з прычыны здарэньня і прабудуць тут тры тыдні, пасьля чаго вернуцца ў Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG