Абласны Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі даў падрабязны аналіз якасьці пітной вады ў рэгіёне. Паводле ягоных зьвестак, 46,5% пробаў вады ў ведамасных вадаводах і чвэрць у камунальных не адпавядаюць нарматывам санітарна-хімічных паказчыкаў. Падача няякаснай пітной вады апошнім часам спрычынілася да ўсплёску кішэчных захворваньняў у вёсках Рагінь Буда-Кашалёўскага, Мормаль Жлобінскага і Матнявічы Чачэрскага раёнаў.
Гамельчукі памятаюць і эпідэмію сярознага мэнінгіту ў абласным цэнтры з прычыны наяўнасьці ў вадзе ўзбуджальніка гэтай хваробы.
Абагуленыя зьвесткі санэпідэмслужбы паказваюць, што больш як паўтысячы сельскіх вадаправодных сетак, што складае 41%, засталіся летась без папераджальнага тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту.
І зусім сьвежыя факты. У вёсках Храпкаў, Акцябар, Глінішчы, Барысаўшчына Хойніцкага раёну, які моцна забруджаны радыяцыяй, людзі скардзяцца на няспраўнасьць вадаводаў і калёнак агульнага карыстаньня. На вуліцы Палявой у Храпкаве вада паступае ў дамы вяскоўцаў зь пяском.
Турбуе цэнтар гігіены і высокая канцэнтрацыя ў пітной вадзе нітратаў і жалеза.
У рэгіёне больш як 16 тысяч грамадзкіх і 41 тысяча індывідуальных калодзежаў. Паводле дасьледаваньняў, у 13 раёнах з 21 нітраты ў вадзе нашмат перавышаюць нарматыў.
У Брагінскім і Рэчыцкім раёнах канцэнтрацыя гэтых шкодных азотных злучэньняў у калодзежнай вадзе амаль удвая большая за дапушчальны ўзровень — ледзь не 90 міліграмаў на літар вады пры норме ня больш як 45 міліграмаў.
Яшчэ больш насычаная вада жалезам. Сярэдняя канцэнтрацыя гэтага элемэнту ў пітной вадзе перавышае нарматыў ва ўсіх гарадах і раёнах, за выключэньнем Гомелю, Мазыра і Рагачова.
Кіраўнік рэгіянальнага Камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку Алег Акушка лічыць, што стан пітной вады абумоўлены нядбайнай гаспадарчай дзейнасьцю прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.