Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭДАКЦЫЯХ ЛІТАРАТУРНЫХ ЧАСОПІСАЎ ШУКАЮЦЬ КРЫМІНАЛ


Валянціна Аксак, Менск

Як паведаміў нашаму радыё сёньня дырэктар прадпрыемства Сяргей Касьцян, кантрольныя органы ў рэдакцыях працуюць па ўласнай ініцыятыве. Між тым газэта “Наша Ніва” зьмясьціла ксэракопію ліста, у якім нібыта сам спадар Касьцян просіць Генэральную пракуратуру “правесьці поўнамаштабную праверку фінансава-эканамічнае дзейнасьці ўсіх шасьці выданьняў...”

Ксэракопія ліста за подпісам, які, як піша “Наша Ніва”, сапраўды падобны да подпісу кіраўніка рэдакцыйна-выдавецкага голдынгу і дэпутата палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна, прыйшла ў рэдакцыю па пошце. Акрамя просьбы да Генпракуратуры пачаць поўнамаштабныя фінансавыя праверкі аб’яднаных у адно прадпрыемства шасьці рэдакцыяў, у ксэракопіі ліста ўтрымліваецца абгрунтаваньне гэтае просьбы.

Асабліва акцэнтаваная ўвага на рэдакцыі часопісаў “Крыніца” і “Полымя”, якія нібыта выкарыстоўвалі свае матэрыяльныя рэсурсы на выданьне “Ведамасьцяў” Зянона Пазьняка і “паўпарнаграфічных кніжак вядомых беларускіх літаратараў”.

Ці зьвяртаўся спадар Касьцян у Генэральную пракуратуру з працытаванаю ў “Нашай Ніве” просьбаю? Вось што ён сёньня адказаў на гэтае пытаньне нашага радыё.

(Касьцян: ) “Што Радыё Свабода, што “Наша Ніва”, што “Белорусская деловая газета”, што “Белорусская газета” — што яны пішуць з нагоды голдынгу і мяне, я проста апошнім часам перастаў чытаць. Таму што ім патрэбныя смажаныя факты, каб прывабіць чытача. І камэнтаваць нічога я не зьбіраюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Але тым ня менш, праверка фінансавых справаў у выданьнях голдынгу ідзе. Чым яна выкліканая?”

(Касьцян: ) “Я ня ведаю. У мяне ніхто не пытаўся і са мною ніхто не ўзгадняў”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі можна чакаць вынікаў праверак?”

(Касьцян: ) “Адкуль я ведаю... Пракуратура ж ня мне падпарадкаваная...”

(Карэспандэнтка: ) “То гэтыя праверкі вядуць па ўласнай ініцыятыве пракуратуры?”

(Касьцян: ) “Менавіта так”.

Новапрызначаны галоўны рэдактар часопісу “Крыніца” Вячаслаў Дашкевіч сказаў, што праверка высьвятляе, у прыватнасьці, чаму рэакцыя карысталася такім вялікім памяшканьнем. На закід у згаданым лісьце, што “Крыніца” нібыта фінансавала “Ведамасьці” Зянона Пазьняка, спадар Дашкевіч адказаў наступнае:

(Дашкевіч: ) “Ведамасьці”? Як яны маглі тут друкавацца? Гэта нейкая лухта атрымліваецца”.

Ранейшыя ж галоўныя рэдактары выданьняў, у якіх працягваюць працу прадстаўнікі ажно шасьці фіскальных органаў улучна з Генпракуратураю, да заканчэньня праверак ад камэнтароў адмаўляюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG