Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ СТАЛАЙ РАДЫ АБСЭ ЖУАЎ ДЭ ЛІМА ПІМЭНТЭЛЬ ДАЎ АДМЫСЛОВУЮ ПРЭСАВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ, ПРЫСЬВЕЧАНУЮ КАНФЛІКТУ ВАКОЛ ГРУПЫ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле словаў прадстаўніка кіраўніцтва АБСЭ, апошні старшы дыплямат ў складзе місіі амэрыканка Мэган Фіцджэральд была адкліканая ў Вену, бо яе прысутнасьць у Менску ня мае сэнсу. Старшыня Сталай Рады АБСЭ сп. Пімэнтэль заклікаў беларускі бок даць канкрэтныя прапановы па зьмене мандату групы АБСЭ, калі афіцыйны Менск лічыць цяперашні мандат неадпаведным. “Замест гэтага беларускія ўлады скардзяцца на ранейшыя падзеі і вядуць абстрактныя размовы пра зьмену мандату, аднак на сёньняшні дзень мы не атрымалі ніводнай прапановы наконт новага мандату. Мы прапануем беларускаму боку гэта зрабіць і будзем выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, каб рушыць наперад па гэтым шляху”, – сказаў старшыня сталай Рады АБСЭ Жуаў дэ Ліма Пімэнтэль.

На пытаньне, ці не перавышала група АБСЭ ў Менску свой мандат, ён адказаў, што большасьць сябраў арганізацыі не падзяляюць такую думку і лічаць, што дзейнасьць былога кіраўніка групы цалкам адпавядала мандату.

Прадстаўнік Партугаліі, якая зараз старшынюе у АБСЭ, выказаў шкадаваньне з прычыны адмовы афіцыйнага Менску працягнуць візы супрацоўнікам групы АБСЭ, што прывяло да замарожваньня яе працы. “Гэта можа толькі пашкодзіць інтарэсам Беларусі” – заявіў Жуаў дэ Ліма Пімэнтэль.

Даючы тлумачэньне, чаму АБСЭ ўвогуле не зачыніць групу ў Беларусі, паколькі яе дзейнасьць фактычна замарожаная, сп. Пімэнтэль адказаў, што, на думку кіраўніцтва арганізацыі, застаюцца яшчэ магчымасьці дасянуць пагадненьня. “Пакуль група працягвае існаваць пад кіраўніцтвам адміністрацыйнай асобы. Мы спадзяемся, што будуць дасягнутыя адпаведныя ўмовы, якія дазволяць групе працягваць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з мандатам і паводле канкрэтнай праграмы” - сказаў старшыня Сталай Рады АБСЭ Жуаў дэ Ліма Пімэнтэль.

Беларускі прадстаўнік у АБСЭ Віктар Гайсёнак заявіў сёньня, што група АБСЭ ў Менску ігнаруе сваю галоўную задачу – спрыяць дзяржаўным органам у разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў. У сваёй заяве сп. Гайсёнак выказаў меркаваньне, што група АБСЭ выкарыстоўвалася для дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне і скампрамэтавала сябе ў вачох ўладаў і насельніцтва. Прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ задаў у сваёй заяве пытаньні: “Чым Беларусь пагражае АБСЭ” і “Якія санкцыі рыхтуюцца супраць Беларусі і хто распрацоўвае іх”? Адказаў на іх пакуль не прагучала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG