Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД СКАРАЦІЎ СЬПІС САЦЫЯЛЬНА ЗНАЧНЫХ ТАВАРАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Ад папярэдняга скарачэньня сьпісу тавараў, якія ўлады лічаць жыцьцёва неабходнымі, не мінула й году: восеньню 2001 ўрад такімі перастаў лічыць алей, яйкі, рыбу й шэраг малочных вырабаў. 27 траўня да гэтага сьпісу далучыліся сьвініна й ялавічына, сасіскі й сардэлькі, а таксама зэльцы й нават лівэрныя каўбасы.

На практыцы гэта азначае, што зьнятыя абмежаваньні на закупачныя кошты й гандлёвыя надбаўкі. Раней гандляры былі абмежаваныя 11% надбаўкі на гэтыя прадукты, цяпер жа змогуць паднімаць надбаўку да 30%. Такім чынам, кожны кіляграм мясной прадукцыі падаражэе ў сярэднім ня менш як на тысячу рублёў. Праўда, у выніку некаторая палёгка чакае вытворцаў і крамы, але гэта новым цяжарам ляжа на плечы спажыўцоў, бо выбару ў пакупнікоў проста не застаецца. Гаворыць намесьніца дырэктара крамы №1 прадпрыемства "Інвастрой" Галіна Рогач:

(Рогач: ) "Ніводнае прадпрыемства ня будзе накручваць менш, бо ня кожнае цяпер можа выжыць. А тавар пойдзе, бо маламаёмыя ўсё роўна ня будуць купляць каўбасу за 6 тысячаў. У выніку гэта ўсё ляжа на плечы пакупнікоў, бо пэнсіянэр ня зможа сабе дазволіць нармалёвы кавалак мяса. Я мяркую па выніках гандлю: у нас у 2-3 разы павялічылася рэалізацыя хлеба й малака".

Прынятая ўрадам пастанова цяпер праходзіць шматлікія юрыдычныя ўзгадненьні й пачне дзейнічаць толькі пасьля апублікаваньня ў СМІ. Таму пакуль кошты застаюцца ранейшымі, але й яны для значнай катэгорыі грамадзянаў не адпавядаюць даходам. Гэта яшчэ раз пацьвердзілі пакупнікі ў адной зь менскіх крамаў.

(Карэспандэнтка: ) "Якую каўбасу вы купляеце звычайна?"

(Пэнсіянэр: ) "Я на гатунак не гляджу, таму што мне важны кошт. Купіў за 2 тысячы 900, але й гэта для пэнсіянэраў дорага".

(Карэспандэнтка: ) "Ці часта вы купляеце каўбасу?"

(Спадарыня: ) "Ня часта. Бо ў мяне дачка вучыцца".

(Пэнсіянэрка: ) "Я ў асноўным вараную купляю. З пэнсіі. Вельмі высокія кошты".

Сацыяльна значнымі харчамі, на якія абмежаванае цэнаўтварэньне, застаюцца пакуль што садавіна й гародніна, хлеб, малако ды некаторыя дзіцячыя кансэрвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG