Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛЕНІНСКІМ СУДЗЕ ГОРАДНІ ЗАЧЫТАЛІ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІКОЛУ МАРКЕВІЧУ І ПАЎЛУ МАЖЭЙКУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На пачатку паседжаньня Мікола Маркевіч заявіў хадайніцтва. Ён лічыць, што адсутнічаюць склад і факт злачынства — значыць, крымінальную справу неабходна закрыць. Судзьдзя Тацяна Клімава хадайніцтва адхіліла. Маўляў, суд якраз павінен усё высьветліць. Калі злачынства не было, тады будзе апраўдальны прысуд.

Сёньня нарэшце пачалося судовае сьледзтва. Пракурор Уладзімер Рабаў зачытаў абвінавачаньне Міколу Маркевічу і Паўлу Мажэйку. Абодвух абвінавачваюць па адным артыкуле — 367, частка 2 Крымінальнага кодэксу.

У абвінаваўчым акце называюцца тры публікацыі ў газэце “Пагоня”. Яны былі зьмешчаныя летась у верасьні — у нумарах 36 і 37. Наклады абодвух пракуратура сканфіскавала ў друкарні. Аўтар першай нататкі “Ідзем на выбары” — Павал Мажэйка, аўтары другой нататкі і верша “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць” — не вядомыя.

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што ў публікацыях прыніжаныя гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы і што ён абвінавачаны ў забойстве сваіх апанэнтаў, у генацыдзе беларускага народу, а таксама ў стварэньні злачыннай арганізацыі або ва ўдзеле ў ёй.

Журналісты сваёй віны не прызналі. Затым адбыўся допыт Паўла Мажэйкі. Пракурор Уладзімер Рабаў падрабязна высьвятляў, як газэтныя публікацыі трапляюць на сайт “Пагоні”. Паколькі абвінавачаньне грунтуецца толькі на цьверджаньні, што матэрыялы сканфіскаваных нумароў нібыта апынуліся потым у Інтэрнэце. Гаворыць Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Шчыра скажу, што адчуваю сябе пасьля дзьвюх гадзінаў допыту, як выціснуты лімон. Найбольш зьдзівіла і ўразіла, што дзяржаўнае абвінавачаньне, пракурор Рабаў спрабаваў увесь час апэляваць такімі тэрмінамі як палітычнае забойства, палітычнае зьнішчэньне. Ня ведаю чаму, але здаецца, што проста яны хацелі апраўдаць прад’яўленае абвінавачаньне ў тым, што быццам бы ў маім артыкуле утрымліваецца паклёп на Аляксандра Лукашэнку і абвінавачаньне яго ў забойстве. Гэта было для мяне найбольш дзіўна”.

У панядзелак 10 чэрвеня суд працягнецца. Допыт чакае Міколу Маркевіча. Судзьдзя папярэдзіла, што допыт зойме 5–6 гадзінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG