Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ БУДУЦЬ ТРАНСЬЛЯВАЦЬ ФУТБОЛЬНЫЯ МАТЧЫ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ


Ігар Карней, Менск

Ягор Рыбакоў не бярэ на сябе адказнасьці за тое, што сотні тысяч беларускіх заўзятараў апынуліся па-за футбольным сьвятам. Наадварот, кажа, што гатовы прыцягнуць да суду расейскія каналы, якія адмовіліся трансьляваць матчы на Беларусь.

(Рыбакоў: ) "Я расцэньваю паводзіны расейскіх каналаў як скрайне недружалюбны крок адносна беларускіх гледачоў. Лічу, што гэта звычайныя маскоўскія штучкі, каб толькі зарабіць грошы. Так званыя мэтры маскоўскага тэлебачаньня абсалютна не клапоцяцца пра інтарэсы гледачоў у краінах СНД. Для іх галоўнае — прыбытак. Стала вядома, што сума паменшыцца, і яны вырашылі выкінуць зь сеткі вяшчаньня краіны СНД. Пляваць ім на меркаваньне тэлегледачоў. Таму ў нас нэгатыўная адзнака дзейнасьці расейскіх калегаў. Маглі б па-сяброўску Эрнст ці Дабрадзееў патэлефанаваць мне ці міністру інфармацыі, маўляў, уступайце ў перамовы".

Між іншым, у патэнцыйных тэлегледачоў іншае меркаваньне. У часе панядзелкавага стыхійнага мітынгу абсалютная бальшыня ўдзельнікаў абвінавачвала ў сытуацыі, што склалася, якраз кіраўніцтва БТ. Паводле меркаваньня падманутых аматараў футболу, у такой сытуацыі кіраўнік тэлебачаньня павінен сысьці з пасады. Нават калі трансьляцыі і пачнуцца 8 чэрвеня, па-за увагай аматараў застануцца 25 папярэдніх сустрэчаў чэмпіянату. Сам Рыбакоў сыходзіць не зьбіраецца.

(Рыбакоў: ) "Тое, што спрабуюць "прышыць" палітыку — на здароўе. Калі мільёны заўзятараў не задаволеныя, вельмі зручна граць на палітыцы. Але ўсе дарослыя людзі і разумеюць, у чым прычына. Адставак ня будзе. Трэба яшчэ шмат чаго зрабіць".

Адметна, што кампанія "Кірх-мэдыя", што валодае манапольнымі правамі на трансьляцыю матчаў па ўсім сьвеце, у якасьці галоўнай умовы трансьляцыі патрабуе, каб рэпартажы падаваліся на беларускай мове.

У штаце спартовай рэдакцыі БТ зараз толькі два камэнтатары, якія вольна валодаюць беларускай мовай — Уладзімер Навіцкі і Аляксандар Пуціла. Ці здолеюць яны ахапіць усе 40 матчаў — застаецца пытаньнем. Сам Ягор Рыбакоў не лічыў за патрэбнае адказваць па-беларуску, калі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі яго пра гэта прасілі.

(Рыбакоў: ) "У нас дзьвюхмоўе, ці вы гэтага не прызнаеце? Але трансьляцыі павінны весьціся на беларускай мове. Гэта ўмова праваўладальніка. Для ўсіх нацыянальных кампаніяў правы прадаюцца на нацыянальнай мове. Для Туніса (ня ведаю, якая там мова) — на іхнай мове, для расейцаў — па-расейску, для ўкраінцаў — па-ўкраінску".

Пры канцы прэсавай канфэрэнцыі Ягор Рыбакоў пахваліўся, што ад сёньняшняга дня Рэспубліка Беларусь валодае поўным правам ня толькі на трансьляцыю, але і на ўвесь матэрыял. А гэта значыць, што можна яго прадаваць — праўда, у межах Беларусі. Пакуль у якасьці пакупніка фармальна фігуруе толькі Рыгор Кісель — кіраўнік 2-га каналу, адкрыцьцё якога павінна супасьці з паўфінальнымі гульнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG