Сьледчая група кангрэсу Злучаных Штатаў правяла першую закрытую сустрэчу, прысьвечаную пытаньню, якім чынам важная інфармацыя, датычная тэрактаў, была праігнараваная спэцслужбамі краіны. У выніку група прыйшла да высновы, што корань памылкі палягае ў тым, што даўжэйшы час ФБР і ЦРУ не хацелі дзяліцца наяўнай у іх інфармацыяй.
У часе наведваньня штаб кватэры нацыянальнай бясьпекі ў Форт Мідзе прэзыдэнт Буш улучыўся ў дэбаты наконт дзейнасьці разьведслужбаў і выказаў думку, што праблемы паміж імі будуць вырашаныя:
“Што ж да таго, ці сапраўды ФБР і ЦРУ мелі паміж сабой належную лучнасьць, то я думаю, відавочна, што такой лучнасьці не было. Цяпер мы паднялі гэтую праблему, і цяпер ФБР і ЦРУ трымаюць блізкую сувязь і як найлепш супольна ўжываюць разьведдадзеныя”.
Пры гэтым прэзыдэнт ЗША дадаў, што ён хвалюецца, каб разбор віны ФБР і ЦРУ не адцягнуў іхнай увагі ад барацьбы з тэрарызмам.
У часе першага паседжаньня сьледчая група кангрэсу вырашала працэдурныя пытаньні, якімі яна будзе кіравацца ў часе сакрэтнага сьледзтва адносна разьведслужбаў, якія каштуюць дзяржаве 30 мільярдаў даляраў штогод.
“Я думаю, што цяпер мы заклалі падмурак,” – сказаў сэнатар-дэмакрат Боб Грэм, які таксама адзначыў, што ўпершыню цягам дзьвюх сотняў гадоў прадстаўнікі Сэнату і Кангрэсу будуць весьці супольнае сьледзтва.
Прадстаўнікі сьледчай групы заявілі, што іхная асноўная мэта – высьветліць. што было ня так у справе ўжываньня сакрэтнай інфармацыі напярэдадні 11 верасьня, і выправіць праблемы. Сябры групы таксама сказалі, што ў сваім сьледзтве яны ня будуць ужываць апошніх сэнсацыйных навінаў адносна памылак спэцслужбаў.
“Мы будзем кіравацца фактамі і паказаньнямі сьведкаў, а ня зьнешнімі сіламі,” – сказаў Грос.
Неакалькі сяброў сьледчай групы заявілі, што ў часе сьледзтва яны будуць вышэй за палітычныя інтарэсы.
Апошнім часам адміністрацыя Буша неаднойчы папярэджвала грамадзянаў краіны адносна магчымасьці новых тэрарыстычных актаў з боку Аль-Кайды. У сувязі з гэтым у панядзелак міністар абароны Злучаных Штатаў Дональд Рамсфэльд паведаміў пра новыя вынікі сьледзтва ў справе тэрактаў 11 верасьня.
Рамсфэльд заявіў, што Ўсама бін Лядэн наўрад ці фармальна кіруе апэрацыямі Аль Кайды, чыя тэрарыстычная дзейнасьць ва ўсім сьвеце застаецца актыўнай.
“На маю думку – сказаў Рамсфэльд – калі б ён быў актыўным, мы б ведалі пра гэта”.
Міністар патлумачыў, што падставы пасіўнасьці тэрарыста нумар адзін невядомыя. Магчыма, ён стрымліваецца зь меркаваньняў бясьпекі, магчыма, пакутуе на якую-небудзь хваробу, а магчыма, яго ўжо няма сярод жывых.
У той самы час Рамсфэльд адзначыў, што ўрад ЗША мае доказы, якія сьведчаць, што іншыя кіраўнікі Аль-Кайды працягваюць зьбіраць грошы і зьвязвацца паміж сабой, хаця, у выніку стратаў у Афганістане і тысячаў арыштаў ва ўсім сьвеце, рабіць гэта ім становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.