Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што ад пачатку году партыя амаль штотыдня атрымлівала адзін ці два лісты зь Міністэрства юстыцыі з заўвагамі альбо папярэджаньнямі. Сёньня “Народнай Грамадзе” вынесьлі трэцяе з пачатку году афіцыйнае папярэджаньне.
Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікаў зьезду наконт зьменаў у статуце партыі й выбараў на кіраўнічыя пасады, матывуючы гэта тым, што ў галасаваньні ўвесь час брала ўдзел не адна й тая ж колькасьць дэлегатаў. Такім чынам, Мінюст атрымаў падставы для спыненьня дзейнасьці партыі.
Мікола Статкевіч лічыць, што сацыял-дэмакраты выклікалі незадавальненьне ўладаў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы.
(Статкевіч: ) “Партыя на прэзыдэнцкіх выбарах паказала сябе як наймацнейшая беларуская партыя — прычым мацнейшая за ўсе астатнія дэмакратычныя разам узятыя. Безумоўна, мы зьвярнулі на сябе ўвагу ўладаў. Працягваецца ціск па ўсіх кірунках — гэта й пасадкі, і ўсе гэтыя гульні зь Мінюстам.
Але цягацца па судах, як кажуць, сабе даражэй. Таму няма праблемаў — не прызнаныя гэтыя папраўкі да статуту, мы склічам зьезд у фармаце ЦК. А потым абмяркуем, як партыя зьбіраецца рыхтавацца, як ідзе працэс падрыхтоўкі дя мясцовых выбараў. Увага ўладаў выкліканая найперш значнасьцю партыі — і ў Беларусі, і за яе межамі. Увага расьце з-за таго, што партыя рэальна рыхтуецца да мясцовых выбараў”.
На пазачарговым зьезьдзе сацыял-дэмакраты плянуюць правесьці паўторнае галасаваньне адмыслова для Мінюста, каб пацьвердзіць вынікі папярэдняга галасаваньня.