Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАРОБКІ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ ВЫДАЮЦЬ ХАРЧАМІ ДЫ ПРАДУКЦЫЯЙ ПРАДПРЫЕМСТВАў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

На Магілёўскім заводзе жалезабэтонных вырабаў №13 заробкі даюць бэтонам і вапнавай рошчынай. Праўда, гэта не азначае, што рабочыя вязуць гэта дадому ці прадаюць на вуліцы. Бугальтары ўтварылі вялікі папяровы ланцуг, з дапамогай якога грошы ад спажыўцоў прадукцыі заводу, якія прыяжджаюць па яе і плацяць гатоўкай, трапляюць адразу ў кішэні рабочых. Іншага выйсьця няма ў сувязі з адсутнасьцю сродкаў на прадпрыемстве, — тлумачыць начальства.

Натуральныя разьлікі па заробках укараняюцца на гарадзкіх прамысловых прадпрыемствах.

На Бабруйскім заводзе “Аграмаш” заробак выдавалі праз уласную краму, куды трапляе прадукцыя падсобнай гаспадаркі. Але выдача заробкаў мясам ды іншымі харчамі — гэта яшчэ ўдача.

У горадзе Горкі супрацоўнікі аддзелу міліцыі “Ахова”, якім завінаваціліся заробкі, неўзабаве даведаліся ад кіраўніцтва, што палову сваіх грошай яны будуць атрымліваць на вэксаль. Рэалізаваць яго можна толькі на харчы, у адной краме на ўскрайку раённага цэнтру.

Кіраўніцтва абласной вэртыкалі настойвае на тым, што запазычанасьці па заробках у сельскай гаспадарцы ня будуць кампэнсаваныя зь бюджэту, як гэта было раней. Калагасам і саўгасам прапанавалі працаваць, прадаваць прадукцыю і зарабляць на жыцьцё самастойна. Між тым, сума запазычанасьці — амаль 6 мільярдаў, ня выплачаныя заробкі яшчэ і за люты.

Выплата часткі заработнай платы харчамі — далёка не навіна для вёскі. Звычайна сьпісы перадаюцца ў калгасныя крамы, дзе можна атаварыцца ў межах сьціплага асартымэнту і высокіх коштаў, што традыцыйна прапаноўвае вясковы гандлёвы манапаліст — спажывецкая каапэрацыя.

Вяскоўцаў пазбаўляюць права распараджацца ўласным заробкам. Але кіраўнікі сельскіх гаспадарак гавораць, што людзі радыя нават такой ня самай лепшай мажлівасьці атрымаць аплату за сваю працу.

Аднак у Бялыніцкім раёне сяляне вельмі нэрвова сустрэлі навіну пра скасаваньне мясцовай уладай грашовых разьлікаў за здадзенае малако. Запазычанасьці ад 1 траўня, днямі паведамілі вяскоўцам на сходах, будуць аддавацца таварамі па сьпісах у вызначаных крамах. Людзі ў адказ адмовіліся здаваць малако дзяржаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG