Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ Ў СФЭРЫ БІЗНЭСУ. ПРАЦЯГ ТЭМЫ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Таіса Мішчанка (Масква), Міхась Лужынскі (Сыднэй), Алеся Сёмуха (Нью-Ёрк).

Сёньня мы працягваем тэму мінулай перадачы “Беларусы ў сфэры бізнэсу”. Гэтым разам падаем іншыя галіны бізнэсу.

Беларуска з Масквы Таіса Мішчанка мае ўласную справу па абранай яшчэ ў маладосьці прафэсіі:

(Мішчанка: ) “Я па спэцыяльнасьці юрыст – адвакат, скончыла Маскоўскі інстытут міжнародных зносінаў і атрымала кваліфікацыю юрыст-міжнароднік.

Напачатку у мяне была мара стаць дыпляматам, паступіла вучыцца на факультэт міжнародных зносінаў, а ўжо потым, як я год правучылася, у інстытуце адчыніўся факультэт міжнароднага права. На той час я ўжо зразумела, што справа савецкага дыплямата – малаактыўная і аднастайная. А новы факультэт міжнароднага права даваў надзейную спэцыяльнасьць і незалежнасьць у жыцьці”.

Пазьней так яно і сталася, але пачынаць давялося зь іншай працы, дзе спатрэбіліся навыкі францускай і ангельскай мовы, набытыя ў інстытуце.

(Мішчанка: ) “Першыя два гады я не працавала па спэцыяльнасьці, бо трэба было зарабіць на кватэру. Мы з мужам, таксама выпускніком інстытуту, працавалі спачатку перакладчыкамі для савецкіх геолягаў, якія шукалі карысныя выкапні ў Нубійскай пустэльні ў Судане. Зарабілі на кватэру, а пасьля ўладкавалася на працу па спэцыяльнасьці, вельмі цікавую.

Працавала я ў замежнагандлёвых аб’яднаньнях міністэрства марскога флёту былога СССР. Вяла справы ў замежных арбітражах і судах. Там мы абаранялі інтарэсы савецкіх параплаўцаў і замежнагандлёвых аб’яднаньняў, вялі перамовы, займаліся распрацоўкай міжнародных транспартных дакумэнтаў. Справы юрыдычныя былі буйныя, шматграшовыя, спрэчныя сумы былі вялікія. Дзеля іх вырашэньня я пабывала ў шмат якіх краінах сьвету. У выпадку судовых разьбіральніцтваў трэба было працаваць разам з замежнымі адвакатамі, гэта быў вельмі карысны досьвед”.

Набыты вопыт спатрэбіўся для арганізацыі ўласнага бізнэсу, які стаў магчымым, калі пачалася так званая “перабудова”.

(Мішчанка: ) “Гэта здарылася дзесьці ў канцы 1980-х, калі савецкія фірмы пачалі пераходзіць на так званы “гаспадарчы разьлік”. Тады мы са сваім юрыдычным калектывам стварылі фірму “Юрінфлот”, а ўжо пасьля распаду СССР, мы – высокакваліфікаваныя юрысты, якія працавалі раней у аб’яднаньні “Совфрахт”, стварылі сумеснае прадпрыемства з двумя самымі буйнымі ангельскімі клюбамі ўзаемнага страхаваньня. Некаторы час мы працавалі як СП, гэта была ўжо абсалютна недзяржаўная ўстанова.

З цягам часу мы ўступілі нашай фірмаю, такім адвакацкім таварыствам, у адну з адвакацкіх калегій і сталі працаваць як адвакаты. Ня тое, каб гэта была мая асабістая фірма, нас некалькі чалавек, гэта сумесная адвакацкая міжнародная фірма.

Зараз працуем пераважна ў расейскіх судах, дзе абараняем як замежных нашых кліентаў, часам такія фірмы, якія працуюць з намі шмат гадоў, зьявіліся і новыя кліенты – новы расейскі бізнэс, я працую са сфэраю гэтага бізнэсу”.

На наша пытаньне пра тое, як працуецца адвакатам з гэтым новым расейскім бізнэсам, сп. Таіса сказала, што ім ня стала лягчэй.

(Мішчанка: ) “Цяжэй, не таму, што справы юрыдычна сталі больш складанымі, тэорыя засталася такая ж, новыя законы у Расеі цудоўныя, я лічу, добра распрацаваныя. Але ў звычайнай справе, у звычайным грамадзянскім судзе арбітражным, амаль у кожнай ёсьць дамешак крыміналу, з-за гэтага цяжка. Бізнэс разьвіваецца, ідзе наперад, але, напэўна, адстае прававая сыстэма –судовая, юрыдычная.

Мы набраліся сусьветнага досьведу, вельмі добрага і высокаўзроўневага, а ў наш час… напэўна, не прыйшоў для яго час. Зараз у Расеі крыху іншыя стасункі, узаемаадносіны.

У Расеі бізнэс ідзе нецывілізаваным шляхам. Можа наладзіцца, дасьць Бог, але калі? Ня бачу я таго прасьвету, калі гэта можа здарыцца, пакуль ідзе да горшага, не да лепшага. Гэта з майго досьведу, можа хто мае лепшы досьвед”.

Адвакат Таіса Мішчанка і яе калегі не працуюць з крымінальнымі справамі, а толькі з эканамічнымі, але і тут часта сутыкаюцца са злачынствамі і не адчуваюць сябе абароненымі.

(Мішчанка: ) “Страшна. Адзін мой калега ў па-за мінулым годзе атрымаў цяжкую траўму. Часта б’юць па галаве, у літаральным сэнсе. Калі адчуваеш, што вельмі крымінальная справа, дык не бяры”.

Мы папрасілі сп. Таісу распавесьці пра нейкую адметную справу.

(Мішчанка: ) “Ведаеце, гэта проста кожную справу трэба браць і пра яе распавядаць.

Ужо ў часы перабудовы, недзе ў 1995 ці 1996 годзе была ў нас адна такая справа, дзе я вярнула з замежжа ня тое каб скрадзеныя, але вывезеныя параплаўствам з Далёкага Ўсходу амаль 10 млн. даляраў”.


Міхась Лужынскі з Сыднэю належыць да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Большую частку сваёй працоўнай кар’еры аддаў галіне энэргетыкі, працаваў інспэктарам электрычнай кампаніі на свой штат. А потым вырашыў заняцца бізнэсам, таму што гэта фінансава больш выгадна, прыватнай ініцыятыве спрыяе ўстаноўленая ў Аўстраліі сыстэма падаткаў.

(Лужынскі: ) “Калі вы працуеце, то падаткі з вас бяруць 20-25%. А калі вы маеце бізнэс, то усё разьлічваецца інакш і, можа, вы ня так шмат заробіце, але большая частка застанецца ў вашым бізнэсе”.

Сп. Лужынскі купіў фірму, якая займалася бізнэсам, што блізкі да душы шмат каму зь беларусаў.

(Лужынскі: ) “Гэта было дрэва, прадаваў, купляў дрэва. Пераважна платы ставілі, платы, што між хатамі стаяць, тут прынята адгарадзіцца ад суседа кругом”.

Сапраўды, для побытавай культуры Аўстраліі характэрна абгарадзіць шчыльным плотам участак зямлі за домам плошчаю звычайна каля 10 сотак, каб сям’я мела сваю прыватную прастору. А якое дрэва звычайна ўжываецца?

(Лужынскі: ) “Найважнейшым ёсьць эўкаліпт, яго ёсьць 235 відаў паводле батанічных назоваў. Ён цьвярдзейшы за наш дуб. Гэта дрэва, наагул, вельмі цікавае і прыгожае, на яго можна паглядзець. Дык гэты эўкаліпт быў маім асноўным бізнэсам”.

З эўкаліпта, які складае пераважную частку аўстралійскага бушу – лесу, робяць яшчэ шмат чаго.

(Лужынскі: ) “Рамы, слупы электрычныя, яны стаяць пад 50 гадоў, такое гэта цьвёрдае дрэва, надзвычайна”.

Фірма сп. Лужынскага дзейнічала пасьпяхова.

(Лужынскі: ) “О, гэта была такая “капальня золата”. Як я пачаў, мне было за 50 гадоў і я не хацеў так ужо разрастацца многа. Гэта вельмі прыбытковы быў бізнэс”.

Са сваёй фірмаю сп. Лужынскі ня меў лішніх клопатаў, бо інтарэсы прыватнага бізнэсу ў Аўстраліі надзейна абароненыя законамі, парушаць якія не выгадна.

(Лужынскі: ) “Праблемаў, фактычна, не было. Калі вы працуеце і плаціце падаткі, дык няма бяды ніякай, ніхто да вас ня можа прычапіцца”.

Аднак праблемы прынясло само жыцьцё.

(Лужынскі: ) “Цяпер, пераважна, робяць жалезныя платы, такія прыгожыя, чыстыя. Але, магчыма, для Аўстраліі і ня вельмі добра, таму што тут дрэва расьце вельмі шмат. Шкада, але ва ўсякім разе людзі яшчэ многа будуюць гэтых драўляных платоў.

Шкадаваць варта, бо эўкаліпт – гэта не толькі ў пэўным сэнсе “золата” Аўстраліі, але і вялікая праблема гэтага кантынэнту. Дрэвы належаць да разнавіднасьці міртавых, пад пякучым аўстралійскім сонцам яны вылучаюць эфірныя алеі, і гэтыя алейныя пары ахутваюць буш шэра-блакітнаю дымкаю. Гэтая выбуховая сумесь лёгка загараецца нават ад шкельца, якое сканцэнтруе сонечныя прамяні. Тады дрэвы літаральна ўзрываюцца і агонь імгненна апаноўвае вялізныя плошчы. Кожнае лета Аўстралія пакутуе ад гэтых лясных пажараў. Высечка лесу шмат дзе можа зьменшыць небясьпеку”.


Сярод новай беларускай эміграцыі, якую пераважна складаюць маладыя людзі, ёсьць і тыя , хто пасьпяхова пераадолеў праблемы адаптацыі і знайшоў сваё мейсца ў іншай эканамічнай сістэме.

Распавядае Алеся Сёмуха З Нью-Ёрку, яна прыехала ў ЗША ў 1995 годзе:

(Сёмуха: ) “Па прыездзе ў Нью-Ёрк мне давялося шукаць працу, як і ўсім, хто прыяжджае. Працу ў дзяржаўнай галіне здабыць напачатку нялёгка, трэба мець шмат дакумэнтаў, пэўныя рэкамэндацыі. Таму, калі людзі прыяжджаюць, яны звычайна ідуць найперш у прыватны бізнэс. Такім чынам і я патрапіла ў прыватную фірму.

Я працую ў кампаніі, якая называецца “Berlitz Globalnet”. Шмат хто са слухачоў, магчыма чуў назву кампаніі, бо мы маем шмат моўных школаў у розных краінах сьвету. Але мая кампанія, мая частка кампаніі, дакладней, займаецца пераважна перакладамі праграм, дакумэнтацыі і г.д.

Я працую мэнэджэрам дэпартамэнту маркетынгу на Паўночную Амэрыку. Фактычна ўся праца па маркетынгу, прапаганда прадукцыі і сэрвісу кампаніі ляжыць на мне, для Канады і для ЗША. Гэта тое, што звычайна ўваходзіць у сфэру маркетынгу ў прыватным бізнэсе – Інтэрнэт, брашуры, рэкляма, канфэрэнцыі і г.д.”

Сп. Алеся тлумачыць свае посьпехі ў кар’еры наступным чынам:

(Сёмуха: ) “Я думаю, што самае важнае для таго, каб атрымаць добрую працу – гэта настойлівасьць і ўпэўненасьць у сваіх ведах і магчымасьцях.

Калі я атрымала сваю першую працу ў маркетынгу, я шмат вучылася. Брала на сябе шмат абавязкаў, якія не ўваходзілі ў маё непасрэднае кола абавязкаў. Я думаю, што адно зь вельмі важных адрозьненьняў амэрыканскае працы ад беларускай – гэта тое, што ініцыятыва тут вельмі ўхваляецца. Я на сябе шмат брала ініцыятывы і ўрэшце прасоўвалася мая кар’ера ўгору”.

У Беларусі спн. Алеся скончыла беларускую філялёгію Белдзяржунівэрсытэту. Яна лічыць, што атрыманая раней адукацыя ня ёсьць галоўнаю ўмоваю посьпеху ў працы.

(Сёмуха: ) “Думаю, што шмат у чым гэта справа індывідуальная. Вельмі важна тут мець пэўную цьвёрдасьць характару і ўпартасьць, каб дамагчыся таго, што хочаш. Наша адукацыя, яна прыдатная, калі чалавек можа зь яе скарыстацца. Вядома, што Біл Гейтс – прэзыдэнт кампаніі Miсrоsoft – ня скончыў нават вышэйшай адукацыі, але ён самы багаты чалавек сьвету. Важныя пэўныя рысы характару, адукацыя ня ёсьць усё.

Адна, можа, з найбольш цяжкіх рэчаў – гэта патрэба ў пэўным сэнсе адкінуць… я лепш удакладню, адкрыць свой розум для новых рэчаў і вучыцца, не перапыняючыся.

Я думаю, што ў Амэрыцы самае важнае – гэта мець жаданьне чагосьці дасягнуць. Калі людзі сапраўды чагосьці хочуць, яны маюць магчымасьць гэта здабыць. Гэта як бы выяўлена у так званай “амэрыканскай мары”. Але, магчымасьці сапраўды ёсьць. Яны вымагаюць шмат сілаў, але яны ёсьць”.

На пытаньне, ці працуе яшчэ нехта зь беларусаў у іх фірме, сп. Алеся адказала станоўча.

(Сёмуха: ) “Наша фірма якраз вельмі інтэрнацыянальная, таму што мы займаемся перакладамі, і ў нас у Нью-Ёрку ў офісе працуе некалькі чалавек з краінаў былога СССР. Ёсьць адзін вельмі малады хлопец, ён працуе часова пакуль, зь Менску. Мы калі сустракаемся зь ім у калідоры, заўсёды гаворым па- беларуску”.

А вось якую думку мае сп. Алеся Сёмуха пра бізнэс у сучаснай Беларусі:

(Сёмуха: ) “Найбольшы бізнэсмэн у Беларусі – гэта дзяржава. Дзяржава, як і паўсюль, па ўсім сьвеце, не ёсьць добрым бізнэсмэнам. Амэрыканцы гэта вельмі добра разумеюць і ведаюць, таму яны не дазваляюць дзяржаве выходзіць за пэўныя межы бізнэсу.

Мне цяжка гаварыць пра бізнэс у Беларусі, але, відаць, тыя пачаткі беларускага бізнэсу, якія ёсьць – гэта ўжо добрая справа. Заўсёды трэба пачынаць з чагосьці, і які б бізнэс цяпер у Беларусі ня быў, факт таго, што ён ёсьць, закладае пэўныя веды, пэўныя жаданьні, пэўныя асновы і падставы дзеля будучага накапленьня і разьвіцьця. Так што я думаю, што, які б ён ня быў, чым больш прыватнага бізнэсу ёсьць у Беларусі, тым лепш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG