Пасьля няўдачы расейскага і кітайскага кіраўнікоў – Уладзімера Пуціна і Цзыянг Цзэміня – прэзыдэнт Расеі сказаў, што яго вельмі хвалюе магчымасьць інда-пакістанскай вайны, бо ўжо наяўныя ўзаемаадносіны пагражаюць сур’ёзна дэстабілізаваць сытуацыю ва ўсім Паўдзённа-Азыяцкім рэгіёне.
Асноўная перашкода для сустрэчы паміж прэм’ер міністрам Індыі Ваджпаі і прэзыдэнтам Пакістану Мушарафам – адмова Дэлі весьці якія б там ні было размовы з Ісламабадам, пакуль Пакістан ня зробіць крокаў для спыненьня нападаў ісламскіх ваяўнікоў з пакістанскай на індыйскую тэрыторыю.
У часе сёньняшняй сустрэчы ў Алма-Аце Ваджпаі і Мушараф знаходзіліся ў аднэй залі, дзе прэзыдэнт Пакістану падаваў сябе як лідэр мірнай краіны, якой пагражае ваяўнічы сусед:
“Мы ня хочам вайны. Мы ня будзем яе пачынаць. Але ў выпадку атакі мы будзем абараняцца ўсімі магчымымі сродкамі”.
Апрача гэтага, Мушараф спрабаваў паказаць сябе чалавекам, гатовым да перамоваў у справе Кашміру:
“Мы неаднаразова заяўлялі, што заміж абвінавачаньняў, пагрозаў і павелічэньня напружанасьці мы мусім вярнуцца на шлях дыялёгу і перамоваў”.
Але прэм’ер-міністар Індыі Ваджпаі адхіліў прапановы Мушарафа, улучна з якімі заўгодна перамовамі, да таго часу, пакуль Пакістан ня спыніць напады ісламскіх ваяўнікоў на тэрыторыю Індыі:
“Што тычыцца занепакоенасьці інда-пакістанскім дыялёгам, дык Індыя заўсёды выступала ініцыятарам такога дыялёгу. Цягам апошніх 6 гадоў я быў у Лагоры і запрашаў Мушарафа ў Агру. Мы шмат разоў паўтаралі, што хочам абмеркаваць з Пакістанам усе пытаньні ўлучна з Джаму і Кашмірам. аднак для гэтага спачатку трэба спыніць памежны тэрарызам”.
Мушараф адказаў на гэта:
“Мы ня можам патураць сквапнай палітыцы некаторых дзяржаваў, якія гвалтам займаюць тэрыторыі і дзесяцігодзьдзямі адмаўляюць у праве на волю для жыхароў гэтых тэрыторыяў”.
На гэта Ваджпаі запярэчыў, што правы мусульманаў у Кашміры не парушаюцца.
Урэшце пазыцыі бакоў засталіся нязьменнымі, што толькі павялічыла пагрозу вайны. Паведамляецца пра тысячы ўцекачоў з абодвух бакоў інда-пакістанскай мяжы ў Кашміры, дзе працягваецца гарматная перастрэлка.
Цяпер канфлікт паспрабуюць залагодзіць Злучаныя Штаты, якія высылаюць у рэгіён прадстаўніка дзяржаўнага дэпартаманту Рычарда Армітаджа, да якога пазьней далучыцца і міністар абароны Дональд Рамсфэльд.
Апрача інда-пакістанскага канфлікту, дамінантай сёньняшняга дня Алма-Ацінскай канфэрэнцыі было пытаньне тэрарызму. Прадстаўнікі 16 краінаў далучыліся да дэклярацыі аб гатовасьці змагацца зь міжнародным тэрарызмам і падпісалі пагадненьне "Алма-Ацінскі акт".
Гэты дакумэнт называе сэпаратызам адной з асноўных тэрарыстычных пагрозаў. Падпісанты абавязаліся не падтрымліваць сэпаратысцкія рухі на тэрыторыях іншых краінаў-удзельніцаў.
Кітайскі лідар Цзыянг Цзэмінь парасіў прысутных дапамагчы ў барацьбе супраць уйгурскіх мусульманаў, якія змагаюцца за стварэньне краіны “Ўсходні Туркестан” і, паводле Цзэміня, зьяўляюцца тэрарыстамі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, чыя краіна мае праблему Чачні, сказаў, што трэба назваць сапраўдную прычыну экстрэмізму:
“Сёньня, кажучы пра новыя глябальныя пагрозы, нельга забывацца пра іхныя падставы. Яны ўзьнікаюць і ў выніку беднасьці і адсталасьці, а таксама росту разрыву паміж разьвітымі краінамі і краінамі разьвіцьця".
І ўсё ж ніякага канчатковага пагадненьня ў справе сэпаратызму падпісана не было, бо некаторыя ўдзельнікі выказалі і іншыя думкі. Так, прадстаўнік Эгіпту сказаў, што трэба адрозьніваць тэрарызм ад права людзей супраціўляцца агрэсіі з боку ўладаў іншых краінаў.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі вайну ў Афганістане. Шмат хто зь іх патрымаў апэрацыі ЗША ў справе зьнішчэньня тэрарыстаў Талібану і Аль-Кайды.
Тым часам сёньня ў часе інтэрвію японскім журналістам Аляксандар Лукашэнка сказаў, што зьнішчэньне арганізацыі Аль-Кайда і арышт Усамы бін Лядэна – гэта вельмі спрошчанае разуменьне праблемы міжнароднага тэрарызму. Пры гэтым Лукашэнка выказаў аднолькавую з Пуціным думку, што прычынай тэрарызму ёсьць: “страшэннае багацьце адных і страшэнная галеча другіх”. Пры гэтым ні Лукашэнка, ні Пуцін не патлумачылі, хто бедны і хто багаты ў інда-пакістанскім альбо чачэнска-расейскім канфлікце.