Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА АД’ЕЗД ЗЬ БЕЛАРУСІ ЭНДРУ КАРПЭНТЭРА: “ДЫПЛЯМАТЫЧНАЯ ЧЫСТКА Ў МЕНСКУ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Менскія ўлады не падоўжылі тэрміну візы чарговаму дыплямату АБСЭ. А напярэдадні кіраўнік беларускага КГБ Леанід Ерын абвінаваціў супрацоўнікаў місіі АБСЭ ў шпіёнскай дзейнасьці, якая шкодзіць Беларусі”, – піша ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza”.

Газэта адзначае, што Менск хоча альбо зьмяніць статус місіі, перадусім што да яе кантактаў з апазыцыяй і недзяржаўнымі арганізацыямі, альбо ўвогуле пазбавіцца прадстаўніцтва АБСЭ.

Паводле “Gazetу Wyborczej”, сытуацыя з АБСЭ ў Беларусі небясьпечная яшчэ і тым, што па сьлядох афіцыйнага Менску могуць пайсьці і тыя краіны былога СССР, дзе ўлады ня хочуць прытрымлівацца дэмакратычных стандартаў і парушаюць правы чалавека.

Сытуацыю ў Беларусі Радыё Свабода пракамэнтаваў былы міністар замежных справаў і фінансаў Польшчы, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Польшчы, а цяпер адзін зь лідэраў найвялікшай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская пляцформа” Анджэй Аляхоўскі.

(Аляхоўскі: ) “Пазыцыя маёй партыі ў справе Беларусі супадае з пазыцыяй усёй Эўропы, якая вельмі хацела б бачыць Беларусь у сваёй сям’і. Але для гэтага трэба выконваць пэўныя ўмовы. Гэтыя ўмовы насамрэч ані цяжкія, ані непрыемныя – не парушаць правы чалавека, выконваць дэмакратычныя нормы і забясьпечваць магчымасьці для разьвіцьця рынкавай эканомікі. На жаль, Беларусь гэтага ня робіць, і таму яе паводзіны для нас непрымальныя. Мы чакаем на зьмены”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Аляхоўскі, сярод камэнтароў польскіх аналітыкаў у справе апошніх падзеяў у Беларусі можна пачуць, што афіцыйны Менск паводзіць сябе такім чынам, бо мае на гэта дазвол Масквы, а тая, у сваю чаргу, атрымала ад Захаду поўны кантроль над Менскам як частку аплаты за пацяпленьне адносінаў з NATO і Эўразьвязам. Што вы аб гэтым думаеце?”

(Аляхоўскі: ) “Думаю, што гэта ня праўда. Сёньня мы вельмі аптымістычна глядзім на зьмены, якія апошнім часам адбываюцца ў Расеі. Але калі за гэтымі зьменамі ў замежнай палітыцы ня будзе зьменаў унутраных – дэмакратызацыі і гаспадарчых зьменаў, то гэткая зьнешняя палітыка ня будзе трывалай. Нікому не зашкодзіць, калі дэмакратычная Расея будзе мець блізкія стасункі з дэмакратычнай Беларусьсю. Гэтага няма чаго баяцца. Але калі Расея ўсё ж ня зможа ўмацаваць сваю дэмакратыю, дык яна ня зможа быць сталым партнэрам Эўропы і Злучаных Штатаў. Тады нічога не атрымаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG