Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ ЯДЗЕРНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ ІНДЫІ І ПАКІСТАНУ АДМАЎЛЯЮЦА СУСТРАКАЦЦА, НЯГЛЕДЗЧЫ НА ПРЫСУТНАСЬЦЬ АБОДВУХ У КАЗАХСТАНЕ


Віталь Тарас, Прага

Мушараф прыбыў сёньня ў Казахстан з Душанбэ, дзе ён сустракаўся напярэдадні з прэзыдэнтам Таджыкістану. Учора Пэрвез Мураш заявіў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Рахмонавым:

“Я запэўніў яго, што Пакістан супраць вайны. Мы за мір. Мы падтрымліваем вырашэньне канфлікту празь мірныя мэтады. Мы за зьмяншэньне напружанасьці. І я паўтарыў прэзыдэнту, што Пакістан ня будзе ініцыятарам вайны”.

Мушараф прыбыў у Казастан празь дзень пасьля індыйскага прэм’ер-міністра Атала Ваджпаі. Яшчэ ўчора, адразу па прыбыцьці ў Алматы, Ваджпаі абверг магчымасьць сваёй сустрэчы зь лідэрам Пакістану да таго моманту, пакуль Пакістан ня спыніць пранікненьне тэрарыстаў у Кашмір.

Абодва лідэры прыехалі на запрашэньне прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Тут у аўторак пачнецца чарговая рэгіянальная канфэрэнцыя ў праблемах даверу і міжнароднай бясьпекі ў Азіі. Пра яе мэты прэзыдэнт Назарбаеў паведаміў журналістам на прэсавай канферэнцыі:

“Узгоднены для падпісаньня галоўны дакумэнт – Алмацінскі Акт, які гаворыць аб мэтах і задачах мэханізму ажыцьцяўленьня захадаў уземадзеяньня й даверу. І будзе прынятая дэклярацыя аб барацьбе з тэрарызмам”.

Апошняя фраза вельмі важная, бо Індыя лічыць, што пакістанскі бок падтрымлівае тэрарыстаў, і патрабуе ад Ісьлямабаду спыніць іхнае пранікненьне праз індыйска-пакістанскую мяжу. Падчас прэсавай канфэрэнцыі Важпаі выказаў падзяку казахскаму кіраўніцтву:

“Мы вельмі ўдзячныя Казахстану, які падтрымаў Індыію пры абраньні яе сябрам Рады бясьпекі ААН. Мы таксама ўздзячныя за разуменьне нашае пазыцыі і палітыкі што да напружанасьці, якая ўзьнікла з-за тэрарызму”.

Акрамя Індыі і Пакістану, у канфэрэнцыі ўдзельнічаюць яшчэ чатырнаццаць азіяцкіх дзяржаваў. Таму працэс прыняцьця канчатковага акту будзе складаным – падкрэсьліў Назарбаеў:

“Такія дакумэнты нялёгка ўзгадняюца, таму што ў Азіі ёсьць шмат праблемаў. Але тое, што гэтыя дзяржавы праявілі волю (акрамя таго, будуць удзельнічаць шэсьць дзяржаваў-назіральнікаў) гаворыць пра вялікую цікавасьць. І мы, натуральна, усім удзячныя за тое. што яны прыбываюць у Алматы дзеля абмеркаваньня агульных для нас задач”.

Індыя і Пакістан валодаюць ядзернай зброяй. І хаця Індыя заяўляе, што трымае сытуацыю пад кантролем, а Пакістан выказвае гатовасьць да мірных перамоваў, пэрспэктывы разьвязаньня канфлікту пакуль не відно. На мінулым тыдні міністар абароны Вялікай Брытаніі Джэк Стро заявіў, што, без сумневу, Пакістан у мінулым падтрымліваў пранікненьне ісламскіх узброеных экстрэмістаў на індыйскую тэрыторыю ў Кашміры. Зараз пасярэдніцтва ў вырашэньні канфлікту прапанавалі расейскі прэзыдэнт Пуцін і прэзыдэнт Кітаю Чжан Цзэмін. Кожны зь іх падчас гэтай канфэрэнцыі будзе сустракацца асобна і з Мушарафам, і з Ваджпаі. Але няма пакуль ніякіх гарантыяў, што гэтая пасярэдніцкая місія завершыцца посьпехам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG