Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭНДРУ КАРПЭНТЭР ПАКІДАЕ МЕНСК


Валер Каліноўскі, Менск

Эндру Карпэнтэр меў дыпляматычную акрэдытацыю да 14 жніўня гэтага году. Такая акрэдытацыя звычайна дае права на аўтаматычнае атрыманьне візы. Але афіцыйны адказ на ягоны запыт аб падаўжэньні візы зь беларускага МЗС паступіў толькі сёньня, прычым адказ своеасаблівы. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Беларускія ўлады адмовілі Эндру Карпэнтэру ў прадаўжэньні візы. У сувязі з гэтым дыпляматычная картачка Эндру Карпэнтэра адкліканая з 4 чэрвеня бягучага года. Гэта ўся афіцыйная пазыцыя, якую я магу вывкласці”.

Сам Эндру Карпэнтэр пацьвердзіў РС, што пакідае сёньня Беларусь:

(Карпэнтэр: ) “Так, гэта правільна. Па камэнтары ж я хачу зноў накіраваць вас да прэсавага сакратара партугальскага старшынёўства АБСЭ спадара Капіньі”.

Спадар Карпэнтэр, такім чынам, згодна з інструкцыямі свайго кіраўніцтва ніяк не камэнтаваў гэтую сытуацыю.

Тым часам ягоная калега з групы АБСЭ Аліна Жосан паведаміла радыё “Свабода”, што сёньня ў спадара Карпэнтэра быў звычайны працоўны дзень у офісе КНГ АБСЭ – ён праводзіў сустрэчы, а ўвечары пакідае Менск. Апошнія дні ў Менску – з 1 па 3 чэрвеня – спадар Карпэнтэр правёў у сябе дома.

Такім чынам, Эндру Карпэнтэр стаўся трэцім выканаўцам абавязкаў кіраўніка групы АБСЭ, якога беларускія ўлады прымусілі пакінуць краіну. Летась у сьнежні Менск пакінуў Ганс Георг Вік, у красавіку з прычыны адмовы ў прадаўжэньні візы зьехаў Мішэль Рывалье.

Вядомы дыплямат, былы намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў сведчаць пра тое, што яны прынялі рашэньне пазбавіцца місіі АБСЭ ў Беларусі:

(Саньнікаў: ) “Тое, што яго пазбавілі акрэдытацыі – гэта такі вельмі рэзкі крок. Таму што павінны быць пэўныя падставы для таго, каб пазбавіць акрэдытацыі міжнароднага чыноўніка, пакуль дзейнічае мандат групы АБСЭ, узгоднены зь Беларусьсю і падпісаны беларускімі ўладамі. І вось падставаў для пазбаўленьня гэтай акрэдытацыі ўвогуле няма: ён не парушаў законы, ён не займаўся дзейнасьцю, несумяшчальнай зь дзейнасьцю прадстаўніка АБСЭ. І таму гэта пэўны выклік АБСЭ. Я лічу, што зараз павінна быць адпаведная рэакцыя. Такія паводзіны беларускіх уладаў могуць справакаваць вельмі адмоўную рэакцыю АБСЭ”.

На думку спадара Саньнікава, спасылка МЗС пры ануляваньні акрэдытацыі спадара Карпэнтэра на тое, што ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня візы, нікчэмная – яна сьведчыць аб адваротнай лёгіцы чыноўнікаў МЗС, бо віза залежыць ад акрэдытацыі, а не наадварот:

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што зараз тэндэнцыя такая, каб выціснуць місію. Але гэта не азначае, што місія спыняецца. Тут могуць быць іншыя падыходы. Я не хацеў бы зараз казаць пра гэта, але ж місія аўтаматычна не зачыніцца ад таго, што зьедуць прадстаўнікі АБСЭ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG