Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКАЯ ТЭЛЕВІЗІЯ ЗАКРЫЛА ШТОТЫДНЁВУЮ БЕЛАРУСКУЮ ПРАГРАМУ


Тацяна Поклад, Вільня

Беларуская праграма «Віленскі сшытак», як і ўсе іншыя аўтарскія праграмы – як на мовах нацыянальных мяншыняў, так і на літоўскай мове – зьніклі з экранаў ЛРТ (Літоўскі нацыянальны тэлеканал) з 1 чэрвеня . Усе праграмы закрытыя на тры з паловай месяцы, а пасьля іх лёс будзе вырашацца. Спачатку меркавалася, што ў летні час беларуская ды ўсе іншыя праграмы будуць прынамсі зьяўляцца на экране ў паўторах, бо адміністрацыя нейкі час ня мае магчымасьці аплочваць стварэньне новых праграмаў. Але ад гэтай ідэі адмовіліся як канцэптуальна ня слушнай. Цяпер эфір Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі – адзінага ў Літве публічнага тэлеканала – будзе запоўнены фільмамі і інфармацыйнымі праграмамі. Усе мовы нацыянальных мяншыняў перастануць гучаць увогуле.

Дэпартамэнт па справах ўцекачоў і нацыянальных мяншыняў пры ўрадзе Літвы ўзяўся весьці перамовы з Кіраўнічай радай ЛРТ наконт далейшага лёсу праграмаў для мяншыняў. Пра вынікі паведамляе намесьнік дырэктара Дэпартамэнту Станіславас Відтманас.

(Відтманас: ) “Адміністрацыя ЛРТ хапаецца за ўсё, каб зьменшыць расходы на функцыяваньне каналу, бо мае вялізны доўг – каля 17 млн. літаў. Паколькі ўлетку аўдыторыя гледачоў мяняецца, вырашылі на гэты час адмовіцца ад усіх аўтарскіх праграмаў. Гэта толькі перапынак.

Праблема ў тым, што ад 1997 г. стала зьмяншаецца эфірны час праграмаў на мовах нацыянальных мяншыняў і ў горшы бок зьмяняецца час трансьляцыі – апошнім часам яны йшлі рана раніцай, па суботах і нядзелях. І сытуацыя пагаршаецца.

Нацыянальныя мяншыні маюць засьцярогу, што адміністрацыя ўвогуле хоча зьнішчыць іх праграмы.

За час перапынку мусіць быць высьветлена – ці ня варта больш праграмаў прысьвяціць інфармаваньню шырэйшага грамадзтва ў Літве на тэмы мяншыняў. Ня толькі і ня столькі на мовах мяншыняў, але больш на літоўскай мове.

Кіраўнічая рада ЛРТ адказная за выкананьне місіі Радыё і Тэлевізіі. Праграмы мяншыняў – частка гэтае місіі.Словам, трэба шукаць спосаб, каб гэтыя праграмы занялі адпаведнае месца на Літоўскім Радыё і Тэлевізіі”.

Усяго на ЛРТ ў рэдакцыі “Сантарве” (“Згода”) існавала 6 аўтарскіх праграмаў на мовах нацыянальных мяншыняў, у тым ліку і беларуская праграма “Віленскі сшытак”. Гэтая праграма займала першыя месцы у тыднёвых рэйтынгах рэдакцыі, маючы гледачоў ў 5 – 10 разоў больш за іншыя. Беларуская праграма зьявілася на самым пачатку адраджэньня літоўскай нацыянальнай незалежнасьці і ніколі ня мела перапынкаў.

Адміністрацыя тэлевізіі прапануе за лета правесьці конкурс праграмаў, але на цяперашні час усе творчыя работнікі звольненыя.

Рэдакцыя “Сантарве” мяркуе, што ёсьць і іншы погляд на праблему. Гаворыць галоўны рэдактар праграмы “Ментора” з рэдакцыі “Сантарве” Віталь Каракорскі.

(Каракорскі: ) “Рэйтынгі – гэта чыста камэрцыйны погляд на праблему, які не павінен стасавацца да перадачаў нацыянальных мяншыняў. Гэта не эўрапейскі погляд. Ёсьць эўрапейскія стандарты і яны кажуць нам, што сытуацыя з нацыянальнымі мяншынямі не павінна пагаршацца. Павінна толькі паляпшацца. Сёньня я якраз меў размову з экспэртамі Камісіі супраць расізму і неталеранцыі з Рады Эўропы. Яны былі вельмі зьдзіўленыя тымі працэсамі, якія адбываюцца на літоўскай тэлевізіі”.

Тут, у Літве, ўсе адзінадушна цьвердзяць, што адзіная прычына зьнікненьня беларускай і ўсіх іншых аўтарскіх праграмаў на ЛРТ – цяжкае фінансавае становішча, якое вымагае камэрцыялізацыю гэтага адзінага ў Літве публічнага тэлеканалу. А калі няма грошай, не спрацоўваюць і самыя важкія палітычныя і ідэалягічныя аргумэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG