“Суботні дыялёг Ірыны Халіп”: Гутарка з эколягам Валерыем Дранчуком. 1 чэрвеня
Апошняе апытаньне грамадзкае думкі лябараторыяй “Новак” паказала, што на другое месца па важнасьці беларусы ставяць экалягічныя праблемы. Ці змогуць зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці выратаваць хаця б Белавескую пушчу? Слухайце ў “Суботнім дыялёгу” меркаваньне вядомага эколяга Валерыя Дранчука.
"Беларускі дыялёг на Інтэрнэце". 2 чэрвеня
Сярод тэмаў чарговага выпуску перадачы вы пачуеце: Інтэрнэт як фактар грамадзянскай супольнасьці. Інтэрвію з адным са стваральнікаў старонкі віцебскага моладзевага цэнтру “Верас” Яраславам Манцэвічам. Адпачынак у Беларусі: парады ў сеціве даюць “чатыры капітаны”. І футбольны чэмпіянат сьвету 2002 у віртуальнай прасторы: заўзятарам на зацемку.
“Сучасныя мэмуары”. 2 чэрвеня
Пасьля сьмерці Міхала Дубянецкага , колішняга дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, застаўся цэлы чамадан ягоных дзёньнікавых запісаў, што рабіліся для памяці, для сябе. У сваіх апошніх нумарах іх пачаў друкаваць часопіс “Полымя”. Аднак, разам з рэарганізацыяй часопісаў і зьменай рэдактараў, гэтая ўнікальная публікацыя прыпыненая.
Ненадрукаваную частку дзёньнікаў Міхала Дубянецкага цяпер маюць магчымасьць пачуць толькі слухачы “Свабоды”.
У нядзелю 2-га чэрвеня гэтая сэрыя пачнецца гутаркай з удавой Міхала Дубянецкага Марыяй Дубянецкай і да нядаўняга часу рэдактарам часопіса “Полымя “ Сяргеем Законьнікавым , намаганьнямі якога публікацыя пабачыла сьвет.
Дзёньнікавыя запісы Міхала Дубянецкага “Трэба рызыкаваць”, якія адкрываюць малавядомыя дэталі літаратурнага працэсу 1970-80х гадоў, на хвалях “Свабоды” – ад панядзелка.
“Вольная студыя”. 2 чэрвеня
Уся рэдакцыя часопіса “Крыніца”, 12 чалавек, звольнілася на знак пратэсту супраць гвалтоўных дзеяньняў уладаў — факт беспрэцэндэнтны на канфармісцкай журналісцкай кухні. У сувязі з “зачысткай” апазыцыянэраў у выдавецтвах і рэдакцыях, многім літаратарам давядзецца зьведаць лёс беспрацоўнага. Паэт, вершы якога вывучаюцца ў школе, марыць знайсьці месца начнога вартаўніка... Госьцем Міхася Скоблы ў нядзельнай “Вольнай студыі” будзе пісьменьнік Леанід Галубовіч. У перадачы прагучаць яго зацемкі, якія сталіся ахвярай цэнзуры ў часопісе “Полымя”.