Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

Губайдуліна стварае музыку, якая абапіраецца на імправізацыйныя матывы расейскай, каўкаскай і сярэднеазіяцкай музычнай традыцыі. Ад 1992 году яна жыве ў Нямеччыне. Мірыям Макеба на працягу паўстагодзьдзя застаецца жывой легендай паўдзённаафрыканскай музыкі. Палярная прэмія заснаваная ў 1989 годзе, яна прысуджаецца творцам, дасягненьні якіх выходзяць за рамкі іх музычных стыляў.

РЫМ. Удар маланкі падчас навальніцы пашкодзіў старажытны Аксумскі абэліск, які стаяў у цэнтры Рыму. Абэліск быў прывезены ў Рым з Этыёпіі ў 1937 годзе на загад Бэніта Мусаліні. Ад 1947 году этыёпскі ўрад вёў зь італьянскімі ўладамі перамовы аб вяртаньні помніка. Нядаўна міністар культуры Італіі Кляўдыё Урбані выказаў згоду на вяртаньне абэліска, аднак заставаліся нявырашаныя тэхнічныя праблемы перавозу. Вышыня абэліска – 24 мэтры, вага – 160 тонаў. Гэта адзін з найстарэйшых помнікаў старажытнага копцкага гораду Аксум, які квітнеў ад ІІІ стагодзьдзя да н.э. да VI стагодзьдзя нашай эры.

МІЛЯН. Амэрыканскі рэжысэр сіцылійскага паходжаньня Мартын Скарсэзэ абвясьціў пра намер зьняць працяг дакумэнтальнага фільму, прысьвечанага гісторыі італьянскага кіно. Ён будзе прысьвечаны кінэматографу 1960-х гадоў. У першай частцы, здымкі якой працягваліся 5 гадоў, 60-гадовы Скарсэзэ дасьледуе свае творчыя карані як рэжысэр і як італа-амэрыканец, які вырас у Нью-Ёрку. Чатырохгадзінны дакумэнтальны фільм “Маё падарожжа ў Італію” будзе паказаны італьянскім прыватным тэлеканалам “Рэтэ-4” 1 і 2 чэрвеня.

ПАРЫЖ. У Музэі Грэвэна – парыскім музэі васковых фігураў – неўзабаве зьявяцца тры новыя постаці: тэнісісткі Амэлі Марэсмо, філёзафа Бэрнара-Анры Леві і сьпевака Анры Сальвадора. Гэтак пастанавіла заснаваная ў 2001 годзе адмысловая Акадэмія Грэвэна. Васковыя фігуры сьпевака і філёзафа зьявяцца ў музэі яшчэ сёлета, а тэнісісткі – у 2003 годзе. 5 чэрвеня Музэй Грэвэна адзначыць сваё 120-годзьдзе.

МАДЭНА (ІТАЛІЯ). Італьянскі тэнар Лючыяна Павароты даў у сваім родным горадзе Мадэна на поўначы Італіі штогадовы дабрачынны канцэрт “Павароты і сябры”. У канцэрце ўзялі ўдзел такія міжнародныя зоркі, як Стынг, Джэймс Браўн, Лу Рыд, Цукера і Андрэа Бачэлі. Усе прыбыткі з канцэрту пайшлі на карысьць дзяцей ангольскіх уцекачоў у Замбіі. Падчас канцэрту найвышэйшы камісар ААН у справах уцекачоў Руд Любэрс надаў італьянскаму мадэльеру Джорджа Армані тытул амбасадара добрай волі за ягоныя стараньні на карысьць афганскіх уцекачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG