Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ЗАКЛАПОЧАНЫ СЫТУАЦЫЯЙ ВАКОЛ КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Партугальскае міністэрства замежных справаў увесь бягучы тыдзень вывучала зробленыя мінулай пятніцы ў Менску абвінавачаньні на адрас усяе АБСЭ ды ейнае групы ў Менску.

Беларуская праблема, якую ў Лісабоне зьвязваюць ня толькі зь непадаўжэньнем візаў супрацоўнікам КНГ АБСЭ, паступова выходзіць на вышэйшыя ўзроўні. Калі раней сытуацыю ў Менску камэнтавалі супрацоўнікі офісу каардынацыі партугальскага старшынёўства ў АБСЭ, цяпер гэтае пытаньне знаходзіцца ў выключнай кампэтэнцыі самога дзейнага старшыні — міністра замежных справаў Партугаліі Атоніў Мартыньша да Круша.

Сёньня ягоны прэсавы сакратар Фэрнанда Ліма ўпершыню пагадзіўся даць камэнтар Радыё Свабода. На пытаньне, як ацэньвае дзейны старшыня АБСЭ рашэньне беларускіх уладаў не працягваць візу часоваму выканаўцу абавязкаў кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі Эндру Карпэнтэру, спадар Ліма адказаў гэтак:

(Ліма: ) “Партугальскае старшынёўства заклапочанае гэтай сытуацыяй, і цяпер праводзяцца перамовы ў Вене зь іншымі сябрамі АБСЭ, каб прааналізаваць гэтую тэму”.

Нагадаю, што раней партугальскае старшынёўства вызначыла для Беларусі крайні тэрмін прыняцьця новага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску Эбэргарда Гайкена — 1 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень заканчваецца беларуская віза Эндру Карпэнтэра, цяперашняга часовага кіраўніка групы.

Аднак старшынёўства АБСЭ настойвае, каб у Беларусі працавалі ня толькі спадары Гайкен і Карпэнтэр, але й фактычна высланы ў красавіку Мішэль Рывалье, які дагэтуль мае статус выканаўцы абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску. Калі ніводзін з гэтых трох дыпляматаў ня зможа працаваць у Беларусі з наступнага тыдня, дзейны старшыня АБСЭ гатовы ўжыць пэўнага кшталту санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Менавіта пра гэта зараз і вядуцца перамовы ў Вене, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ ды прадстаўленыя ўсе 55 ейных краін-сяброў.

Аднак пра мажлівую рэакцыю кіраўніцтва АБСЭ на вымушаны ад’езд зь Беларусі Эндру Карпэнтэра можна будзе даведацца не раней за панядзелак. Пакуль яшчэ застаецца тэарэтычны шанец, што ягоную візу могуць падоўжыць у апошні момант.

Супрацоўнікі партугальскага МЗС кажуць, што ў пачатку наступнага тыдня можа быць супольная рэакцыя на дзеяньні Беларусі з боку Партугаліі, якая старшынюе ў АБСЭ, ды Гішпаніі, якая да 1 ліпеня ачольвае Эўрапейскі Зьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG