Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ З КОЖНЫМ ГОДАМ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ БЕСПРЫТУЛЬНЫХ ДЗЯЦЕЙ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў спэцпрыёмніку дваццаць дзяцей і падлеткаў ва ўзросьце ад 7 да 17 гадоў. Сярод іх ёсьць і замежнікі: сястра і два браты з Афганістану і два хлопчыкі зь Літвы. Гінтарас і Ігар зьбеглі зь віленскага прыёмніка і перайшлі літоўска-беларускую мяжу без усялякіх перашкодаў.

(Гінтарас: ) “Мы празь лес прайшлі. Проста па дарозе”.

Цяпер хлопчыкаў дэпартуюць у Літву. Там іх чакае дзіцячы інтэрнат. Распавядае начальнік прыёмніка Яўген Шапіцын:

(Шапіцын: ) “Дзеці, якія трапляюць да нас, у большасьці з вуліцы. Іхны выгляд варты жалю. Хворыя, бо галадаюць. Бывае, пытаю ў падлетка, калі еў апошні раз, а ў адказ чую, што недзе дні чатыры таму. Большасьць дзяцей хворыя на пэдыкулёз. Дзяўчынкі, якія займаюцца прастытуцыяй, пакутуюць на вэнэрычныя і скураныя хваробы. Іх лечаць у стацыянары, што побач з намі. Большасьць зь іх прывозяць з Расеі. Паколькі бацькі іх не забіраюць з розных прычынаў (маўляў, няма грошай на квіток), расейцы дэпартуюць грамадзянак Беларусі за свой кошт.

Падлеткаў з Афганістану затрымалі разам зь іх бацькам супрацоўнікі міліцыі. У іх не было адпаведных дакумэнтаў, таму цяпер бацька ўтрымліваецца ў прыёмніку для дарослых, там будуць высьветляць, ці ня зьдзейсьніў ён якое-небудзь злачынства, а дзеці — тут. Калі ўсё будзе нармальна, іх дэпартуюць адсюль у Маскву”.

Большасьць дзяцей чакаюць, калі іх адвязуць у спэцшколы й інтэрнаты. Некалькі хлопчыкаў чакаюць адпраўкі ў магілёўскую спэцшколу, туды можна трапіць толькі паводле судовага прысуду за нейкае правапарушэньне. Сёньня там недахоп месцаў і карантын з прычыны сьвінкі. Спэцшкола для дзяўчат працуе ў Петрыкаве. Хутка туды павязуць Наташу, якая трапіла сюды зь вёскі Паложына.

(Наташа: ) “Я тут тры дні пабыла і ўжо хачу дамоў, да мамы. Я ад’яжджала, мама плакала... і тата. (Плача.) У мяне ёсьць брат, яму 16 гадоў. І сястра. Ёй 21 год. Яна замужам, двое дзяцей. Старэйшая сястра нават білася з татам, каб яны не пілі, каб глядзелі мяне, у школу адпраўлялі. Але бацькі ўсё роўна ня слухаліся. Калі ўжо пасьля суду было ўсё вырашана, Валя зьбіралася ў панядзелак раніцай ісьці ў суд разам з суседзямі, каб папрасіць іх там. Я толькі прачнулася, а за мной ужо прыехалі і кажуць: “Усё. Позна...”

У адзінаццацігадовага Міколы з Чэрвеня бацькі таксама алькаголікі. Хлопчыка забралі ў інтэрнат, але ён зьбег адтуль. Міліцыянты затрымалі яго ў Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Табе не спадабалася ў інтэрнаце?”

(Мікола: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “Б’юць?”

(Мікола: ) “Ну, усякае бывае. Калі мы гулялі, я ўцёк адтуль. Выбег на дарогу і пайшоў сабе дамоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Усю ноч ішоў?!”

(Мікола: ) “Так. А потым паехаў у Менск”.

(Карэспандэнтка: ) “Ня страшна табе было?”

(Мікола: ) “Не, я ж па дарозе, хуценька”.

(Карэспандэнтка: ) “Як выхавацелькі білі? Рукамі?”

(Мікола: ) “Так... Па чым пападае”.

(Карэспандэнтка: ) “А за што?”

(Мікола: ) “Ну, туды не хадзі, тут нельга, там нельга... Зусім... Мы павінны класьціся спаць у восем, а насамрэч — у сем”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі доўга ня сьпіш, размаўляеш, тады яны злуюцца?”

(Мікола: ) “У кут ставяць. Можна ўсю ноч прастаяць у куце. Могуць яны, калі захочуць, і адпусьціць, дазволіць легчы спаць... Я надумаў уцячы й уцёк”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто ў цябе ёсьць дома?”

(Мікола: ) “Хамяк. Беленькі, пухнаты. А крыху пазьней узялі шчанючка, маленькага сабачку. Быў такі маленькі, а цяпер, відаць, ужо вялікі”.

Дзесяцігадовая Сьвета ў прыёмніку разам з братам. Пасьля сьмерці бацькі іх маці зрабілася алькагалічкай. Але дзеці хочуць жыць зь ёй.

(Сьвета: ) “Вязьніца тут самая сапраўдная. Жэня сьпіць за кратамі. Нас тут зачыняюць на замок. Я шкадую, што трапіла сюды. Мама ні ў чым не вінаватая. Я яе вельмі люблю. Чаму мяне забралі? У чым мая віна? Я ж у школу хадзіла, не паліла, не піла... Мне даражэйшы дом за гэты прыёмнік”.

Чатырнаццацігадовы Аляксандар Лукашэнка з Магілёва зьбег з Бабруйскага інтэрнату ў Менск. Хлопчык жыў з бабуляй і бацькам-п’яніцам. Саша кажа, што вельмі хацеў убачыць мэтро. Ён катаўся амаль увесь дзень, а потым, калі выйшаў на вуліцу, трапіў у рукі міліцыянтаў. Ён хоча дадому.

Усе гэтыя дзеці апраўдваюць сваіх бацькоў. Бацькі ім патрэбныя больш, чым яны бацькам. Вось і Аляксандар кажа, што ягоны бацька хутка ня будзе ўвогуле піць гарэлку:

(Аляксандар: ) “У наркалягічным дыспансэры на ўліку ён ужо не стаіць. Ён ня часта п’е. Ён п’е толькі тады, калі атрымае заробак”.

Ніхто ня ведае дакладнай лічбы дзяцей, якія сталі беспрытульнікамі па віне дарослых, але з кожным годам іх колькасьць у Беларусі павялічваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG