Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ БОЛЬШ ЗА 10% ЗЬНЯВОЛЕНЫХ — ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ Й КІРАЎНІКІ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Навіны з розных гарадоў Беларусі пра затрыманьне прадпрымальнікаў, кіраўнікоў прадпрыемсваў розных формаў уласнасьці прыходзяць амаль штодня. Паводле інфармацыі старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімера Карагіна, цяпер ў краіне за кратамі каля 8,5 тысяч бізнэсоўцаў, мэнэджэраў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Гэта больш за 10% ад усіх вязьняў.

Вядомыя ўсім прозьвішчы арыштаваных нядаўна дырэктараў прамысловых гігантаў і прадпрымальнікаў — гэта толькі вяршыня вялікага айсбэргу, — лічыць Уладзімер Карагін.

(Карагін: ) “Сёньня ў нас больш за 100 тысяч дырэктараў і болей за 200 тысяч бугальтараў прадпрыемстваў ды болей за 300 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў знаходзяцца ў вельмі рызыкоўнай зоне. Яны працуюць бяз права на памылку. Заканадаўства супярэчлівае, недасканалае, яго можна вольна трактаваць — у прыватнасьці, той жа артыкул аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Акрамя таго, бізнэсоўцаў засуджваюць больш жорстка, скажам шчыра — суды ня любяць прадпрымальнікаў”.

Уладзімер Карагін зазначае, што атмасфэра для бізнэсоўцаў у Беларусі нашмат горшая, чым у краінах-суседзях: часта пакараньні не адпавядаюць маштабам учыненага. Вельмі часта крымінальныя справы адкрываюць з палітычных матываў, — кажа спадар Карагін.

(Карагін: ) “На мясцовым узроўні яшчэ большае свавольства ўладаў, чым у цэнтральных органах. Я наведваю раённыя цэнтры — там бяспраўе і сапраўднае свавольства. Пра гэта прадпрымальнікі менш гавораць, у гарадах, дзе 15–30 тысяч чалавек, ім няма куды падзецца. Яны баяцца пра гэта казаць, хаця знаходзяцца часта ў безвыходнай сытуацыі”, — зазначае лідэр Менскага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін.

Андрэй Клімаў, былы прадпрымальнік і вязень, падтрымлівае высновы Ўладзімера Карагіна. Зыходзячы са свайго ўласнага досьведу, сустрэчаў у турме, спадар Клімаў зазначае пра сапраўды вялікую колькасьць арыштаваных у Беларусі прадпрымальнікаў, вытворчых кіраўнікоў розных формаў уласнасьці:

(Клімаў: ) “Іх шмат, і сядзяць яны за эканамічныя злачынствы, якіх пэўна не ўчынялі, паколькі з кім я ні размаўляў там — склад злачынства быў проста надуманы”.

Андрэй Клімаў мяркуе, што сядзяць найлепшыя мэнэджэры, якія стваралі працоўныя месцы і давалі людзям зарабляць.

(Клімаў: ) “Я ўпэўнены, што справы іх сфальшаваныя, таму што крымінальны перасьлед прадпрымальнікаў ператварыўся для некаторых сьледчых у звычайны бізнэс — у вымагальніцтва хабару”.

Тым ня менш, Андрэй Клімаў лічыць, што нягледзячы на такі нэгатыўны фон, колькасьць людзей, што жадаюць займацца бізнэсам, ня будзе меншаць — такая прырода людзей, якія не жадаюць залежаць ад дзяржавы. Сам Андрэй Клімаў пасьля выхаду з турмы на тры гады пазбаўлены права займаць кіраўнічыя пасады. Цяпер ён працуе тэхнікам у былой сваёй фірме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG