Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАР АРТЫКУЛУ “ЛУКАШЭНКА АДМЫВАЕ ГРОШЫ Ў ПОЛЬШЧЫ” РАСПАВЯДАЕ ПРА МЭХАНІЗМЫ АДМЫВАНЬНЯ ГРОШАЙ, АТРЫМАНЫХ ПРАЗ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Шэраг дэпутатаў польскага Сэйму запатрабавалі ад міністраў замежных справаў і юстыцыі даць неадкладныя тлумачэньні ў гэтай справе. Пытаньне адмываньня брудных грошай будзе разгледжанае і на паседжаньні парлямэнцкай камісіі у справах спэцслужбаў. Адзін з аўтараў артыкулу “Лукашэнка адмывае грошы ў Польшы”, аглядальнікам часопісу “Wprost” Янка Чурыловіч даў інтэрвію нашаму Радыё.

(Чурыловіч: ) “Трэба пачаць з таго, што зброя, якая цяпер прадаецца, паводле Ташкенцкай дамовы 1992 году павінна была быць зьнішчаная. Але на самой справе гэтая зброя ня нішчыцца, а проста грузіцца ў самалёты ды высылаецца ў Афрыку, арабскія краіны і Паўднёвую Амэрыку. Там прадаецца, а грошы за яе асядаюць на рахунках у “падаткавых раях” ці ў Швайцарыі. Краіны, якія набываюць зброю, перасылаюць грошы на замежныя рахункі фірмаў, заснаваных беларускімі бізнэсоўцамі, блізкімі да Лукашэнкі. Потым гэтыя грошы перасылаюцца да іншых фірмаў – і так некалькі разоў. Адная зь фірмаў, якая займаецца перасылкай грошай, завецца “Capital & Business Management SA”, яна зарэгістраваная ў Вене, бо ў Аўстрыі мяккае падаткавае заканадаўства, гэтая краіна можа супернічаць са Швайцарыяй ці іншымі афшорнымі зонамі ў магчымасьцях для адмываньня і хаваньня капіталу. Пасьля гэтыя грошы трапляюць у іншыя фірмы, паданыя ў артыкуле – “Ledok”, “Balmorals Ltd”, “Silvertex”. І гэтыя фірмы ўжо могуць выплочваць зацікаўленым асобам грошы наяўнымі.

(Карэспандэнт: ) “У артыкуле вы пішаце, што Беларусь дапамагае Іраку прадаваць нафты больш, чым дазволена паводле санкцыяў ААН. Навошта гэта Беларусі?”

(Чурыловіч: ) “Супрацоўніцтва з Іракам – гэта ўвогуле прыбытковая сфэра для беларускай намэнклятуры і самога Лукашэнкі. На кантрабандзе нафты зарабляюцца грошы, якія дзеляць паміж сабой беларускія ўлады і рэжым Садама Хусэйна. Танкеры заходзяць праз тэрытарыяльныя воды Ірану, наладоўваюцца нафтай, а потым ізноў праз іранскія воды выходзяць як бы з іранскай нафтай”.

(Карэспандэнт: ) “А якая роля ў гэтым Беларусі?”

(Чурыловіч: ) “Беларусы праводзяць усю апэрацыю – прадаюць нафту і пераводзяць грошы, дапамагаючы такім чынам Садаму Хусэйну зарабляць грошы на зброю”.

(Карэспандэнт: ) “На беларускую зброю?”

(Чурыловіч: ) “Так, у тым ліку і на беларускую”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Чурыловіч, што яшчэ вы ведаеце пра супрацоўніцтва зь Іракам?”

(Чурыловіч: ) “Прадстаўніком беларускага бізнэсу у Іраку ёсьць залежная ад “Інфабанку” фірма “Белметалэнэрга”. Празь яе праходзіць уся тавараплынь, але грошы гэтая фірма ніколі не атрымлівае. Грошы атрымлівае фірма “Capital & Business Management SA”, якая рассылае іх па ўсёй Заходняй Эўропе і “падаткавых раях”. У Беларусь грошы практычна ніколі не вяртаюцца.

Чаму Беларусь з такім посьпехам вядзе бізнэс у Іраку? У першую чаргу таму, што кіраўніцтва “Інфабанку” добра ведае шэраг высокапастаўленых асобаў у гэтай краіне”.

(Карэспандэнт: ) “Што гэта за “Інфабанк”, пра які вы ўвесь час узгадваеце?”

(Чурыловіч: ) “Інфабанк” – гэта беларускі банк, які ўваходзіць у “Інфагруп”, якая, у сваю чаргу, займаецца вельмі рознай дзейнасьцю. Акрамя кантролю над грашовымі апэрацыямі пры гандлі з Іракам і арабскімі краінамі, “Інфабанк” займаецца ўзаемазалікамі па энэрганосьбітах зь вядучымі стратэгічнымі беларускімі прадпрыемствамі. Зусім нядаўна “Інфабанк” набыў фірму, якая мае абсталяваньне для друку высоказабясьпечаных дакумэнтаў, якія адпавядаюць сусьветным стандартам і правяраліся заходнімі спэцслужбамі, у тым ліку францускімі. Гэта значыць, што “Інфабанк” можа надрукаваць які заўгодна дакумэнт – накладную, візу, пашпарт – і такім чынам зрабіць падлог і давесьці, што тавар зьяўляецца легальным.

Візыты беларускіх афіцыйных асобаў у Ірак пачаліся недзе ў другой палове 1990-х. Беларускім “Калюмбам”, які адкрываў Ірак, быў палкоўнік Замяталін. Беларускія афіцыйныя асобы бралі ўдзел у сьвяткаваньні амаль кожнага дня нараджэньня Хусэйна. У свой час яны паехалі ў Ірак даволі шматлікай групай і павезьлі туды дары, каб спадабацца ірацкаму кіраўніку і потым рабіць бізнэс. Садаму прывезьлі генэральскі мундзір і шаблю з двума лязамі, якая была адмыслова замоўленая на Каўказе. Плаціў за ўсё “Інфабанк”. Як кажуць людзі, якія там былі, падарункі Хусэйну вельмі спадабаліся – асабліва шабля. З гэтага і пачалося ўсё супрацоўніцтва, і продаж зброі таксама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG