Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД КАЛУГІН СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО Ў ВЫНІКУ НОВАГА РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ ЯГО ПРЫЗНАЮЦЬ НЕВІНАВАТЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Другі дзень Леанід Калугін прымае віншаваньні з вызваленьнем. Не адмовіўся былы дырэктар ад размовы і з карэспандэнтам Радыё Свабода, аднак папрасіў не закранаць палітычных пытаньняў. Нават сваё вызваленьне з-за кратаў Леанід Калугін камэнтаваць не захацеў. Паведаміў толькі, што адчувае сябе добра і дагэтуль знаходзіцца ў захапленьні ад адчуваньня волі. “Я быццам першы раз ступіў на зямлю, як зноў нарадзіўся”, — выказаў свае пачуцьці Леанід Калугін.

Што да пэрспэктываў крымінальнай справы, якую на яго завялі, то прадказваць яе вынік Калугін не бярэцца, аднак не хавае сваіх спадзяваньняў на лепшае.

(Калугін: ) “Ня будзем загадваць, цяпер пачнецца дарасьсьледаваньне, але я мяркую, што ўсё ў выніку будзе добра”.

Што да славутага заводу лядоўняў “Атлянт”, які Леанід Калугін узначальваў больш за 10 гадоў, то вяртацца туды ён пакуль не плянуе з прычыны не завершанага сьледзтва.

(Калугін: ) “Ня трэба мне задаваць гэтыя пытаньні, хай завод працуе, як працаваў, ня трэба займацца бойкамі. Павінна закончыцца расьсьледаваньне, а ўжо потым я буду вырашаць для сябе, чым далей займацца”.

Пры гэтым Леанід Калугін быў задаволены тым, што былыя калегі былі аднымі зь першых, хто павіншаваў яго з вызваленьнем. Дастаткова міралюбна настроены Калугін і да тых, хто вядзе расьсьледаваньне ягонай справы: “Кожнаму судзьдзя Госпад, і ня нам гэта вырашаць, мы з вамі ня судзьдзі”.

Леанід Калугін вядомы як шчыры вернік — ён кажа, што будзе весьці жыцьцё звычайнага чалавека. Працаваць, адпачываць, хадзіць у царкву. Ён абмежаваны толькі ў свабодзе перасоўваньня, паколькі даў падпіску пра нявыезд, іншых абмежаваньняў на яго не наклалі. Калугін абяцае дакладна выконваць усё, чаго ад яго запатрабуе сьледзтва.

Між тым, паўстае пытаньне, хто цяпер будзе весьці справу Калугіна і ці не закрыюць яе ўвогуле. Паводле крыніцаў у Рэспубліканскай пракуратуры, там засталіся вельмі не задаволеныя тым, як спрацавалі сьледчыя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, якія вялі справу экс-дырэктара “Атлянту”. Паводле пэўных зьвестак, былы начальнік сьледчай групы ад сваёй працы адхілены, замена яму пакуль ня вызначаная.

Некаторыя сьледчыя ў дэпартамэнце не выключаюць, што пасьля ўчорашняга рашэньня пракуратуры справа Калугіна згубіла, як кажуць адмыслоўцы, “судовую пэрспэктыву”. На думку адваката Калугіна Аляксандра Пыльчанкі, рашэньне пракуратуры пра дарасьсьледаваньне сапраўды сьведчыць на карысьць аргумэнтаў пра невінаватасьць Калугіна паводле Крымінальнага кодэксу.

(Пыльчанка: ) “Пракуратура прыняла правільнае ў гэтай сытуацыі рашэньне, гэта цешыць, што там клапоцяцца пра законнасьць. А тое, што справу накіравалі ня ў суд, а на дадатковае расьсьледаваньне, сьведчыць, што мы мелі рацыю, калі заяўлялі пра адміністрацыйны характар парушэньняў, якія зрабіў Леанід Калугін. Мяркую, што сьледзтва ўрэшце таксама прыйдзе да гэтай высновы, і крымінальны перасьлед майго падабароннага будзе спынены”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG