Пачалася канфэрэнцыя з паведамленьня пра навуковае адкрыцьцё. Так, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Расейскай Акадэміі навук акадэмік Барыс Клос давёў да ведама прысутных вынікі сваіх апошніх дасьледзінаў, падчас якіх быў знойдзены сьпіс “Жыція Эўфрасіньні Полацкай”, датаваны XV стагодзьдзем, прычым разам з канонам — хваласьпевам у гонар сьвятой.
На грунце знойдзеных матэрыялаў акадэмік Клос пераканаўча засьведчыў, што Эўфрасіньня Полацкая была кананізаваная ўжо ў XV стагодзьдзі, значна раней, чым лічылася дагэтуль. І надарылася гэта не ў маскоўскім храме, а ў незалежнай ад Масквы Кіеўскай мітраполіі.
Надзвычай цікавым быў і выступ дацэнта Кіеўскага ўнівэрсытэту Людмілы Кісялёвай, якая з натхненьнем казала аб прысутнасьці сьвятой Эўфрасіньні ў духовым і культурніцкім жыцьці Ўкраіны, і з горыччу — аб тым бязбожным натоўпе, які ўскрываў у першыя гады савецкай улады сьвятыя мошчы.
Выступ патрыярха навачаснай беларускай археалёгіі прафэсара Георгія Штыхава быў прысьвечаны полацкаму дойліду Івану, які, на замову сьвятой Эўфрасіньні, збудаваў мураваную Спасаўскую царкву. Прафэсар зазначыў, што ў Полацку ў ХІІ стагодзьдзі жылі дзьве вялікія асобы — найпадобная Эўфрасіньня і найвыдатны дойлід Іван.
Браў слова на канфэрэнцыі і старшыня Полацкага гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла. У сваім выступе галава гарадзкой “вэртыкалі” казаў пра ўвагу мясцовых уладаў да гісторыі, аднак, па сьведчаньні навукоўцаў, цалкам гэтыя словы нельга браць на веру. Вось што нам паведаміў з гэтай нагоды ўдзельнік канфэрэнцыі, вядомы беларускі гісторык і літаратар Сяргей Тарасаў:
(Тарасаў: ) “Сапраўды, Эўфрасіньня была кананізаваная вельмі даўно — значна раней за многіх расейскіх сьвятых. І для Полацку гэта вельмі істотна. Гэта дадае яму духовасьці, дадае моцы. Тым больш, што, на вялікі жаль, ня ўсе адпаведна ставяцца да самога гораду і яго старажытнасьці: па-ранейшаму зьнішчаюцца археалягічныя помнікі, рыюцца траншэі без нагляду археолягаў побач з Сафійскім саборам. І ўсё гэта робіцца да сьвята “Дажынак”.
Тым ня менш, я спадзяюся, што наша сёньняшняя канфэрэнцыя, і канфэрэнцыя, якая адбудзецца ўвосень, усё ж такі паспрыяць таму, каб у горад вярнулася яго духовасьць, каб Полацак ізноў стаў культурнай сталіцай Беларусі. А гэта адпаведным чынам адаб’ецца на самаўсьведамленьні гараджанаў і ўсяго насельніцтва нашай краіны”.
Заўтра міжнародная навуковая канфэрэнцыя працягне сваю працу.