Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС АФІЦЫЙНА КАМЭНТУЕ ДАЧЫНЕНЬНІ СУСЕДНІХ КРАІНАЎ З NATO


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў была ўпершыню агучаная афіцыйная рэакцыя Беларусі на вынікі рымскага саміту з удзелам усіх 19 сяброў NATO і Расеі. Намесьнік міністра Аляксандар Сычоў заявіў:

(Сычоў: ) “Тое, што датычыць саміту Расея–NATO і стварэньня новага мэханізму ўзаемадзеяньня ў фармаце “дваццаткі”, — мы разглядаем гэта як важны крок у пляне стварэньня шматпалярнага сьвету”.

Аляксандар Сычоў нічога не сказаў пра тое, ці было гэта ўсё ўзгодненае зь Менскам у рамках саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі, або беларускую ўладу зноў паставілі перад фактам.

Намесьнік міністра замежных справаў выказаўся таксама з нагоды рашэньня іншай суседняй дзяржавы, Украіны, распачаць працэс інтэграцыі ў NATO.

(Сычоў: ) “Тое, што датычыць Украіны, дык, натуральна, гэта права кожнае дзяржавы — вызначаць свой выбар і вызначаць тыя формы ўдзелу ў інтэграцыйных працэсах, якія сёньня адбываюцца. І мы паважаем сувэрэннае права кожнае дзяржавы”.

Тут я задаў Аляксандру Сычову пытаньне, ці значыць гэта, што Беларусь больш ня будзе пратэставаць супраць далучэньня сваіх суседзяў да NATO, як гэта было раней з Польшчай і зусім нядаўна зь Літвой і Латвіяй.

(Сычоў: ) “А дзе вы бачылі такія афіцыйныя пратэсты? Малады чалавек, вы бачылі пратэсты? Хтосьці хадзіў тут зь лёзунгамі па вуліцы, ці як?”

Між тым, на працягу некалькіх апошніх гадоў Аляксандар Лукашэнка неаднаразова публічна асуджаў працэс пашырэньня NATO на ўсход, у прыватнасьці, казаў пра “страшнага монстра NATO, які набліжаецца да сінявокай Беларусі”.

Але сёньня Міністэрства замежных справаў гатовае гаварыць пра тое, якім чынам будзе разгортвацца беларуска-NATOўскае ўзаемадзеяньне. Аляксандар Сычоў нагадаў пра зацьверджаную яшчэ ў лютым індывідуальную праграму супрацоўніцтва Беларусі з NATO і паведаміў:

(Сычоў: ) “Рэспубліка Беларусь афіцыйна зрабіла прапанову аб правядзеньні супольных вучэньняў краінаў Рады Эўра-Атлянтычнага партнэрства й NATO на тэрыторыі Беларусі ў 2004 годзе ў выпадку радыялягічнае пагрозы. Такая прапанова была прынятая, і цяпер яна знаходзіцца ў стадыі далейшага вывучэньня й практычнае рэалізацыі”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я задаў Аляксандру Сычову пытаньне, ці выключае ён мажлівасьць далучэньня Беларусі да NATO ў будучыні, і вось які адказ атрымаў:

(Сычоў: ) “Я вам яшчэ раз падкрэсьліваю: у цяперашні час Рэспубліка Беларусь ажыцьцяўляе сваё ўзаемадзеяньне з NATO ў рамках індывідуальнае праграмы партнэрства”.

(Карэспандэнт: ) “А за рамкамі гэтае праграмы?”

(Сычоў: ) “Давайце спачатку рэалізуем праграму, а потым будзем глядзець далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG