Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ФУТБАЛІСТЫ ДЫ ТРЭНЭРЫ НАЙБОЛЬШ СЫМПАТЫЗУЮЦЬ ЗБОРНЫМ ФРАНЦЫІ Й АРГЕНТЫНЫ


Ігар Карней, Менск

Беларуская прысутнасьць на чэмпіянатах сьвету пакуль вельмі сьціплая. У 1966 годзе ў складзе зборнай СССР удала дэбютаваў Эдуард Малафееў, які ў Англіі забіў два мячы і атрымаў бронзавы мэдаль. Наступны беларус, абаронца савецкай зборнай Сяргей Бароўскі, трапіў на ўсясьветнае першынства ў Гішпанію толькі праз 16 гадоў. Больш за астатніх удзельнічаў у фіналах паўабаронца Сяргей Алейнікаў, які выступаў у Мэксыцы, дзе забіў вугорцам, і ў Італіі. Там жа, на Апэнінскай паўвысьпе, адзначыўся голам камэрунцам яшчэ адзін беларус — Сяргей Зыгмантовіч.

Пэўны аптымізм пакідала гульня беларусаў у адборачным турніры сёлетняга чэмпіянату, аднак трэцяга месца ў групе з чатырох камандаў аказалася недастаткова, каб трапіць у кампанію наймацнейшых. А калі б усё ж трапілі на першынства, ці мелі б тэарэтычны шанец выхаванцы Эдуарда Малафеева пераадолець групавы турнір і пайсьці далей? Вось меркаваньне былога менскага “дынамаўца”, а цяпер трэнэра каманды “Маладэчна-2000” Людаса Румбуціса.

(Румбуціс: ) “Выхад з групы можна было б чакаць толькі пры пэўным зьбегу абставінаў. Калі б у супернікі патрапілі Савудаўская Арабія, Туніс ці яшчэ нехта, то верагодна. А так — не. Не такі пакуль высокі ўзровень, каб разьлічваць на чэмпіянаце сьвету на штосьці больш істотнае. Што тычыцца рэальных фаварытаў чэмпіянату, то, мяркую, гэта Аргентына, Францыя, Бразылія; хтосьці можа “выстраліць” з афрыканцаў — Нігерыя традыцыйна нядрэнная. Наагул, у футболе цаню прыгажосьць, атрымліваю асалоду ад разумных, тонкіх хадоў, нечаканых камбінацыяў. А ня тое, што б’юцца, носяцца, як чумныя”.

Непасрэдны ўдзельнік чэмпіянату сьвету 20-гадовай даўнасьці ў Гішпаніі Сяргей Бароўскі ня бачыць падставаў, каб беларусы апынуліся на чэмпіянатах сьвету ня ў якасьці заўзятараў. Хоць...

(Бароўскі: ) “Гадоў 10 таму казалі, што й туркі ніколі ня трапяць на чэмпіянат сьвету, але ў краіне заняліся футболам, і зборная зрабіла рэзкі скачок наперад. Сам па сабе футбол ня можа кудысьці прабіцца. Фарсыраваць гэта можа эканоміка краіны, узровень жыцьця, узровень разьвіцьця дзіцячага футболу.

Але на цяперашні момант у нас варты жалю стан футболу. Пераважна гуляюць легіянэры, сваіх хлопцаў практычна няма, узровень чэмпіянату Беларусі вельмі нізкі. А якія клюбы — такая і зборная. Калі клюбы пачнуць гуляць, калі дзіцяча-юнацкі футбол, як украінскі, пачне выходзіць у фінальныя часткі першынстваў Эўропы, тады можна прагназаваць, што ў нас празь нейкі час будзе добрая зборная, якая патрапіць на чэмпіянат сьвету”.

Пытаюся ў Бароўскага, на якія каманды ён робіць стаўкі.

(Бароўскі: ) “Стаўкі ў букмэкерскіх канторах не раблю. А паводле манэры гульні перавагу аддаю французам і Аргентыне. За іх я буду “хварэць”. Паводле складу і па гульні — самыя стабільныя зборныя”.

Зрэшты, ня толькі футбалісты, але і заўзятары-беларусы наўрад ці будуць гэтымі днямі глядзець футбол непасрэдна з трыбунаў японскіх ды карэйскіх арэнаў. Паехаць туды нават адносна заможнаму беларусу не па кішэні. Дый маскоўская турыстычная фірма “Мілена-тур”, якая агітавала паехаць у Японію ды Карэю за 2,5 тысячы даляраў, трапіла ў прыцэл фіскальных органаў Расеі — яе далейшае існаваньне пад вялікім пытаньнем.

Пакуль адзінымі прадстаўнікамі Беларусі, прынамсі ў Карэі, застаюцца кіраўнікі Беларускай Фэдэрацыі футболу Рыгор Фёдараў і Юры Курбыка, якія бралі ўдзел у выбарах прэзыдэнта FIFA. І, натуральна, адзіны судзьдзя, які будзе абслугоўваць матчы на лініі, — Юры Дупанаў.

Усясьветная “хвароба на футбол” пачынаецца заўтра матчам Францыя–Сэнэгал у 14.30 паводле менскага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG