Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ФБР АДБУДУЦЦА РЭФОРМЫ Ў ЗЬВЯЗКУ З ПАМЫЛКАМІ ПЕРАД ТЭРАКТАМІ 11 ВЕРАСЬНЯ


Кастусь Бандарук, Прага

Гэта як мінімум дзьве, надзвычай істотныя, памылкі. 5 ліпеня 2001 году агент ФБР у Пэнікс, штат Арызона, Кэнэт Ўільямс перадаў свайму начальству службовую запіску. Ён папярэджваў, што некалькі мусульманскіх радыкалаў неяк дзіўна пачынаюць запісвацца ў школы пілятажу, у прыватнасьці, у Школу Астранаўтыкі ў Эмбры-Рыдл у штаце Арызона. Ён падазраваў, што памагатыя Бін Лядэна спрабуюць пранікнуць ў шэрагі пілётаў, супрацоўнікаў аховы альбо ў дапаможны пэрсанал цывільнай авіяцыі. Ўільямс цягам 11 гадоў працаваў у спэцыяльнай антытэрарыстычнай групе ФБР. Ён прапанаваў пачаць сачыць за падазронымі студэнтамі пілятажу. Службовую запіску ён паслаў у антытэрарыстычны аддзел ФБР у Вашынгтоне і ў два іншыя, якія займаліся распрацоўкай Аль-Кайды. На жаль, ягоныя папярэджаньні былі поўнасьцю праігнараваныя.

Пасьля гэтага, 16 жніўня, на падставе парушэньня іміграцыйных законаў ФБР арыштаваў Закарыяса Мусаві. Францускія спэцслужбы паведамілі амэрыканскім калегам аб сувязях Мусаві з экстрэмістамі, аднак ФБР палічыла, што няма ніякіх доказаў гэтага. І гэтым разам такая важная інфармацыя была праігнараваная…

Дырэктар ФБР тлумачыць гэта “паліткарэктнасьцю”. Маўляў, калі я пачну сачыць за ўсімі мусульманамі, якія вучацца пілятажу, мяне абвінавацяць у расавай прадузятасьці. Але ж пасьля арышту Мусаві выявілася, што ў школе пілятажу ў Норман, у штаце Аклахома, яго наведалі два тэрарысты, якія ўдзельнічалі ў замахах 11 верасьня. Мусаві, дарэчы, вучыўся пілятажу, але яго выразна не цікавіла прызямленьне. Ён, мабыць, і меў быць 20-м выканаўцам тэрактаў.

Так ці інакш, ФБР ня толькі само нічога не зрабіла ў гэтай справе, але і не паведаміла антытэрарыстычнай групе ў Белым Доме, якой асабіста кіравала Кандаліза Райс, дараднік ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Зараз у Белым Доме разумеюць, што калі-б ня гэтыя дзьве жахлівыя памылкі, усё магло б адбыцца інакш.

Магчыма, тэрактаў і не ўдалося б прадухіліць, але прынамсі можна было б адтэрмінаваць іх, ускладніць правядзеньне. Адсюль і цяперашнія ажыўленыя дэбаты ў ЗША, абвінавачаньні на адрас і выведвальных службаў, і самога прэзыдэнта Буша, якому на фоне гэтых фактаў мусіць быць вельмі няёмка. Ня маючы лепшых аргумэнтаў, ён проста кажа, што “калі б я ведаў пра замахі, то няўжо думаеце, што я сядзеў бы склаўшы рукі?”

Мабыць, найбольш няёмка цяперашняму кіраўніцтву ФБР. Яно прызнае сваю памылку, тлумачыцца, але ж усе разумеюць, што ФБР не здало экзамэну. Дык што мае намер рабіць далей? У чым мае палягаць рэформа?

Найперш гэтая рэформа будзе палягаць у тым, што ФБР перастане быць закрытай, сувэрэннай арганізацыяй, у якой няма нават пераплыву інфармацыі паміж паасобнымі аддзеламі. Большасьць амэрыканцаў разумеюць, што ФБР і да сёньняшняга дня зацыкленае на злачынствах унутранага характару, на тэрыторыі усіх штатаў, але не па-за межамі ЗША. У адрозьненьне ад ФБР, ЦРУ традыцыйна спэцыялізуецца ў выведвальнай дзейнасьці па ўсім сьвеце.

Учора на прэс-канфэрэнцыі дырэктар ФБР Робэрт Мілер сказаў, што ягонае агенцтва створыць новы аддзел. Яго заданьне будзе палягаць у каардынацыі выведвальнай працы з ЦРУ. Апрача таго, ФБР прыме на працу 900 новых агентаў: спэцыялістаў у галіне кампутарных тэхналёгіяў, лінгвістаў і навукоўцаў, якія будуць засяроджаныя на барацьбе з тэрарызмам. Тым ня менш, паводле Мілера, ФБР не адмаўляецца ад сваіх ранейшых,традыцыйных функцыяў: будзе надалей змагацца са злачынствамі ў галіне высокіх тэхналёгіяў, з карупцыяй, будзе распрацоўваць міжнародныя крымінальныя групоўкі, рассьледаваць крымінальныя злачынствы і абараняць правы амэрыканцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG