Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ECONOMIST”: “ЛУКАШЭНКА МОЦНА ТРЫМАЕЦЦА ВА ЎЛАДЗЕ”


Аляксандар Лукашук, Прага

Дасьледчыкі “Economist” вызначаюцца ляканічнасьцю, і таму я проста працытую іх выснову: “Як і падчас першага тэрміну, сп. Лукашэнка будзе працягваць дамінаваць на палітычнай сцэне, абапіраючыся на сакрэтныя службы і міліцыю, каб адначасова здушыць дэмакратычную апазыцыю і вядучыя фігуры бюракратыі”. Магчыма, гучыць урыху грувастка, але сэнс празрытсты. Біць сваіх і чужых, каб не дапусьціць стварэньня альтэрнатыўных асяродкаў улады і уплыву, – для гэтага, прадказваюць экспэрты, Лукашэнка і надалей будзе праводзіць нематываваныя кадравыя перамены. Іх мэта – не павышэньне эфэктыўнасьці, а выбіваньне глебы з-пад ног вышэйшай бюракратыі, каб тая не стварыла сваю сетку сувязяў, пабудаваных на асабістай адданасьці. Гэтай мэце служаць і пэрыядычная арышты ўплывовай намэнклятуры на месцах.

Што да пэрспэктываў апазыцыі, брытанскія аналітыкі лічаць, што апазыцыя будзе выключаная з палітычнага працэсу ўвесь пэрыяд знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе. Застанецца старая схема: апазыцыю ня будуць дапускаць да электронных СМІ, яна будзе вымушаная выходзіць на вуліцу, каб давесьці свой пункт гледжаньня, а улады будуць гэта скарыстоўваць, каб прадставіць апазыцыянэраў як небясьпечных экстрэмістаў, якіх нельга дапускаць да мікрафону і ня варта падтрымліваць. Паколькі апазыцыйным партыям у такіх умовах давядзецца шукаць падтрымкі за мяжой, у міжнародных праваабарончых арганізацыях, іх заўсёды можна будзе абвінаваціць у антыдзяржаўнай дзейнасьці.

Экспэрты адзначаюць, што сёньня цэнтар прыняцьця рашэньяў у Беларусі – прэзыдэнцкая адміністрацыя, закрытая непразрыстая структура. Намэнклятура перад ёй бясьсільная. Нават кіраўніцтва і дэпутаты гэтак званага нацыянальнага сходу часам спрабуюць крытыкаваць парадак прыняцьця рашэньняў, шлюць Лукашэнку прапановы, ствараюць фракцыі, але відавочна, што іх уплыў касмэтычны.

На думку экспэртаў, беларуская эканамічная сыстэма і палітыка застануцца бязь зьменаў. Рэжым будзе усё больш залежыць ад зьнешніх крыніцаў фінансаваньня. І гэтыя крыніцы не на Захадзе, а на Ўсходзе. Краіне пагражае інфляцыя, але грашовы саюз з Расеяй ня будзе заключаны – каб друкаваць грошы, патрэбны свой банк. І адсюль палітычная выснова брытанскіх экспэртаў: пагрозы Лукашэнку зыходзяць усё ж ад намэнклятуры і дэмакратычнай апазыцыі – пры умове іхнай падтрымкі з боку Расеі. На думку брытанскіх аналітыкаў, калі апанэнты Лукашэнкі прымусяць яго змагацца за ўладу, за выжываньне, такім чынам, што гэта будзе шкодзіць расейскім інтарэсам, Расея можа спыніць падтрымку Лукашэнкі і паспрыяць новым лідэрам, за якімі няма шлейфу сямігадовай антызаходняй, антырынкавай, антыдэмакратычнай палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG