Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЫ ПАДЗЕЦЦА ЛУКАШЭНКУ, КАЛІ РАСЕЯ І ЎКРАІНА ІНТЭГРУЮЦЦА З NATO?


Віталь Цыганкоў, Менск

Падпісаньне дэклярацыі аб стварэньні Рады NATO–Расея, а таксама рашэньне Ўкраіны ўхваліць доўгатэрміновую стратэгію, вынікам якой павінна стаць далучэньне Ўкраіны да NATO. Ці азначаюць гэтыя падзеі значныя палітычныя зьмены ў рэгіёне вакол Беларусі? Як кіраўніцтва Беларусі можа рэагаваць на новую геапалітычную сытуацыю?

Удзельнікі: былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі ды расейскі палітоляг Андрэй П’янткоўскі

(Віталь Цыганкоў: ) “У аўторак 28 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і лідары краінаў NATO падпісалі Рымскую дэклярацыю аб стварэньні Рады NATO–Расея. Аптымісты называюць гэтую падзею заканчэньнем халоднай вайны, скептыкі прынамсі прызнаюць значнасьць і сымбалічнасьць падпісаньня гэтага дакумэнту.

Іншай, магчыма, ня менш важнай падзеяй для рэгіёну вакол Беларусі стала рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны ўхваліць доўгатэрміновую стратэгію, вынікам якой павінна стаць далучэньне Ўкраіны да NATO.

Галоўная задача нашай сёньняшняй экспэртызы — прааналізаваць тое, як гэтыя два факты могуць паўплываць на сытуацыю ў нашым рэгіёне і на палітыку кіраўніцтва Беларусі. Ці лічыце вы гэтыя дзьве падзеі настолькі сур’ёзнымі, што яны дазваляюць гаварыць пра значныя палітычныя зьмены ў нашым рэгіёне? Ці гэтыя падзеі пакуль яшчэ зарана так радыкальна ацэньваць?”

(Павал Казлоўскі: ) “Падзеі гэтыя безумоўна, вельмі важныя. Калі была Расея ў складзе структуры “19 плюс 1”, гэта было адно. Аднак цяпер стала “Рада 20-ці” — на роўных умовах. Іншая справа, пад якія задачы створаная гэтая Рада. Таму я лічу гэта вельмі важнай падзеяй.

Тое, што прыняты праект дакумэнту на Ўкраіне, дзе сказана пра пэрспэктыву ўваходжаньня Ўкраіны ў NATO, гэта таксама вельмі сур’ёзна. Усе апошнія гады Ўкраіна заяўляла, што будзе праводзіць нэўтральную палітыку і ня будзе ўваходзіць у гэты блёк. Чаму такі рэзкі паварот — гэта ўнутраная справа Ўкраіны. Але гэтая падзея вельмі важная”.

(Андрэй П’янткоўскі: ) “Што тычыцца падпісанага сёньня пагадненьня, я згодны са спадаром Казлоўскім, што гэта, безумоўна, важнае пагадненьне. Але як мне ўяўляецца, і папярэдняе пагадненьне — гэтак званы заключны акт — хаця ён быў менш амбітным, тым ня менш ствараў магчымасьці для вельмі глыбокага супрацоўніцтва Расеі і NATO па многіх пытаньнях. І прычына таго, што гэтае супрацоўніцтва не адбылося, ні ў тым, што працэдура “19 плюс адзін” была дрэнная, а ў тым, што не было палітычнай волі з абодвух бакоў, і найперш з боку Масквы.

Таму будучыня новага фармату, які, безумоўна, больш прагрэсіўны за папярэдні, таксама залежыць ад жаданьня і палітычнай волі Масквы. Канечне, прэзыдэнт Пуцін дэманструе сваё імкненьне да самых глыбокіх дачыненьняў з Захадам.

Але я бы зьвярнуў увагу на такую дэталь. Учора адкрывалася ваенная місія NATO ў Маскве. Прыбыў старшыня ваеннага камітэту NATO. Чакалася, адпаведна прысутнасьць начальніка Генэральнага штабу Расеі Квашніна. Але ён не зьявіўся, спаслаўшыся на нейкія вялікія і важныя справы ў Крамлі — быў ягоны намесьнік. І гэта прагучала як нейкі жэст скептыцызму з боку расейскіх ваенных. Так што пачакаем, паглядзім, як будзе разьвівацца гэтая структура”.

(Цыганкоў: ) “Безумоўна, сумненьні наконт шчырасьці пазыцыі Масквы застаюцца, як і сумненьні наконт таго, наколькі сёньняшняя пазыцыя Пуціна падтрымліваецца расейцамі. Многія адзначаюць, што дзеяньні Пуціна ў наладжваньні такіх блізкіх стасункаў з Захадам у вялікай ступені супярэчаць поглядам ягоных выбаршчыкаў. 52% па-ранейшаму лічаць NATO пагрозай нацыянальнай бясьпецы Расеі.

Наколькі празаходні курс Пуціна можа суадносіцца зь ягонай падтрымкай антызаходняга кіраўніцтва Беларусі? Сваю антызаходнясьць Лукашэнка неаднаразова даказваў ня толькі рыторыкай, але і справамі — усёй сваёй замежнай палітыкай.

У мяне на гэты конт дастаткова скептычны погляд — Масква, напрыклад, захоўвае разыходжаньні з Вашынгтонам наконт Іраку, Ірану, Паўночнай Карэі. Тое ж самае можа тычыцца і Менску. Масква можа наладжваць дачыненьні з Захадам і пры гэтым працягваць сяброўства і інтэграцыю з аўтарытарнай Беларусьсю. Ці вы згодныя з такім падыходам?”

(Казлоўскі: ) “Саміт у Рыме і дэклярацыя, прынятая ва Ўкраіне, будуць аказваць вельмі ўплываць на палітыку Беларусі. Я бачу, што прэзыдэнт Лукашэнка цяпер загнаны ў кут. Таму што калі Расея была супраць пашырэньня NATO, Лукашэнка са сваімі агрэсіўнымі заявамі (накшталт таго, што ядзерную зброю вярнуць у Беларусь) быў вельмі добрым фарпостам. І ён быў выгадны ў гэтай частцы для Расеі.

Сёньня абстаноўка памянялася, і Лукашэнка “па-нармальнаму” павінен быў бы і памяняць сваю зьнешнюю палітыку. Але я вельмі сумняюся, што Лукашэнка здольны на тое, каб памяняць сваю зьнешнюю палітыку.

Я ведаю, што многія выбаршчыкі ў Беларусі і Расеі настроеныя супраць NATO. Лукашэнка будзе абапірацца на гэтую частку насельніцтва. Але гэтая палітыка будзе памылковай і да добрых вынікаў ніколі не прывядзе Беларусь”.

(П’янткоўскі: ) “Па-першае, я бы трошкі паспрачаўся і з вамі, і з Паўлам Паўлавічам наконт настрояў расейскіх выбаршчыкаў. Гэтыя ўсе апытаньні — яны вельмі рухомыя, залежаць ад настрою, ад крыўды падчас Алімпіяды, ад сфармуляванага пытаньня. Праблема Пуціна не ў антызаходніх настроях насельніцтва — іх няма. Праблема Пуціна ў антызаходніх настроях эліты, палітычнай клясы, якая атачае яго.

Што да Лукашэнкі, то калега мае рацыю, што антызаходняя пазыцыя Масквы вельмі выгадная Лукашэнку, яна дае яму магчымасьць для дэмагогіі, “прадаючы” сябе як аванпост, што абараняе Расею ад нашэсьця заходніх ордаў. Кожны раз, калі яго пытаюцца пра даўгі, ён адказвае: “Што гэта, сотні мільёнаў. Вы мне мільярды павінны за тое, што я абараняю межы Садружнасьці...”

Таму пакуль ёсьць шанец для павароту расейскай палітыкі, ён за гэта будзе чапляцца. Але мне здаецца, што Лукашэнка палітык настолькі прагматычны і цынічны, што калі ён адчуе, што “заходняя” карта больш не працуе, ён пераўтворыцца ў самага гарачага прыхільніка супрацоўніцтва Беларусі з NATO, абы захаваць свае ўладныя пазыцыі”.

(Цыганкоў: ) “Такі вось погляд на Лукашэнку з Масквы. У мяне ж, напрыклад, уражаньне, што Аляксандар Лукашэнка можа ніяк і не рэагаваць на апошнія геапалітычныя зьмены. Будзе працягваць сваю цяперашнюю палітыку, спадзявацца на магчымы антызаходні паварот, пра які гаварыў спадар П’янткоўскі, спадзявацца на тое, што зноў можа ўзьнікнуць нейкі агеньчык супрацьстаяньня паміж NATO і Расеяй — бо Лукашэнку патрэбнае гэтае супрацьстаяньне. А калі такі агеньчык не ўзьнікне, то працягваць абапірацца на антызаходнія настроі многіх выбаршчыкаў у Расеі і на левую апазыцыю.

Калісьці думалі, што дэмакрат Ельцын ня будзе падтрымліваць таталітарнага Лукашэнку. Але празь некалькі месяцаў пасьля выбараў Ельцына ў 1996 годзе ў Беларусі ў лістападзе адбыўся рэфэрэндум-пераварот, на якім Лукашэнку падтрымалі найвышэйшыя прадстаўнікі расейскай улады — Чарнамырдзін, Строеў і Селязьнёў.

Чаму б Пуціну, які ў значна большай ступені кіруецца геапалітычнымі інтарэсамі Расеі, не падтрымліваць Лукашэнку? Што яму можа перашкодзіць? Хіба будзе ЗША моцна ціснуць на Расею з-за такой нязначнай краіны як Беларусь?”

(П’янткоўскі: ) “Амэрыка, канечне, не — калі яна заплюшчвае вочы на тое, што адбываецца ў Чачэніі... Амэрыка вядзе вельмі сур’ёзную геапалітычную гульню з Масквой з агульнымі інтарэсамі ў Цэнтральнай Азіі, на Далёкім Усходзе, на энэргетычных рынках. Так, на выбрыкі Лукашэнкі ЗША вочы заплюшчаць і асаблівага ціску ў гэтым дачыненьні на Маскву ня будуць аказваць.

Але справа ў іншым. Так, таталітарную ўнутраную палітыку Лукашэнкі Пуцін цярпець будзе, але калі Пуцін сур’ёзна зробіць выбар на карысьць Захаду і павядзе са сабой эліту і грамадзтва, ён не дазволіць Лукашэнку блытацца ў яго пад нагамі”.

(Казлоўскі: ) “Апошнія словы спадара П’янткоўскага вельмі важныя. Калі Пуцін сур’ёзна працягне сваю цяперашнюю палітыку да Захаду, ён сам будзе разумець, што Лукашэнка будзе перашкодай як саюзьнік. Я разумею, што ў Расеі і правыя, і левыя падтрымліваюць саюз зь Беларусьсю.

Але калі сытуацыя памяняецца, такі саюзьнік ня будзе задавальняць Пуціна. Зьнікненьні людзей, закрыцьцё газэтаў, гэтак далей. Я бачыў у прэсе, што намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Пфайфэр вельмі жорстка выказаўся пра палітыку Лукашэнкі. Пра гэта кажуць пакуль што чыноўнікі невысокага рангу Амэрыкі, чыноўнікі Эўропы, але, я ўпэўнены, гэты хор сальецца ў адзіную песьню, якая будзе вельмі сумнай для Лукашэнкі”.

(Цыганкоў: ) “Адзначу, што Зьбігнэў Бжэзіньскі, за якім цягнецца рэпутацыя галоўнага антысаветчыка і русафоба на Захадзе, заявіў, што ў Расеі няма альтэрнатывы інтэграцыі з Захадам. Дарэчы, у гэтым інтэрвію італьянскай газэце “La Stampa”, сярод тых праблемаў, якія яшчэ ня вырашаныя паміж Масквой і Вашынгтонам, Бжэзіньскі назваў тры рэчы: канфлікт у Чачэніі, умацаваньне дэмакратыі ў Расеі і падтрымка Масквой дыктатарскіх рэжымаў, такіх як беларускі.

Дазволю сабе коратка падвесьці вынікі нашай “Экспэртызы”. І скептыкі, і аптымісты пагадзіліся, што кіраўніцтву Беларусі ня ўдасца цалкам праігнараваць тыя геапалітычныя зьмены, якія адбываюццца цяпер у Эўропе, ня ўдасца бяз стратаў працягваць сваю антызаходнюю рыторыку і палітыку, ня ўдасца застацца некранутым астраўком у асяродку краінаў, якія альбо ўваходзяць у NATO, альбо шчыльна супрацоўнічаюць з NATO”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG