Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА СУД НАД МІХАІЛАМ ЧЫГІРОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле эпізоду з падаткамі, які сёньня разглядалі на працэсе над былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром, яму пагражае сем гадоў турмы. Сьледзтва сьцьвярджае, што Міхаіл Чыгір ня цалкам разьлічыўся зь дзяржавай за заробкі ў якасьці кансультанта нямецкага канцэрну “Геа” ў 1998 годзе.

Міхаіл Чыгір вінаватым сябе не прызнае. Ён сьцьвярджае, што разьлік падаткаў яму рабілі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі Фрунзенскага раёну Менску, і ён зрабіў усё адпаведна гэтым разьлікам, заплаціўшы больш за паўмільёна рублёў.

З паказаньняў супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі, якія прагучалі сёньня, вынікае прынамсі тое, што ў працы з падаткаплатнікам Міхаілам Чыгіром сапраўды былі памылкі. Прыкладам, сьведка Ніна Каранеўская пагадзілася, што не было атрыманае дакумэнтальнае пацьверджаньне вусных заяваў Міхаіла Чыгіра пра ўплату падаткаў у Нямеччыне. Яна ўвогуле ня здолела адказаць, ці існавалі інструкцыі, як шукаць такія дакумэнты.

Таксама шмат часу суд надаў пытаньню, ці сапраўды Чыгір у 1998 годзе жыў і працаваў у Маскве. Гэта важна, бо паводле ранейшага закону аб падаткаабкладаньні, калі б ён жыў за мяжой больш за шэсьць месяцаў, то ўвогуле мог не плаціць падаткі ў Беларусі. Супрацоўніца падатковай інспэкцыі Галіна Сядзякіна з гэтым пагадзілася і нават заявіла, што гатовая пералічыць Чыгіру падаткі й адмовіцца ад прэтэнзіяў да яго, калі ён дакажа, што жыў у Маскве, а не наведваў сталіцу Расеі як камандзіраваны зь Менску.

Чым пацьвердзіць свае словы Міхаіл Чыгір, стане вядома на наступным паседжаньні. Пакуль толькі вядома, што сьледзтва рыхтуецца абвергнуць ягоныя доказы сьведчаньнямі некаторых сьведкаў-журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG