Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ ФУТБАЛІСТАЎ ЗАГАДКАВАЯ СЛАВЯНСКАЯ ДУША


Алена Панкратава, Менск

Жыхару Майнцу Карлу Фарзангу нямногім болей за 30 гадоў. Прыблізна палову свайго жыцьця ён наведвае самыя розныя міжнародныя футбольныя турніры.

У 1992 годзе гэты малады немец разам зь сябрамі арганізаваў адмысловы клюб для тых, хто хоча наведаць як мага болей тых краінаў, дзе гуляюць у футбол. Ад большасьці звычайных футбольных заўзятараў удзельнікі клюбу адрозьніваюцца сваёй надзвычайнай экіпіроўкай. Кожны мае па некалькі прафэсійных фотаапаратаў і па тэлевізійнай камэры — яны фіксуюць літаральна кожны гол, кожны спрэчны момант у часе той ці іншай гульні. Часам гэта бываюць даволі ўнікальныя кадры, таму шэраг вядомых спартовых камэнтатараў Эўропы зьвяртаюцца да Карла Фарзанга з просьбай скарыстацца ягоным архівам.

На футбольны чэмпіянат у Японіі і Паўднёвай Карэі Карл Фарзанг едзе цягніком праз Бэрлін, Варшаву, Берасьце, Менск, Маскву, Уладзівасток. “Я абраў гэты шлях амаль на 10 тысяч кілямэтраў ня толькі дзеля таго, каб убачыць экзотыку. Мяне цікавяць пэўныя футбольныя клюбы Расеі і, галоўным чынам, мала вядомай мне Беларусі. Гэтай краінай я зацікавіўся самым апошнім часам — пасьля таго, як яна выйграла кубак LG-Eleсtroniс”.

Паводле нямецкага заўзятара, у беларускай футбольнай каманды нейкая загадкавая славянская душа. Таму сваю паездку на буйны міжнародны чэмпіянат ён сплянаваў такім чынам, каб зрабіць прыпынак у Берасьці і паглядзець гульню між мясцовым “Дынама” і гомельскім клюбам. Матч у Берасьці стаў для заўзятара пэўнага кшталту юбілейным — гэта 1250-я гульня, на якой ён прысутнічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG