Чуткі пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту цыркулююць з часу абвешчанай уладамі падрыхтоўкі пэнсійнай рэформы. Чыноўнікі нібыта намерваюцца пераняць прыклад некаторых эўрапейскіх дзяржаваў, дзе пэнсійны ўзрост большы на некалькі гадоў. У Беларусі працаздольны ўзрост прапануюць падоўжыць на пяць гадоў: да 60 жанчынам і да 65гадоў мужчынам. Аднак гэтыя намеры абураюць многіх жыхароў Менску.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да ідэі падвысіць пэнсійны ўзрост?”
(Спадар: ) “Я лічу, што гэта ранавата яшчэ, таму што працягласьць жыцьця ў нас нізкая, асабліва ў мужчынаў. Чалавек нават не пасьпее выйсьці на пэнсію. Калі працягласьць жыцьця будзе такой, як на Захадзе, тады й пэнсійны ўзрост павінны быць, як на Захадзе”.
(Спадарыня: ) “Я нездаровая, дык мне патрэбна было б і ў 50 ісьці на пэнсію. Так і людзі: бальшыня — хворыя. Хаця б у 55 ішлі, як і цяпер”.
(Іншая спадарыня: ) “Гэта бязладзьдзе, гэта злачынства — я лічу. Што, людзі адпавядаюць гэтаму ўзросту, і здароўе іх настолькі моцнае? Чаму яны працуюць? Толькі таму, што вымушаныя, бо ня могуць пражыць на мізэрную пэнсію”.
(Спадар: ) “Пэнсійны ўзрост павінен быць для мужчыны — 55, а жанчыне, напэўна, увогуле ў 45 гадоў на пэнсію трэба выходзіць. Дзеці, гаспадарка, сям’я — гэта ж трэба даглядаць. А тады няхай працуюць па жаданьні — як могуць. Канечне ж, лепш раней, бо здароўе яны добра растрачваюць”.
(Спадарыня: ) “Мне год да пэнсіі застаўся, і я ўжо мару, калі буду вольная ад працы. Ня ведаю, як мы вытрываем”.
Галоўнай прычынай, з-за якой нельга падвышаць пэнсійны ўзрост, менчукі называюць здароўе беларусаў. Паводле іх перакананьняў, бальшыня людзей не дажыве да заслужанага адпачынку.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да ідэі падвышэньня пэнсійнага ўзросту?”
(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта няправільна, бо жанчынам трэба дзяцей выхоўваць. Вось у мяне ўжо такі перадпэнсійны ўзрост — і я ўжо задумваюся. Многія жанчыны нават не дажываюць да гэтага часу”.
(Спадар: ) “Я катэгарычна супраць. Ці мы дажывем да гэтага часу? Не, не дажывем. Хоць бы да 50-ці — і тое добра б было”.
(Спадарыня: ) “У нас тады да пэнсіі ніхто не дапрацуе”.
(Спадар: ) “Я да 65 не дажыву. Якая там ужо пэнсія!”
(Спадарыня: ) “Ну, дай Бог здароўя, дык можна было б зарабляць і бяз пэнсіі. Але здароўе з кожным годам усё горшае, і многія не дажываюць да таго пэнсійнага ўзросту. Я ўжо сама на пэнсіі — 58 гадоў, і я вымушаная працаваць, бо на адну пэнсію не пражыву. А многія мусяць нават і ў 70 гадоў яшчэ працаваць”.
(Спадар: ) “Вы што! Ды чалавек не дажывае да гэтага ўзросту. Канечне, калі ён сядзіць у вярхах, яны там нічога ня робяць, і яны нармалёва дажываюць. Іх усіх неабходна адправіць на заслужаны адпачынак. Паглядзіце, хто ў парлямэнце: па 60, па 70 гадоў. Што яны там робяць? Яны толькі “за” галасуюць — як ім скажуць. Хто іх выбіраў? А моладзь ня можа нікуды прабіцца толькі вось з-за такіх”.
Цяперашнім уладам усё цяжэй спраўляцца з абавязкамі сацыяльных абаронцаў людзей пэнсійнага ўзросту: днямі кіраўніца міністэрства Антаніна Морава абвесьціла, што не стае грошай — чакаюцца вялікія затрымкі з выплатамі пэнсіяў. Чыноўнікі не выключаюць, што падаўжэньне працаздольнага ўзросту стане адзіным шляхам выратаваньня пэнсійнай сыстэмы Беларусі.