Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІСКАЛЬНЫЯ ОРГАНЫ РАСПАЧАЛІ ПРАВЕРКІ Ў РЭДАКЦЫЯХ ЧАСОПІСАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Такую надзвычайную ўвагу высокіх кантралёраў да сьціплых фінансавых справаў літаратурна-мастацкіх часопісаў іхныя галоўныя рэдактары зьвязваюць з жаданьнем улады надаць ідэалягічнай справе гвалтоўнай зьмены рэдакцыйнай палітыкі крымінальнае адценьне. Таму што ініцыятары гвалтоўнага аб’яднаньня пяці часопісаў і тыднёвіка “ЛіМ” у адно дзяржаўнае прадпрыемства, якім пастаўленыя кіраваць людзі, далёкія ад літаратуры, не чакалі велізарнага грамадзкага рэзанансу гэтае справы.

І тады яны паспрабавалі перахапіць у гэтым ініцыятыву, абвесьціўшы сьпіс імёнаў выбітных айчынных творцаў, якім забараняеца зьяўленьне ў дзяржаўных часопісах. Але да названых чатырох прозьвішчаў — Быкава, Барадуліна, Законьнікава і Гілевіча дабрахоць далучаюцца дзясяткі іншых вядомых літаратараў, якія на знак пратэсту супраць увядзеньня цэнзуры адмаўляюцца друкаваць свае творы ў “Полымі”, “Крыніцы”, “Нёмане”, “Маладосьці”, “ЛіМе”. У прапрэзыдэнцкай “Всемирной литературе” пісьменьнікі дэмакратычнае арыентацыі не друкаваліся і раней.

І вось пасьля таго, калі гэтак званы ліквідацыйны працэс ранейшых рэдакцыяў амаль завершаны, дзьверы бугальтарскіх пакояў рэдакцыяў аплямбаваныя і на іх павешаныя шыльдачкі “Не ўваходзіць”. Вынікі праверак кантралёры абяцаюць абвесьціць пры канцы тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG