НАВІНЫ НАВУКІ ДЫ ТЭХНАЛЁГІЯЎ
Часопіс "New Scientist" піша, што Індыя на сёньня мае каля 65 ядзерных боегаловак, зробленых з 310 кіляграмаў плютонію. Пакістан мае каля 40 боегаловак з 690 кіляграмаў урану.
ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Брытанскі навуковец Вільям Грант знайшоў найстарэйшы абразчык ДНК – матэрыялу, зь якога будуюцца жывыя арганізмы. Мікраарганізм узростам 425 мільёнаў гадоў быў знойдзены ў радовішчы солі ў бязьлюдным раёне амэрыканскага штату Мічыган. Гэты абразчык ДНК у 4 тысячы разоў старэйшы за дагэтуль вядомыя навуцы. Дасюль найстарэйшы генэтычны матэрыял знаходзілі ў лёдзе, і звычайна ён належыў дагістарычным сысунам. Прафэсар Грант кажа, што ягоная знаходка адкрывае новыя магчымасьці дзеля дасьледваньня вытокаў жыцьця на Зямлі. Гэта таксама можа дапамагчы ў працы касьмічных дасьледчыкаў, якія шукаюць праявы жыцьця па-за межамі нашай плянэты.
НІДЭРЛЯНДЫ. Дзяўчынка, у якой выдалілі частку мозгу, адказную за мову, зьдзівіла дактароў вольным валоданьнем дзьвюма мовамі. Чатыры гады таму хірургі былі вымушаныя з-за рэдкай хваробы выдаліць амаль палову мозгу, у тым ліку моўны цэнтар, у галяндзкай дзяўчынкі, якой тады было тры гады. Аднак нягледзячы на гэта, цяпер сямігадовая дзяўчынка вольна размаўляе па-галяндзку і па-турэцку. Дактары кажуць, што іншыя ўчасткі глуздаў, верагодна, узялі на сябе функцыі выдаленага цэнтру.
ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Навукоўцы зь Бірмінгему вынайшлі новы мэтад штучнага вырошчваньня скуры, які можа дапамагчы ахвярам апёкаў. Доктар Алан Кумбз, які ўзначальвае дасьледаваньні, кажа, што новая мэтодыка таксама дапаможа людзям зь іншымі сур'ёзнымі пашкоджаньнямі. Матэрыялам дзеля вырошчваньня скуры служыцьмуць клеткі самога пацыента. Цяпер хірургам не спатрэбіцца зразаць скуру са здаровых частак цела дзеля перасадкі. Новы мэтад памяншае колькасьць шнараў і забясьпечвае хутчэйшае зажыўленьне.
ЗША. Какосавыя арэхі больш небясьпечныя для чалавечага жыцьця, чым акулы-людажэры. Дасьледчык акулаў з амэрыканскага штату Флёрыда Джордж Бэрджэс кажа, што наведнікі трапічных пляжаў ня маюць прычынаў, каб усур'ёз хвалявацца аб магчымасьці нападу гэтых марскіх драпежнікаў. За мінулае лета па ўсім сьвеце было зафіксавана толькі 76 нападаў акулаў на турыстаў. У той жа час какосавыя арэхі, якія падаюць з пальмаў, штогод забіваюць у трапічных краінах каля 150 чалавек. Як кажа Бэрджэс, "калі паглядзець на сьпіс небясьпекаў, якія чакаюць вас падчас адпачынку на моры, акулы будуць у самым нізе гэтага сьпісу".
ЗША. Самотныя людзі трапляюць пад большую рызыку сардэчных хваробаў, паказвае новае дасьледаваньне Чыкагскага ўнівэрсытэту. Дасьледчыкі папрасілі 89 удзельнікаў экспэрымэнту вырашыць матэматычныя задачы і напісаць прамову ў адказ на абвінавачаньне ў крадзяжы. Пры гэтым у самотных удзельнікаў падымаўся ціск з-за праблемаў зь бегам крыві. Гэтыя сымптомы наўпрост зьвязаныя з высокай рызыкай хваробаў сэрца.