Герой старажытнага міту Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у багоў несьмяротнасьць. Але ён забыўся папрасіць вечную маладосьць, і ў старасьці ягонае жыцьцё ператварылася ў пакуты. Як жыць доўга, і захаваць добрае здароўе да старасьці? Як зрабіць старасьць такім жа прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?
Усясьветная Арганізацыя Здароўя апублікавала дакумэнт аб гэтак званай “глябальнай стратэгіі у справе традыцыйнай і альтэрнатыўнай мэдыцынаў на 2002-2005 гады”. Арганізацыя, у склад якой уваходзіць 191 краіна сьвету, лічыць, што існуе неабходнасьць распрацоўкі ўзважанай палітыкі ў справе народнай мэдыцыны і гэтак званых “дадатковых альбо альтэрнатыўных” мэтадаў лячэньня. Паводле афіцыйнага вызначэньня, дадатковaя (complementary) тэрапія – гэта тая, якая ўжываецца побач з традыцыйнай, а “альтэрнатыўная” – заміж яе.
Папулярнасьць абодвух гэтых мэтадаў лячэньня рэзка павялічваецца нават у разьвітых краінах. Людзі, якія зь цяжкасьцю спраўляюцца з імклівымі тэмпамі жыцьця і працы, ахвотна паддаюцца натуральным тэрапіям, такім, як ёга, тай шы або масаж. Разам з пагаршэньнем стану навакольнага асяродзьдзя і паўсюднай хіміяй расьце туга за чыстым харчаваньнем і натуральнымі мэтадамі лячэньня. Усё болей людзей ў разьвітых краінах лічаць традыцыйныя мэтады лячэньня “згоднымі з натурай” і пры тым гэтак жа пасьпяховымі, як і фармакалягічныя лекі. Адсюль адыход ад таблетак на карысьць экзатычных зёлак ці акупунктуры.
Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, доля лекаў паводле рэцэптаў народнай мэдыцыны ў Этыёпіі дасягае 90%. У Францыі альтэрнатыўнай мэдыцынай карыстаюцца тры чвэрці насельніцтва, а ў Нямеччыне што чацьвертая клініка выкарыстоўвае мэтады альтэрнатыўнай мэдыцыны для абязбольваньня. Аднак, паводле дакумэнту, разам з ростам папулярнасьці народнай мэдыцыны павялічылася і колькасьць яе ахвяраў як сярод “некрытычных энтузіястаў, так і сярод недаінфармаваных скептыкаў”. У ЗША легальна ў якасьці дапаможнага леку прадаецца кітайская расьліна, якая нібыта аблягчае дыханьне – Ma Huang. Аднак, паводле Арганізацыі, ужываньне гэтага леку дае нэгатыўныя пабочныя эфэкты і нават прывяло да сьмерці як мінімум некалькіх дзясяткаў чалавек.
Усясьветная Арганізацыя Здароўя канстатуе, што з эканамічных і культурных прычынаў траціна жыхароў краінаў Трэцяга Сьвету цалкам не карыстаюцца сучаснай мэдыцынай. Некаторыя краіны, такія, як Кітай, Віетнам, Паўночная і Паўдзённая Карэя, цалкам інтэгравалі народныя мэтады лячэньня ў сучасную сыстэму аховы здароўя. Агулам толькі ў 25 краінах сьвету дзейнічаюць строгія правілы ліцэнзаваньня дзейнасьці альтэрнатыўнай мэдыцыны, а таксама праверкі яе бясьпекі і эфэктыўнасьці. Зараз, з улікам папулярнасьці народнай мэдыцыны, кіраўніцтва Арганізацыі хоча схіліць усе астатнія краіны сьвету рацыянальна падысьці да праблемы і гарантаваць доступ пацыентаў да альтэрнатыўных мэтадаў лячэньня пры наяўнасьці поўнай іх бясьпекі для здароўя.
Зараз натуральныя мэтады лячэньня маюць хутчэй больш прыхільнікаў, чым праціўнікаў. У якасьці “дапаможнай тэрапіі” яны не выклікаюць супраціву з боку сучасных спэцыялістаў, і толькі зрэдку можна пачуць абвінавачаньні ў знахарстве. У сытуацыях, калі традыцыйная мэдыцына бездапаможная, напрыклад, у выпадку хваробы хрыбта, спэцыялісты адсылаюць пацыентаў да народных лекараў. Студэнты мэдыцыны ў абавязковым парадку знаёмяцца з некаторымі галінамі натуральнай тэрапіі, а гамеапатыя ў большасьці заходніх краінаў прызнаная адным з мэтадаў гэтак званага “асноўнага лячэньня”.
Прыхільнікі гамеапатыі лічаць, што лячэньне зёлкамі – гэты стары, клясычны, правераны мэтад лячэньня, які скарыстоўвае назапашаныя пакаленьнямі веды. На іхную думку, гамеапатычныя лекі лепшыя за хімічныя, бо тыя, як прынята лічыць, “у адным дапамагаюць, а ў іншым шкодзяць”. Некрытычна вераць у гэтае мільёны чалавек, але што кажа на гэта навука? Нацыянальны Інстытут Здароўя ЗША грунтоўна дасьледаваў большасьць ужываных на Захадзе лекаў. Брытанскі навуковец з Унівэрсытэту Эксэтэр (University of Exeter) Эдзард Эрнст (Edzard Ernst) засяродзіўся на 6 найбольш папулярных на Захадзе зёлкавых прэпаратах. Выснова гэтых дасьледаваньняў: у прынцыпе ўсе яны могуць дапамагчы, але нельга выключыць і пабочныя эфэкты.
Ginkgo biloba – самы папулярны зёлкавы прэпарат. Ён паходзіць з дрэва, якое можа жыць нават тысячу гадоў. Ужо ў старажытнасьці кітайцы ўжывалі яго лісьце і зёрны пры лячэньні астмы, хваробах бронхаў і лёгкіх а таксама для паляпшэньня кровазвароту. Зараз гэты лек шырока выкарыстоўваецца пры хваробах пячонкі і нырак, цукровай хваробе, пры пагаршэньні зроку і слыху, амнэзіі, інакш кажучы, пры хваробах, зьвязаных са старэньнем арганізму. На думку прафэсара Эдзарда Эрнста, у асноўным гінкго білоба станоўча ўплывае на арганізм, аднак у некаторых выпадках ён можа выклікаць крывяцёк. Яго таксама нельга прыймаць зь лекамі, якія разрэджваюць кроў.
St.John’s wort – сьвятаянская траўка, кусьцістая расьліна з жоўтымі кветкамі, якая расьце ў сухіх і сонечных месцах, пераважна на скалах. Яе здаўна ўжывалі пры мэнструацыйных болях, мігрэні, бяссоньніцы і дзеля паляпшэньня настрою, але ў асноўным гэтая расьліна лічыцца супрацьдэпрэсійным лекам. Паводле д-ра Эрнста, сьвятаянская траўка значна лепшая за іншыя фармацэўтычныя лекі, такія, як папулярны Prozac. Бадай, галоўны мінус, зноў жа, у тым, што прэпарат нельга прымаць адначасова зь некаторымі іншымі лекамі, асабліва ўжыванымі пры лячэньні СНІДу, з кантрацэптыўнымі сродкамі ды іншымі супрацьдэпрэсійнымі лекамі.
Жэньншэнь (Ginseng). Адзін з найбольш папулярных расьлінных лекаў. Корань жэньшэня ўжываецца ў мэдыцыне Далёкага Ўсходу ўжо 5 тысячаў гадоў. Ён стымулюе мэтабалізм, карысна дзейнічае пры агульнай фізычнай і псыхічнай зьнясіленасьці, зьніжанай канцэнтрацыі і вітальнасьці. Жэньшэнь лічыцца лекам, які папраўляе агульнае самаадчуваньне і падаўжае жыцьцё. Аднак, паводле Нацыянальнага Інстытуту Здароўя (National Institutes of Health), жэньшэнь можа выклікаць галаўны боль, галавакружэньне, раздражненьне скуры і нават атакі астмы.
Echinacea – гэтая расьліна з Паўночнай Амэрыкі званая “цудоўнай кветкай індзейцаў”. У Эўропе яна вядомая з 17-га стагодзьдзя. Эхінацэя – гэта моцны натуральны антыбіётык. Яна ўзмацняе імунную сыстэму, павышае адаптацыйныя магчымасьці арганізму, мае супрацьзапаленчыя ўласьцівасьці, яе ўжываюць пры хранічных, інфэкцыйных, вірусных, запаленчых станах унутраных органаў, у прыватнасьці, пры лячэньні грыпу. Яна дапамагае пры ачышчэньні і лячэньні ранаў і апёкаў. На жаль, згодна з дасьледаваньнямі, у некаторых выпадках эхінацэя можа выклікаць алергічныя рэакцыі.
Saw palmetto – ягады карлікавай пальмы з Паўднёвай Амэрыкі. Гэты сродак здаўна ўжываўся для гамаваньня росту раку прастаты, пры інфэкцыях мачаполавай сыстэмы. Яна таксама стымулюе лібіда. Дагэтуль ня выяўлена шкоднасьці спалучэньня гэтага сродку зь іншымі лекамі. Бадай, асноўны мінус гэтых ягадаў такі, што ў неадпаведных дозах яны могуць выклікаць адваротны эфэкт, павелічэньне прастаты.
Kava-kava. Расьліна родам з выспаў паўдзённай часткі Ціхага акіяну. Жыхары гэтых выспаў цягам стагодзьдзяў вырабляюць нацыянальны напой пад назовам “ ава”. Кава-кава дзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму. Яна ўжываецца найперш пры нэрвовых станах і бяссоньніцы. Аднак, згодна з дасьледаваньнямі, пры некантраляваных дозах гэты лек нэгатыўна ўплывае на пячонку, можа выклікаць зьмены ў скуры, павышаны крывяны ціск, выпаданьне валасоў, пагаршэньне зроку і дыханьня, а таксама галавакружэньне. Кава-кава вельмі шкодная, калі яе ўжываць разам з алкаголем. У Нямеччыне і Швайцарыі яна цалкам забароненая.
Паводле Нацыянальнага Інстытуту Здароўя у, зараз ў ЗША штогод прадаецца зёлак і расьлінных прэпаратаў на суму 35 мільярдаў даляраў. З дасьледаваньняў вынікае, што ў прынцыпе яны бясьпечныя. Толькі 12% усіх гэтых лекаў могуць мець нейкія шкодныя, пабочныя эфэкты. Часопіс “Nutrition Bussiness Journal” апублікаваў сьпіс зёлак, якія могуць мець такія эфэкты. У ім знайшліся ўсе вышэй пералічаныя лекі, за выняткам сьвятаянскай траўкі, але таксама часнык, валерыяна і альвас. Паводле часопісу, небясьпека гэтых прэпаратаў вынікае толькі з таго, што людзі не заўсёды ведаюць, як, калі і ў якіх дозах прымаць іх.
А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age. Шматгадовая прывязанасьць (да людзей і рэчаў) у прынцыпе пахвальная, аднак не ў выпадку зубной шчоткі. У выніку звычайнага карыстаньня шчотка хутка старэе і здымае зубны асадак на 15% менш эфэктыўна, чым новая. Спэцыялісты рэкамэндуюць мяняць зубную шчотку як мінімум што тры месяцы. Паводле Real Age, рэгулярная чыстка і дбаньне пра стан зубоў зробіць наш біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
Каб зьменшыць верагоднасьць захварэць на хваробу Паркінсана, пажадана часьцей піць чай. Хаця раней навуковоўцы пацьвердзілі прафіляктычныя якасьці кавы, аднак, згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, два кубкі чаю на дзень могуць адчувальна зьменшыць рызыку захаварэць на хваробу Паркінсана. Чай зьмяшчае ў сабе карысныя для здароўя мікраэлемэнты, якіх няма ў каве, апрача таго, у ім менш кафэіну, чым у каве. Паводле Real Age, дзякуючы спажываньню ў ежы і дадатках адпаведнай колькасьці антыаксыдантаў, мы будзем пачувацца на 6 гадоў маладзейшымі.
Згодна з найноўшымі дасьледваньнямі, надзвычай карысны для арганізму арцішок. Гэтая гародніна багатая антыаксыдантамі, такімі, як цынарын, якія нэўтралізуюць шкодныя працэсы і прадухіляюць старэньне клетак. Акрамя таго, арцішокі ёсьць шчодрай крыніцай вітамінаў С і B, якія асабліва неабходныя ў першыя тыдні цяжарнасьці жанчыны. Паводле Real Age, калі 5 разоў на тыдзень спажываць розныя віды гародніны, біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшым.
Калі прынамсі тры разы на тыдзень мы будзем рабіць поўгадзінны шпацыр, выразна палепшыцца наш крывяны ціск. У тых, хто як мінімум тройчы на тыдзень хадзілі па 30-40 хвілінаў, прыкметна зьнізіўся крывяны ціск і зьменшылася небясьпека інсульту. Паводле спэцыялістаў, гімнастыка, рух і фізычная актыўнасьць прынамсі цягам адной гадзіны на тыдзень робіць на 6 зь лішнім гадоў маладзейшым.