Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІТРАПАЛІТ ФІЛАРЭТ ГАВОРЫЦЬ, ШТО НАПРУЖАНЫЯ СТАСУНКІ МІЖ МАСКОЎСКАЙ ПАТРЫЯРХІЯЙ І ВАТЫКАНАМ НЕ ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ ЯГОНЫМ СЯБРОЎСКІМ АДНОСІНАМ ЗЬ ГІЕРАРХАМІ КАСЬЦЁЛУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтую міжнародную канфэрэнцыю, якая мае назву "Духовае пакліканьне чалавека ў сэкулярным сьвеце", разам зь Беларускім экзархатам арганізавалі Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт, БДУ, міністэрствы культуры ды інфармацыі ды іншыя ўстановы. Удзел у ёй бралі амбасадары Польшчы, Чэхіі, Грэцыі, Ватыкану, а таксама каталіцкі мітрапаліт Любліна, арцыбіскуп Юзэф Жыціньскі, галоўны рэдактар каталіцкага выданьня "Tygodnik Powszechny" ксёндз Адам Банецкі ды іншыя каталіцкія сьвятары.

Арцыбіскуп Жыціньскі нават выступіў на чытаньнях з навуковым дакладам.

Цікава, што даволі прыязныя міжканфэсійныя стасункі паміж прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы ў Беларусі і Каталіцкага касьцёлу адбываюцца на фоне рэзкага пагаршэньня адносінаў паміж Маскоўскім патрыярхатам і Ватыканам.

Нагадаю, што пасьля утварэньня на тэрыторыі Расеі новых каталіцкіх дыяцэзыяў патрыярх Аляксій Дргугі й Сынод РПЦ замарозілі адносіны з прадстаўнікамі Апостальскай сталіцы. Чаму ж у Беларусі праваслаўныя гіерархі, падлеглыя маскоўскаму патрыярху, паводзяць сябе ў адносінах з каталікамі інакш? Спачатку я задаў гэтае пытаньне арцыбіскупу Жыціньскаму:

(Жыціньскі: ) "Я атрымаў запрашэньне прыехаць сюды яшчэ 8 месяцаў таму, калі дыялёг разьвіваўся бяз гэтых халодных акцэнтаў. Але хачу сказаць, што супрацоўніцтва між тэолягамі з экумэнічнага інстытуту Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту і Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Менску ёсьць трывалым, і невялікае напружаньне ня мае істотнага ўплыву на нашыя кантакты. Мы стараемся рабіць усё, каб Хрыстос, які нас аб'ядноўвае, аб'ядноўваў нас таксама й у справе адказнасьці за культуру, у клопаце пра чалавечую годнасьць. Каб глядзець не на тое, што нас падзяляе, а на тое, што ёсьць нашым супольным абавязкам".

Мітрапаліт Філарэт таксама лічыць, што напружаньне паміж Масквой і Ватаканам ня мусіць перашкаджаць адносінам паміж праваслаўнымі і каталікамі ў Беларусі:

(Філарэт: ) "Мы маем шмат сяброў у Каталіцкай царкве. Таму, мы й запрашаем заўсёды на нашыя мерапрыемствы нашых братоў у Хрысьце, каб разам дэманстраваць нашыя агульныя мэты – адзінства й братэрства. І будзем маліцца, каб гэта зьдзейсьнілася, каб вораг нам не перашкаджаў".

На думку спэцыяліста ў галіне царкоўнай палітыкі, намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыкі, мітрапаліт Філарэт цудоўна ведае, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, каля 20% насельніцтва каталікі і яму вельмі нязручна было б ісьці на канфрантацыю ды парушаць міжканфэсійную стабільнасьць. І ў гэтым сэнсе, на думку спадара Хадыкі, мітрапаліт Філарэт паказаў сябе як мудры сьвятар:

(Хадыка: ) "Калі мітрапаліт запрасіў такіх роўных яму дзеячоў Каталіцкай царквы на навуковую канфэрэнцыю, гэта безумоўна добра. Бо гэта ёсьць хоць і невялікі, але крок да вырашэньня экумэнічнай праблемы аб'яднаньня хрысьціянства".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG