Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ ЛІКВІДАЦЫІ "ЮНАЦТВА" ПАЦЕРПЯЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ДЗЕЦІ


Валянціна Аксак, Менск

Дырэктар выдавецтва Алесь Камароўскі ў гутарцы са мною не хаваў гонару за посьпехі:

(Камароўскі: ) "Чатыры дыплёмы атрымалі мы на рэспубліканскім конкурсе "Мастацтва кнігі". У намінацыі "Найлепшая дзіцячая кніга" прызнаная нашая кніга "Я – чалавек". Узьнялі якасьць паліграфіі і якасьць афармленьня, стварылі свой кампутарны аддзел... Многа зрабілі, каб павысіць якасьць кніжак..."

За тры апошнія гады толькі арыгінальныя аўтарскія кнігі выдавецтва павялічваліся на дзясятак і болей штогод. Сёлета мусіла быць выдадзена 47 кнігаў беларускіх пісьменьнікаў. Цяпер гэтыя пляны рухнулі. "Юнацтва" ліквідуецца. Замест яго пры выдавецтве "Мастацкая літаратура" з 33 цяперашніх спэцыялістаў, якія працавалі ў рэдакцыях літаратуры для дашкольнікаў, малодшых школьнікаў і падлеткаў, будзе ўтвораны адзін аддзел дзіцячай літаратуры са штатам шэсьць чалавек. Ад такіх рэформаў, на думку сп. Камароўскага, ня выйграе ніхто. А вось прайграўшых шмат.

(Камароўскі: ) "Будуць рэзаць, як кажуць, па жывому. Можа, будзе нейкая эканомія, але літаратура ня выйграе, дзеці ня выйграюць ад гэтага..."

Спадар Камароўскі лічыць, што гэтую ды іншыя створаныя рашэньнямі ўлады драматычныя сытуацыі мусіў абмеркаваць прызначаны на 29 траўня нечарговы пісьменьніцкі зьезд, а прынятыя ім дакумэнты маглі б паўплываць на разбуральныя дзеяньні чыноўнікаў.

(Камароўскі: ) "Яшчэ можна было нейкі паварот зрабіць, выпрацаваць нейкую рэзалюцыю. І можа прыслухаліся б, усё-ткі зьезд – гэта значная падзея, і дзяржава можа б дала на яго правядзеньне грошы, я думаю..."

Зьезд, аднак, у прызначаны радаю тэрмін не адбудзецца. На знак пратэсту Алесь Камароўскі ў ліку яшчэ некалькіх сяброў рады вырашыў выйсьці з кіраўнічага пісьменьніцкага органу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG