Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ: ЛУКАШЭНКА ХОЧА ВЫЙСЬЦІ СУХІМ З ВАДЫ


Алена Панкратава, Менск

Паводле Уты Цапф, стасункі, якія склаліся між афіцыйным Менскам і эўрапейскімі структурамі, выглядаюць не найлепшым чынам. Тое, што беларускія ўлады адкрыта дэманструюць сваё жаданьне пазбавіцца ад місіі АБСЭ, ёсьць нядобрым знакам для эўрапейскіх парлямэнтароў. Па сутнасьці, гэта захады супраць пэўнай палітычнай лініі арганізацыі, чыя дзейнасьць накіраваная на стварэньне бясьпекі і на супрацоўніцтва ў Эўропе.

(Карэспандэнтка: ) “Вы кажаце, што Беларусь цяпер яшчэ больш аддаленая ад Захаду, чым чатыры гады таму. Ці ня зрабілі ў гэтым зьвязку пэўных памылак і самі эўрапейскія палітыкі?”

(Цапф: ) “Лічу, што ніхто з парлямэнтароў ня будзе сьцьвярджаць, што ў дачыненьні да Беларусі не было зроблена нічога памылковага. Маё ўражаньне наступнае: памылкі рабіліся ў дэталях, часам ігнараваліся нейкія моманты асабістых дачыненьняў.

Апошнія чатыры гады я часта бывала ў Менску, шмат сустракалася і размаўляла з тагачасным кіраўніком КНГ Вікам. І магу засьведчыць, што існавалі моманты нейкага суперніцтва паміж ім і беларускім лідэрам. Лукашэнка аб’яўляў Віка ворагам, а Вік праз свае праекты выстаўляў у крытычным сьвятле беларускага кіраўніка. Такім чынам, узьнік пэўны камунікацыйны дэфіцыт на двухбаковым узроўні.

Улады спрабавалі цэнзураваць усю дзейнасьць КНГ, што супярэчыла дамовам. Аднак Лукашэнка належыць да тых, хто хоча ўсё трымаць пад кантролем. Калі гаварыць пра памылкі, то нельга сьцьвярджаць, што іх не было, аднак я ня бачу істотных стратэгічных памылак у нашай дзейнасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “У асяродку эўрапейскіх аналітыкаў можна пачуць, што Захад павінен рабіць пэўны ціск на Менск праз Маскву. Ці ўздымаў у гэтым зьвязку беларускае пытаньне нямецкі бундэсканцлер у часе апошніх перамоваў з Пуціным?”

(Цапф: ) “Ва ўсякім разе, мы прасілі яго аб гэтым. Я думаю, што гэта адзінае выйсьце — рабіць ціск на Беларусь праз Расею. Менск зацікаўлены ў беларуска-расейскім зьвязе. Думаю, у сваю чаргу, Расея таксама мае свае інтарэсы, яна хоча быць дамінуючым партнэрам для Беларусі. Такім чынам, Расея не абыякавая да таго, каб уплываць на палітыку Менску, да таго, каб Лукашэнка перабудоўваў сваю палітычную лінію”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму так здарылася, што эўрапейцы не адыгрываюць нейкай большай ролі ў гэтым кантэксьце?”

(Цапф: ) “Думаю, не таму, што эўрапейская інтэграцыя настолькі непрывабная для Беларусі, а Беларусь настолькі непрывабная для эўрапейскай інтэграцыі. Гэта знак часу. Пасьля канстытуцыйнага крызысу для Лукашэнкі самае галоўнае — захоўваць свае ўладныя стурктуры, трымаць усё пад кантролем.

Дэманструючы свой адпаведны аўтарытарны стыль, ён зьяўляецца для пэўнай часткі насельніцтва нейкім гарантам стабільнасьці й надзейнасьці. Людзі, якія паходзяць з аўтарытарнага грамадзтва, дзе ўсё ад нараджэньня да сьмерці разьмяркоўвалася дзяржавай, ведаюць таксама і пра тыя праблемы, якія сёньня маюць трансфармацыйныя дзяржавы — беспрацоўе, карупцыя”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, пэўнае разьвіцьцё ў лепшы бок у Беларусі магчымае з Лукашэнкам — ці толькі безь яго?”

(Цапф: ) “Калі Лукашэнка асэнсуе, што ў ягоных інтарэсах і інтарэсах дзяржавы, то ён дазволіць зрабіць нейкія крокі ў напрамку дэмакратызацыі. Тады ён зможа разьлічваць на падтрымку міжнародных арганізацыяў. Канечне, кожная трансфармацыя — цяжкая справа. Аднак пакуль Лукашэнка хоча выйсьці сухім з вады. І таму сытуацыя ўсё больш пагаршаецца. Тое, што ён робіць, мае нэгатыўныя наступствы. У грамадзтве шмат праблемаў. Тыя абяцаньні адносна павышэньня дабрабыту працоўных, якія рабіліся перад выбарамі, проста не выконваюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG