Яшчэ пры ад'езьдзе зь Менску я павесіў перад сабой геральдычны штандар Браслава – сёньня яго афіцыйны гарадзкі герб. Гэта шчыт, які сымбалізуе памежнае значэньне мясцовасьці. Без паўстагодзьдзя тысячагодзьдзе таму крэпасьць была ўтвораная тут полацкім князем Брачыславам Ізяслававічам, імем якога і названая. Блакітны фон шчыта нібы ўбірае ў сябе глыбіню і велічны спакой паўсотні азёраў, што акружаюць сталіцу Беларускага Паазёр'я. Пасярэдзіне гербу – акаймаваны сонечнымі промнямі роўнабаковы трохкутнік, у цэнтры якога – чалавечае вока. Тубыльцы называюць яго хто патаемным трэцім, хто боскім, позірк якога ўглядаецца ў цябе і апякуе ўсё існае.
Упершыню ні з чым не параўнальнае адчуваньне Браслаўшчыны зьведаў я ці ня ў самым прыгожым яе месцы, ля гары Маяк. Асаблівасьці пакручастага рэльефу паўвыспы паміж моцна зрэзанымі берагамі азёраў Снуды і Струста, паверхня якіх сонечным днём пераліваецца промнямі аж да болю ў вачох, ствараюць амаль фызычнае ўражаньне твайго зьліцьця зь небам, зямлёй і вадой. Здаецца, да іх адначасова можна дакрануцца рукамі. Так думаюць многія…
(Шыдлоўскі: ) “Польскі прафэсар Ежы Станіслаўскі, які шмат дасьледаваў нарвэскія фіёрды, пасьля наведваньня нашага краю сказаў: фіёрды – цуд, але на фіёрды я б паехаў пасьля Браслаўшчыны”.
Кастусь Шыдлоўскі, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музэю, палкі патрыёт, дасьледчык, гістарыёграф Віленскага краю, тым ня менш, хутка апусьціў мяне на зямлю. Такім заклапочаным я ўбачыў яго ўпершыню за гады нашага знаёмства.
Нават Беларускую Швайцарыю, як называюць яшчэ апісаныя мною вышэй краявіды ля гары Маяк, Кастусь ня першы год абыходзіць бокам, пасьля таго як на загад вядомага прэзыдэнцкага заўгаса Івана Іванавіча, псуючы ўнікальны ляндшафт, былі падведзеныя туды ледзь не аўтабаны. А ўздоўж пастаўленыя лубковыя шыльды-ўказальнікі. Браслаўчане міжсобку назваюць іх ''клешнямі Ціцянкова''.
Бокам абышлі мы лячэбніцу, пабудаваную на пачатку мінулага стагодзьдзя вядомым далёка за межамі краю лекарам Станіславам Нарбутам. Тагачасныя ўдзячныя гараджане пахавалі яго на Замкавай гары. Няўдзячныя сучасьнікі даюць помніку-шпіталю асыпацца ды разьбіраюць па цаглінах. Бадай, лішнім будзе наракаць пасьля гэтага на штучныя пагоркі са шкла ды плястыку, якія ўзьнікаюць кожным летам. “Разбураецца самая аснова,” – цьвердзіць Кастусь Шыдлоўскі.
(Шыдлоўскі: ) “Сам горад, калі б ён быў у эўрапейскім рэгіёне – не дапусцілі б росту гораду. Так, у Браславе ўсяго 10000 чалавек. Але ён чыста саўковы горад. Пяціпавярховік – гэта ўжо монстр! У мяне ёсьць фотаздымкі 1920-30 гадоў: узгорачкі, узьлесачкі, чысьцейшыя азёры, а на пагорку – вятрак. Можна было дапусьціць канцэнтрацыю прадпрыемстваў адпачынку, але ня льнозавод, харчкамбінат, тартак. Гэта рубец!”
(Карэспандэнт: ) “Але ж Браслаў – патэнцыйная турысцкая Мэкка! Да вас едуць аж з Кітая ды Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. На базе адпачынку Золава нумары каштуюць ад 150 да 300 даляраў у дзень”, – пахваляюся я сваёй інфармаванасьцю на мясцовай турбазе.
(Шыдлоўскі: ) “А ты патрап туды без тэлефанаваньня з адміністрацыі прэзыдэнта. Ды й знайдзі дурняў з тае ж Расеі, якія другім разам паедуць у мясьціны, дзе ўжо 17 гадоў няма гарачай вады. А бліжэйшая чыгуначная станцыя ад Браслава у 40 кілямэтрах. Каб па рэйках дабрацца да Менску, кажуць, трэба затраціць столькі ж часу, як на праезд да Масквы”.
Я знаходжу спадара Пліско, якога трымаюць, бадай, за самага дзелавога і дэмакратычнага гарадзкога галаву ад пачатку перабудовы. Анатоля Зьмітравіча прыбралі ў адстаўку 7 гадоў таму, бо занадта актыўна выступіў супраць Указу прэзыдэнта аб стварэньні Нацыянальнага парку ''Браслаўскія азёры'' – пад Ціцянкоўскім жа куратарствам. Тады замест узмацненьня прыродаахоўчых мерапрыемстваў яго памагатыя аб'ядналі лясгас, калгас, рыбгас ды прамкамбінат. Адбылася зачыстка былых кіраўнікоў. Утварылася ж прамысловая звалка з разарванымі вытворчымі сувязямі, састарэлым абсталяваньнем і бяз уласных рахункаў у банку. У хуткім часе – банкруцтва і сотні людзей на вуліцы.
(Сямашка: ) “Дзяржава можа рэальна разьвіваць турызм?”
(Пліско: ) “Калісьці была чыгунка-вузкакалейка – можна аднавіць і ладзіць экскурсіі па цікавых месцах. У зімовы пэрыяд – лыжы, рыбалка, вандроўкі, паляваньне. Разьвіцьцё паруснага спорту. У нас быў аэрапорт – да Менску за гадзіну даляцець можна было. Улетку ён бы быў рэнтабэльны. Я і раней лічыў, і цяпер, што сфэра паслугаў павінна быць прыватнай – у дзяпжавы не стае сродкаў. А такія людзі знайшліся б у Браславе”.
Падчас знаходжаньня на Браслаўшчыне такога чалавека пашчасьціла знайсьці і мне. Віктар Варанько. Адзін зь першых тутэйшых прадпрымальнікаў. Малое прадпрыемства адкрыў 10 гадоў таму. Чым толькі не займаўся: вырошчваў грыбы-вешанкі, гандляваў аўтазапчасткамі, ганяў МАЗы з бульбай у Расею. На пачатку новага тысячагодзьдзя Віктар зрабіў замах на арэнду кансэрвавага цэху рыбазаводу, які колькі гадоў прастойваў ужо пад пільным вокам упраўленьня справамі прэзыдэнта РБ.
(Варанько: ) “Я вазіў рыбу з Рыскага заліву. Засолкай рыбы ў раёне ніхто ня стаў займацца, то бок, я мог бы і перавозкай займацца, і засолкай. І з упраўленьня было прыказаньне, каб здавалі пустыя памяшканьні ў арэнду. Мы склалі дамову, там разгледзеў дамову юрыст – калі ласка, можаце працаваць. Я пачаў аднаўляць гэты цэх. А 27 сьнежня 2001 году рыбгас “Браслаўскі” перадалі на балянс Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. Адпаведна, дамова гэтая – кату пад хвост, хаця я панёс страты на ягоную рэканструкцыю каля 4 тысяч даляраў. Быў гэты ліст у самой кіраўніцы справамі Жураўковай. Сказала так: меркаваньне прэзыдэнта РБ – усім камэрцыйным структурам, якія хочуць узяць у арэнду памяшканьні, якія належаць упраўленьню – не аддаваць іх”.
На вуліцы Гагарына маю ўвагу прыцягнулі навюткія катэджы. Дзе-нідзе поўнай хадой яшчэ ішло будаўніцтва.
Я ля дома Валянціна Напалявонавіча Варно. Ён зь ліку сотні перасёлаў, якія апошнім часам пераехалі з Латвіі, былы марскі афіцэр. Ня ўтойваў – у суседняй краіне іх называлі акупантамі.
(Варно: ) “Я табе, мілы чалавек, скажу так – хто за чым ехаў. Адны ў 1950-я гады пагрузілі скарб і туды, дзе латышы хаты кінулі – яны засяліліся – сталінскае вялікае перасяленьне народаў”.
(Сямашка: ) “А праўда, што многія вырашылі вяртацца назад?”
(Варно: ) “Вось унізе Федзя – 23 гады пражыў у доме рэпрэсаваных. Знайшоўся іх праўнук – выгналі прэч. Цяпер убачыў, што тут бардак захаваўся, бо пры ўладзе тыя ж, хто кіраваў за савецкім часам. Там усё аддалі ў прыватныя рукі – цырульні, пякарні. Анахранізм Беларусь! Вось яны паглядзелі: заробкі, пэнсіі маленькіе, там сантымчык да сантымчыку – яны зноў туды”.
Інфармацыя без камэнтароў. У адным з нумароў газэты “Браслаўская зьвязда” прачытаў пра сытуацыю, якая склалася з жыхарамі вёскі Сутараўшчына. У дзесяці хатах там дажываюць век 15 чалавек. Узімку з-за бездарожжа яны не атрымлівалі пэнсіяў, не магла даехаць і аўталаўка. Трагедыю давяршала адсутнасьць вады ў калодзежах, якія перасохлі восеньню.
Што рабіць, калі перад табой сьцяна? Як захаваць трывалыя ў Браславе нацыянальныя і культурна-асьветніцкія традыцыі, нягледзячы на закрыцьцё беларускай школы?
Адказы тут навідавоку. Найперш – праз касьцёл, дзе набажэнствы ідуць па-беларуску. 60% насельніцтва – каталікі, далей ідуць праваслаўныя, вялікая абшчына старавераў. Пра церні, якімі давялося прайсьці, мне распавяла спадарыня Іна Сапун, арганістка, выкладчыца нядзельнай школкі пры касьцёле Нараджэньня Маці Божай Валадаркі Азёраў. Школка дзейнічае 10 гадоу і мае 500 навучэнцаў.
(Сапун: ) “Былі забраныя паперы ў сьвятара, каб ён ня меў больш магчымасьці працаваць у касьцёле. А матывацыя – нібыта ён змушае дзяцей, каб яны прыходзілі, Пайшлі ўсе да райвыканкаму і пачалі патрабаваць дакумэнты сьвятару. А ім сказалі – мы вас пасадзім. І, хіба каб папужаць, падагналі машыну “чорны воран”.
А людзі самі пачалі лезьці ў гэтую машыну. Набілася поўна. Іх адвезьлі за горад – выпусьцілі, і больш не пужалі, бо бачылі – гэта ня мае ніякага сэнсу”.
Мы ў майстэрні галоўнага гаршкалёба, паганца і, як не бяз гумару называе сябе мастак Валеры Зянкевіч, валадара летнікаў і ваяўнічага дылетанта Браслава.
(Сямашка: ) “Ты прадэманстраваў самы старажытны і самы папулярны на Браслаўшчыне музычны інструмэнт”.
(Зянкевіч: ) “Гэта штосьці сярэдняе паміж акарынай і дудой. Хочацца пасьпець усюды – зрабіць рэканструкцыю вырабу з косткі, гліны, камяню, тканіны. Вельмі зручна выжыць, замыкаючыся ў майстэрні, адцягваючыся на імпрэзах. Можна трошку схавацца ад дурноты усёй”.
І, нарэшце, пра тое, што адбываецца з васьмідзясятнікамі, як называюць сябе браслаўскія адраджэнцы ад тых часоў, калі яны спрычыніліся да палітыкі. Ізноўку зьвернемся да Кастуся Шыдлоўскага, які ўзначальвае філію Беларускага Народнага Фронту. Да апошняга часу на ўсіх выбарах па колькасьці галасоў гэта была уплывовая палітычная сіла – бадай, нароўні зь мясцовай намэнклятурай зь яе адміністрацыйным рэсурсам.
(Сямашка: ) “Ты балятаваўся ў дэпутаты рэспубліканскага парлямэнту. А зараз якое адчуваньне ў палітычным сэнсе?
(Шыдлоўскі: ) “Так, правінцыя зараз – страшная рэч. Гэта начальства, якое абсалютна грэбуе людзьмі, асабліва інтэлігентнымі, якое страшэнна непрыхільна ставіцца да пытаньняў культуры, мовы. Тым ня менш, правінцыя жыве больш зьмястоўным жыцьцём, чым у 1980-я, калі мы стартавалі. На пачатку 1990-х у многае шчыра верылі. Здавалася: вось толькі некалькі словаў, дзеяньняў – і людзі за табою пойдуць. А пасьля – не. Зараз людзі зьмяніліся. Зараз страшэнны скептыцызм, абсалютнае непрыняцьце таго, што ты кажаш, абсалютнае нежаданьне думаць. Сыход у стан унутранай эміграцыі, нечытаньне газэт. Тое, што зьявіцца трэцяя сіла, што гэта прамежкавы этап – у мяне сумневаў няма. Толькі што доўга. Гэта значыць, пошук, праца, адчай, не імгненны пераварот…”
Калі ад’яжджаў з Браслава, згадаў раптам словы, сказаныя мне на разьвітаньне марскім афіцэрам і нядаўнім жыхаром Латвіі Валянцінам Напалявонавічам Варно.
(Варно: ) “Ай, міленькі мой: Радзіма ёсьць Радзіма. Я ж туташні”.
Сп. Валянцін ніколі нікуды больш ня зьедзе з Браслаўшчыны. Так ён вырашыў, як і многія, хто сталі з гэтым краем сваімі.