Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯЗЬНІ ГУЛАГУ ІВАН І ТЭАФІЛІЯ ДУДКІ З БАРАНАВІЧАЎ ДАГЭТУЛЬ НЕ РЭАБІЛІТАВАНЫЯ


Ганна Соусь, Менск

Гісторыя жыцьця Івана й Тэафіліі Дудкоў з Баранавічаў падобная да лёсаў многіх беларусаў, якія ў часе другой усясьветнай вайны імкнуліся да адбудовы сваёй незалежнай беларускай дзяржавы. Узгадвае Іван Дудко:

(Іван Дудко: ) “Гэта было ў 1944 годзе. Нас бралі ў Беларускую Краёвую Абарону. Беларуская Цэнтральная Рада абвесьціла мабілізацыю ўсіх, хто нарадзіўся з 1918 па 1922 год — яны павінны былі зьявіцца ў ваенкамат. Калі толькі ня пойдзеш у армію, значыць, зьнішчаць усіх нашчадкаў і спаляць маёмасьць.

І мы прыбылі ў Нясьвіж, у беларускі батальён Краёвай Абароны. Там мы хадзілі ў сваім адзеньні, толькі займаліся падрыхтоўкай. Езьдзілі ў Застралечча, там якраз Каўпак наступаў, мы там ахоўвалі школу... І за гэта потым ужо ў 1946 годзе забрала нас МГБ, сьледзтва вялі й далі 10 гадоў”.

Іван Дудко кажа, што ў той час ён быў яшчэ “савецкім патрыётам”. Пайшоў у Беларускую Краёвую Абарону, таму што была мабілізацыя й трэба было падпарадкоўвацца. Усьведамленьне таго, што насамрэч адбывалася ў краіне, прыйшло пазьней, ужо за кратамі. Іван Дудко быў адным з тых “ворагаў народу”, якія будавалі Менскі трактарны завод.

(Іван Дудко: ) “Баракаў не было. Жылі ў цэху, ён быў накрыты ня шклом, а аполкамі. Дождж пойдзе — залівала падлогу, вады было па костачку, а ўзімку, як пурга, дык замятала нас сьнегам, што толькі пара ішла з-пад коўдры. Ні печы не было, нічога. Раніцай пайку хлеба давалі й суп, нейкую баланду, турнэпс з гнілой траской. А на абед прывозілі жывую пшаніцу, неразмолатую. Я заліў там фундамэнт пад кавальны й ліцейны цэхі. А ўжо ў 1948 годзе нас завезьлі на Поўнач, у Інту. На трактарным была самая сапраўдная душагубка, там шмат загінула нашых хлопцаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Нават горш за Поўнач?”

(Іван Дудко: ) “На Поўначы было ўдвая лепш. Там было абжыта, баракі былі”.

У Інце Іван Дудко й пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Тэафіліяй. Яна была асуджаная за тое, што ў часе другой усясьветнай вайны стала сябрам Саюзу Беларускай Моладзі. Некалькі гадоў Іван й Тэафілія перапісваліся ў лягеры, пабачыцца маглі, калі, накіроўваючыся на працу, сустракаліся жаночы й мужчынскі атрады. Узялі шлюб, толькі вярнуўшыся на радзіму ўжо пасьля амністыі. У Інце ў Івана Дудка пачалася перапіска й зь беларускай паэткай Ларысай Геніюш.

(Іван Дудко: ) “Геніюш разам з намі была ў лягеры. Ларыса Антонаўна і мне пісала, дасылала нам і вершы, падтрымлівала нас маральна. Пасьля вызваленьня Ларыса Антонаўна пераехала ў Зэльву. Мы з Тэафіліяй езьдзілі да яе”.

Сям’я Дудкоў захавала блізкія дачыненьні з Ларысай Геніюш. Спадар Іван рамантаваў ёй дом, сама паэтка неяк даглядала захварэлага сына Дудкоў.

Іван і Тэафілія Дудкі дагэтуль не рэабілітаваныя. Калі спадар Іван зьвярнуўся да ўладаў па рэабілітацыю, то атрымаў адказ, што пакараньне, маўляў, было справядлівае. Як і тады, так і цяпер Іван Дудко ня лічыць сябе вінаватым і мяркуе, што ўлады ня могуць дараваць яму й жонцы ўдзелу ў вызвольным руху дзеля незалежнай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG