Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БУДЗЕМ ПРАЦАВАЦЬ У СТОЛ”, — ГАВОРЫЦЬ ПЕРАКЛАДЧЫК ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІ


Валянціна Аксак, Менск

Некалькі дзён таму мы паведамлялі пра намеры новае галоўнае рэдактаркі часопісу “Маладосць” Раісы Баравіковай зрабіць з падрыхтаваных рэдакцыяй шасьці чарговых нумароў адзін. Натуральна, выкінуўшы зь яго творы тых аўтараў, чыя грамадзянская пазыцыя не даспадобы новым кіраўнікам гэтак званага літаратурнага голдынгу — да прыкладу, празаічныя мініятуры слыннага паэта Рыгора Барадуліна. Аднак вось што сёньня сказаў нам яшчэ юрыдычна дзейны галоўны рэдактар “Маладосці” Генрых Далідовіч:

(Далідовіч: ) “Паколькі юрыдычна яны яшчэ не зарэгістраваныя і Раіса Баравікова ня мае яшчэ ніякіх правоў, то яна будзе рыхтаваць толькі сёмы нумар, калі ўсё ўжо зарэгіструецца і ўсё будзе пацьверджана. Гэта значыць, што да першага–шостага нумароў яна ня мае ніякага дачыненьня. Тое, што робіцца, нешта незразумелае. А справа будзе ліпець да першага ліпеня”.

Пра немажлівасьць выдаць падрыхтаваныя да друку ранейшай рэдакцыяй нумары сказала сёньня і фармальная яшчэ галоўная рэдактарка часопісу “Крыніца” Ала Канапелька. Тым часам многія аўтары папулярнага раней выданьня не жадаюць, каб іхныя творы пасьля прызначэньня Вячаслава Дашкевіча новым галоўным рэактарам друкаваліся ў “Крыніцы”. Зьняў свае пераклады двух апавяданьняў і некалькіх вершаў Гюнтэра Граса вядомы перакладчык Лявон Баршчэўскі. Вось як ён патлумачыў сваё рашэньне:

(Баршчэўскі: ) “Спадар Дашкевіч — гэта настолькі адыёзная фігура і антыбеларуская, што проста было б за ганьбу друкавацца ў такога рэдактара”.

Выбар, дзе цяпер надрукаваць свае пераклады, спадар Баршчэўскі мае зусім небагаты:

(Баршчэўскі: ) “Выбару, дзе надрукаваць пераклады, зусім няма. Засталося адно пэрыядычнае выданьне, якое выдае Сакрат Яновіч у Польшчы. Натуральна, друкаваць да Мятліцкага ў “Полымя” я таксама нічога не панясу. Астатнія выданьні й не друкавалі перакладаў”.

Што ж засталося рабіць аўтарам, якія ня згодныя з новаю рэдакцыйнаю палітыкай дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Будзем працаваць у стол — для лепшых часоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG