Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКАНАМІЧНАЯ ПАЛІТЫКА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ СПРАВАКУЕ РЭЗКУЮ ІНФЛЯЦЫЮ І ДЭВАЛЬВАЦЫЮ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ГРОШАЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў дыскусіях за круглым сталом у менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры бралі ўдзел як незалежныя эканамісты, так і прадстаўнікі дзяржаўных установаў.

Актыўныя спрэчкі бакоў выклікалі цяперашнія макраэканамічныя працэсы ў Беларусі. У прыватнасьці, якім будзе сёлета абменны курс беларускага рубля і ўзровень інфляцыі? Афіцыйныя эканамісты даводзілі, што ўлады здолеюць утрымаць гэтыя парамэтры ў заплянаваных рамках. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё начальнік аддзелу манэтарных дасьледаваньняў і прагназаваньня Нацыянальнага банку Зьміцер Калечыц:

(Калечыц:) “У адпаведнасьці з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі абменны курс да даляра ЗША складзе ня болей за 1920 рублёў на канец бягучага году. Гэта афіцыйны прагноз манэтарных уладаў. І гэты парамэтар будзе дасягацца ўсімі манэтарнымі і неманэтарнымі захадамі”.

Паводле Зьмітра Калечыца, гэта ж тычыцца і выкананьня ўладамі ў заплянаваных межах другога важнага парамэтру — інфляцыі. Незалежныя эканамісты лічаць інакш. Большасьць незалежных эканамістаў мяркуе, што цяперашняя сытуацыя ў эканоміцы справакуе ў краіне рост спажывецкіх цэн і дэвальвацыю нацыянальных грошай.

Вось меркаваньне экспэрта Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Валерыя Дашкевіча:

(Дашкевіч: ) “Што ж датычыць прагнозных паказчыкаў, то яны завышаныя і не адпавядаюць рэальным магчымасьцям беларускай эканомікі. Таму колькі б тут надзвычайных мерапрыемстваў ні рабілі, нічога ня зьменіцца. Хіба што Міністэрства статыстыкі запатрабуе пісаць лепшыя паказчыкі. І тое, што абвяшчае прэм’ер-міністар, нічога новага для беларускай эканомікі не ўяўляе”.

Група эканамістаў Дасьледчага цэнтру недзяржаўнага Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту сёньня агучыла, што пры канцы сёлетняга году інфляцыя ў краіне дасягне 60%, а абменны курс беларускага рубля — 2600 рублёў за даляр.

Калі ж улады паспрабуюць адміністрацыйным чынам утрымаць гэтыя парамэтры на заплянаваным узроўні, то гэта негатыўна адаб’ецца на іншых сфэрах сацыяльна-эканамічнага жыцьця Беларусі — у прыватнасьці, на дабрабыце беларусаў. Так лічыць, напрыклад, супрацоўнік Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык:

(Чубрык: ) “Тая палітыка, што праводзяць беларускія ўлады, прывяла да таго, што курс беларускага рубля амаль што не зьмяніўся. А ў Расеі курс рубля даволі хутка дэвальваваўся, і таму беларускія тавары сталі адносна дарагімі ў параўнаньні з расейскімі. На гэта адрэагавала насельніцтва і пачало ўвозіць тавары з Расеі, а на беларускія тавары зьменшыўся попыт. Усё гэта вельмі проста — людзі рэагуюць адразу, калі зьніжаецца цана. І я мяркую, што такая тэндэнцыя будзе і надалей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG