Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ РАБОЧЫЯ АДСТОЙВАЮЦЬ СВАЕ ГОНАР І ГОДНАСЬЦЬ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Рабочыя, якія ўваходзяць у склад Свабоднага прафсаюзу заводу, заявілі, што абвінаваціўшы іх у п’янстве, ахова прадпрыемства абразіла іхныя гонар і годнасьць.

Як стала вядома, пасьля працоўнага дня ахоўнікі затрымалі каля дзесяці рабочых і скалалі на іх пратаколы нібыта за тое, што тыя выйшлі з прахадной прадпрыемства нападпітку. Усе рабочыя адразу паехалі ў наркадыспансэр, дзе ім выдалі даведку, што яны не ўжывалі алькагольных напояў.

Тым часам пратакол трапіў у аддзел кадраў, а пасьля — у адміністрацыю прадпрыемства. Адміністрацыя пагражала звольніць людзей з працы, аднак пасьля зьяўленьня ліста з наркалягічнага дыспансэру гэтыя пагрозы зьніклі. Адзін з пацярпелых, токар Зьміцер Марозаў лічыць, што ёсьць усе падставы, каб прыцягнуць міліцыянтаў да дысцыплінарнай адказнасьці.

(Марозаў: ) “Першае, гэта было ня першы раз, калі затрымлівалі людзей і па-хамску размаўлялі зь імі. Другое, яны рабілі гэта для сваёй карысьці і каб дагадзіць начальству”.

Намесьнік дырэктара заводу Аляксей Ярмоленка пакуль што ня можа даць ацэнку канфлікту між ахоўнікамі й рабочымі.

(Ярмоленка: ) “Гэта ж іншая сытуацыя, не такая, калі пакажуць па маскоўскім тэлебачаньні, што начальнік аўтаінспэкцыі б’е, і што гэта засьведчылі. А гэта зусім іншае. Час праходзіць, і трэба ведаць усе нюансы. Проста нельга сказаць, хто зь іх правы, а хто вінаваты. Любая справа патрабуе пранікненьня ў сутнасьць.Таму мне трэба разабрацца, а потым сустракацца і казаць пра сваю пазыцыю”.

Ён ня выключае, што ахоўнікі ня мелі рацыі й што канфлікт дойдзе да суду. І хоць рабочыя засталіся на працоўных месцах, яны не зьбіраюцца маўчаць. Чацьвёра зь дзесяці пацярпелых магілёўцаў заявілі, што яны зьвернуцца ў суд і пракуратуру, каб пакараць міліцыянтаў за нечалавечае стаўленьне да рабочых і дабіцца праўды ў адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG