Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЕ БЕЛАРУСЬ АЛЬТЭРНАТЫВУ БУДАЎНІЦТВУ АЭС?


Алена Панкратава, Менск

Прэсавая служба фэдэральнага міністэрства экалёгіі распаўсюдзіла праз СМІ заяву свайго парлямэнцкага дзяржсакратара Гілы Альтман адносна магчымасьцяў выкарыстаньня ў Беларусі ды іншых постсавецкіх краінах альтэрнатыўных энэрганосьбітаў. Паводле спадарыні Альтман, такія экалягічныя электрастанцыі пасьпяхова працуюць у Заходняй Эўропе.

Адмова ад небясьпечнай атамнай энэргіі і выкарыстаньне гэтак званых абноўленых энэргіяў — ветру, вады, сонца — маглі б стаць адказам на трагічную аварыю ў Чарнобылі. Сёньня ад наступстваў гэтае катастрофы толькі ў Беларусі пакутуюць сотні тысяч людзей, — сьведчыць Гіла Альтман і працягвае: “Я апэлюю да беларускага ўраду, каб ён прааналізаваў магчымасьці выкарыстаньня абноўленых энэргіяў”.

Паводле адказнай прадстаўніцы міністэрства экалёгіі Нямеччыны, магчымая купля Беларусьсю Ігналінскай АЭС, асабліва пасьля падзеяў 11 верасьня — гэта ня самы канструктыўны шлях.

Днямі нямецкія навукоўцы прэзэнтавалі Беларусі сваю ветравую станцыю. Яна ўсталяваная ў мястэчку Дружная на Міншчыне. Гэтае новае паселішча, якое ня так даўно зьявілася на беларускай мапе, пабудаванае для чарнобыльскіх перасяленцаў пры дапамозе нямецкіх гуманітарных арганізацыяў. Паводле спадарыні Альтман, шляхі паляпшэньня экалягічнай сытуацыі ў Беларусі будуць неўзабаве абмеркаваныя на адным з паседжаньняў нямецкага ўраду.

У рамках адмысловага праекту ТАСІS заплянавана ідэнтыфікаваць найбольш небясьпечныя для здароўя грамадзянаў рэгіёны Беларусі, з тым каб прапанаваць беларускім уладам стварыць у гэтых мясьцінах альтэрнатыўнае энэргазабесьпячэньне.

Як піша нямецкая “Sueddeutsche Zeitung”, камісар ЭЗ Лаёла ды Палачыя рашуча ня згодная з канцэпцыяй будаўніцтва альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі ў эканамічна слабых усходнеэўрапейскіх краінах. Паводле яе, закрыцьцё АЭС ёсьць вялікай памылкай. Эўропа павінна надалей здабываць энэргію менавіта з гэтых крыніцаў, а не псаваць паветра альтэрнатыўнымі ўстаноўкамі.

На цяперашні момант Эўразьвяз ня мае істотных прэтэнзіяў да рэактараў, якія працуюць ў былых саюзных рэспубліках. Выключэньне складае Ігналінская АЭС. Як піша выданьне, гэта рэактар чарнобыльскага тыпу і, зразумела, Брусэль зацікаўлены ў ягоным закрыцьці. Эўразьвяз патрабуе ад літоўскіх уладаў хутчэйшага рашэньня гэтага пытаньня.

Страты ад закрыцьця АЭС могуць скласьці каля 365 мільярдаў даляраў, — піша “Sueddeutsche Zeitung”. Літва, зразумела, разьлічвае на падтрымку звонку. Што да прапановы Беларусі выкупіць Ігналіну, то яна ў Вільні разглядаецца як малаверагодная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG