Мэта гэтых сустрэчаў паінфармаваць славакаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі і актывізаваць рэакцыю Славаччыны ў міжнародных арганізацыях на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Мы прыехалі ў гарачы для Славаччыны час – першыя дні пасьля перамогі cлавацкай зборнай на хакейным чэмпіянаце сьвету і амаль пярэдаlзень выбараў у парлямэнт, якія адбудуцца ў верасьні. У гэтых выбарах будуць браць удзел 72 партыі, сярод іх – “Рух за дэмакратычную Славаччыну”, кіраваны былым прэм’ер-міністрам Владзімірам Мэчыярам, які кіраваў Славаччынай 7 гадоў, быў двойчы пераабраны і зь якім славакі зьвязваюць, скажам, не зусім дэмакратычны этап разьвіцьця.
Я памятаю, як сьвісталі заўзятары пад час фіналу ў хакейным чэмпіянаце сьвету, калі тэлеапэратары на трыбуне паказвалі Мэчыяра. У Славаччыне вельмі абураныя тым, што на наступны дзень пасьля перамогі над зборнай Расеі Владзімір Мэчыяр заявіў, што гэта менавіта ён спрычыніўся да перамогі, да станаўленьня славацкага хакею. Дык вось у Славаччыне хвалююцца высокім рэйтынгам партыі Мэчыяра, які зараз складае каля 25%, наступная партыя мае каля 20%.
Мы зь Вінцуком Вячоркам спачатку жартавалі, а пасьля ўжо гаварылі больш паважна, што нас запрасілі для таго, каб мы расказалі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, пра сродкі масавай інфармацыі – каб нагадаць славакам, што ня варта выбіраць мінулае…
У першы дзень візыту быў выступ Вінцука Вячоркі перад журналістамі і палітолягамі. Задавалі шмат пытаньняў пра эканамічную сытуацыю, зьніклых людзей, дачыненьні з Расеяй і парушэньні правоў чалавека. Адзначу, што графік працы быў настолькі напружаны, што ў гатэлі, дзе мы спыніліся, журналісты літаральна стаялі ў чарзе – завяршалася адно інтэрвію для FM станцыі, пачынаналася інтэрвію для штодзённай газэты, для штотыднёвіка, для часопіса і гэтак далей. Сама цяжка было адказаць на пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка ігнаруе беларускую мову, чаму ў Менску не гавораць па-беларуску. Славакі дзівіліся, што мы – беларусы – амаль свабодна разумеем іхную мову.
Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі, правааабарончых арганізацыяў даволі часта езьдзяць у замежжа, распавядаюць, як у Беларусі парушаюцца правы чалавека. У выніку афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Нямеччыны і гэтак далей рэгулярна выступаюць са зваротамі да беларускіх уладаў адносна перасьледу апазыцыйных палітыкаў ці незалежных мэдыяў, як гэта было з газэтай “Пагоня”. Цяпер можна чакаць нейкай рэакцыі і ад Славаччыны.
Мне вельмі спадабалася рэакцыя кіраўніка камісіі правоў чалавека славацкага парлямэнту спадара Нагі: ён выслухаў спадара Вячорку, задаў больш дакладныя пытаньні пра сытуацыю вакол гарадзенскай “Пагоні” і яе супрацоўнікаў, зафіксаваў факты адносна зьнікненьня людзей і сказаў – так, я выклічу да сябе беларускага консула, папрашу яго патлумачыць сытуацыю ў Беларусі, і інфармацыя пра вынікі гэтай сустрэчы будзе апублікаваная ў прэсе.
Спадар Нагі паабяцаў скантактавацца са мною, так што будзе цікава ўведаць рэакцыю прадстаўніка афіцыйнага Менску.
Дарэчы, сустрэча адбылася ў былой канцылярыі Вацлава Гавэла, а ў кабінэце я не пабачыла дзяржаўнага сьцяга – спадар Нагі ўваходзіць у Вугорскую кааліцыю, з рэйтынгам больш за 8%.
Таксама ў Браціславе дамовіліся, што супрацоўнікі няўрадавай арганізацыі, якая рыхтуе замежнапалітычны аналітычны бюлетэнь, пачнуць кантактаваць зь беларускімі NGO’s і ўлучаць беларускую праблематыку ў свой часопіс. І дадам, што факты запісу 40-хвіліннай дыскусіі для славацкай грамадзкай тэлевізіі і 15-хвіліннае інтэрвію з кіраўніком інфармацыйнага Беларускага цэнтру ў Празе Ўладзіславам Яндзюком гавораць пра сур’ёзнасьць падыходу славакаў да беларускага пытаньня.
Дадам, што ў часе нашай паездкі ў Браціславе былі і актывісты руху “Зубр”. Андрэй Пятроў расказаў мне, што запрошаны, каб паглядзець, як славакі рыхтуюцца да парлямэнцкіх выбараў, набрацца досьведу маніторынгу выбараў.
Што пасьпела Славаччына за 4 гады дэмакратычнага разьвіцьця?
Напрыклад, галоўная праблема ў камісіі правоў чалавека ў парлямэнце, якая існуе 4 гады – гэта правы жанчынаў.
У Славаччыне поўная свабода сродкаў масавай інфармацыі, аднак наступствы сацыялізму вельмі выразныя ў параўнаньні з Чэхіяй, напрыклад, дарогі, гатэлі, кавярні нагадваюць Менск ці Кіеў – яны ня надта ўпарадкаваныя, можна ўбачыць коратка стрыжаных хлапцоў, які пад’яжджаюць да рэстарацыі на дарагой машыне і гутараць з уладальнікам.
Вас могуць аблічыць, выказаць нецярпімасьць. Можна ехаць каля 100 кілямэтраў і не пабачыць аўтазапраўкі. Беспрацоўе – каля 20%.
Мяне ўразіў гмах тэлевізіі – вялізарны будынак, значна большы за той, што ў Менску на вуліцы Макаёнка – і амаль пусты. “На пэрспэктыву”, – жартуюць славакі.
Фінансавыя праблемы такія вялікія, што славацкая тэлевізія здымае ня больш за 2 мастацкія фільмы за год. Аднак славакі ня хочуць вяртаньня сацыялізму, электарат Мэчыяра – гэта пэнсіянэры, малаадукаваныя людзі. Славаччына хоча ўвайсьці ў NATO, інтэгравацца ў эўрапэйскія структуры і ў якасьці эўрапейскай краіны спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і вяртаньню яе ў Эўропу.