Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАВУХА


Вінцэсь Мудроў, Баравуха

(Для даведкі: месьціцца ў 7-мі кілямэтрах ад Наваполацку, 7 тыс. жыхароў. Чыгуначная станцыя. У 1997 годзе ўключаная ў склад г. Наваполацка.)

Сярод іншых местаў і паселішчаў Баравуха мела адметны статус: яна была і, адначасна, яе не было. Не, у энцыкляпэдыях і даведніках можна было прачытаць, што Баравуха – гэта вёска ў Полацкім раёне, цэнтар сельсавету, аднак пра тое, што там жывуць каля дзесяці тысячаў чалавек і што гэта адзін з самых вялікіх у Беларусі ваенных гарадкоў, даведнікі, вядома ж, не паведамлялі. Стаялі тут танкісты, дэсантнікі, ракетчыкі – і вясковыя жанкі, пазіраючы на афіцэрскіх жонак, марылі насіць такія ж мутонавыя футры й выпраўляць дзяцей у такую ж шматпавярховую й сьветлую школу – з басэйнам і расейскай мовай навучаньня. Сёньня насельнікам ваенных гарадкоў ніхто не зайздросьціць: узімку яны мёрзнуць у кватэрах, большасьць зь іх сядзіць бяз працы і піша калектыўныя лісты з адным і тым жа зваротам: “Уважаемый Александр Григорьевич!”

Пішуць, ці, дакладней, пісалі такія звароты і жыхары Баравухі. Апошні такі ліст датаваны сярэдзінай лютага. У ім афіцэры 276-й баявой верталётнай базы – апошняй вайсковай частцы, што яшчэ тут дзеяла, – прасілі галоўнага кіраўніка краіны не расфармоўваць базу. У красавіку яе расфармавалі, і таму першым маім суразмоўцам стаўся былы верталётчык Валодзя. Хлопец прасіў не называць прозьвішча, адзначыўшы, што баравусцы і так яго пазнаюць па голасе.

(Валодзя: ) “Я прыехаў у Баравуху, у верталётную частку, сем гадоў таму. Служыў ўвесь гэты час верай і праўдай, і вось частку расфармавалі. Бацькі-камандзіры, што сядзяць у Менску, вырашылі, што ня варта яе ўтрымліваць, пры гэтым пра нашую думку ніхто не пытаўся. Тут некаторыя нашыя афіцэры спрабавалі падаваць пазовы на камандаваньне, аднак пазовы гэтыя не прымаюцца і людзей, можна сказаць, разганяюць. Кантрактнікаў скарачаюць, а з афіцэрамі і прапаршчыкамі ўвогуле па-сьвінску абыходзяцца”.

Па сьведчаньні Валодзі, афіцэрам прапануюць ехаць служыць у іншыя гарнізоны, але пры гэтым не даюць жытла. А ва ўсіх жа сем’і. Многія афіцэры спрабуюць звольніцца, ды іх не звальняюць, спасылаючыся на закон, паводле якога яны мусяць служыць да саракапяцігадовага ўзросту.

(Валодзя: ) “Мне, кантрактніку, нават пашчасьціла: мяне скарацілі, выплацілі нейкія грошы на першыя месяцы жыцьця, а далей мой лёс нікога не цікавіць. Спрабаваў шукаць працу па ўсім Полацкім раёне; шмат у якія арганізацыі зьвяртаўся – паўсюль разводзяць рукамі. Ты, кажуць, стажу працы ня маеш. Так што – жыві як хочаш і на што хочаш”.

Зрэшты, Баравусе, у адрозьненьне ад іншых ваенных гарадкоў, можна сказаць, пашанцавала. Чатыры гады таму Баравуху далучылі да Наваполацка і, такім чынам, многія камунальныя праблемы, ад якіх пакутвалі баравусцы, мусілі ўзваліць на свае плечы тутэйшыя нафтахімічныя гіганты. Ды і сам гарадок выглядае ня самым горшым чынам: паміж высокіх хвояў салдацкім шыхтом паўсталі шэрыя дзевяціпавярховікі, асфальтавыя ходнікі хаця й разьбітыя, але хадзіць па іх яшчэ можна, у цэнтры гарадка віруе невялічкі кірмаш. Я пастаяў ля цётак-гандлярак, запісаў на дыктафон мясцовую старажылку, што прадавала семкі. Цётухна паведаміла пра тое, што ўжо безьліч разоў гучала па радыё: пра дарагоўлю, галечу, мізэрныя пэнсіі. Паслухаў і мясцовыя плёткі. Адну зь іх папрасіў агучыць жанчыну, што прадавала пральны парашок і якая аказалася былой настаўніцай:

(Жанчына: ) “У нас тут шмат хто зьехаў, кватэры пустыя, дык, я чула, да нас будуць завозіць наваполацкіх бамжоў, якія там, у горадзе, ня плоцяць за кватэру. Калі гэта так, дык і самой давядзецца адсюль бегчы”.

Мне, вядома ж, карцела пагаманіць з маладымі людзьмі. Я рушыў у бок аўтобуснага прыпынку і ўбачыў самотную дзяўчыну. Пераканаўшыся, што перад ёю журналіст, дзяўчына адрэкамэндавалася: Юлія Шайкова – настаўніца жывапісу і малюнка Полацкай дзіцячай мастацкай школы. Я спытаў Юлію – як ёй даводзіцца езьдзіць за дваццаць кілямэтраў на працу, але яна стала казаць пра іншае.

(Шайкова: ) “Калісьці ў нашай Баравусе дыслякаваліся элітныя вайсковыя часткі. Служыць тут у афіцэрскім асяродзьдзі лічылася за гонар. І вось, практычна зьнянацку, часткі расфармавалі, і афіцэры разам са сваімі сем’ямі засталіся бяз працы і сродкаў існаваньня. Многія папросту ў шокавым стане. Я чула на ўласныя вушы, як адзін афіцэр шкадаваў, што ганяў салдат галасаваць за Лукашэнку.

Афіцэры сёньня згодныя на любую працу. Людзі ў чыне маёра ідуць вартаўнікамі, кіроўцамі, пажарнымі. Уяўляеце, як кадраваму афіцэру стаяць на марозе і адчыняць брамы перад маладзёнамі на “мэрсэдэсах”?

Што мяне ўразіла ва ўсім гэтым, гэта тое, што цэлы ваенны гарадок адпраўлены, можна сказаць, на памыйніцу, а людзі ўспрынялі гэта як належнае”.

Запытаўся ў Юліі – ці ведае яна якога кадравага вайскоўца, які б мог штосьці распавесьці для Радыё Свабода? – і тая, ні слова не сказаўшы, паказала на будынак афіцэрскага інтэрнату.

І вось я сяджу ў маленькім пакойчыку, які больш трапна было б назваць катухом, і гаспадар катуха – былы афіцэр – распавядае мне пра сёньняшнія баравускія рэаліі і пра свой незайздросны лёс.

(Былы афіцэр: ) “Я ў Баравусе нарадзіўся, пражыў тут 28 гадоў і меў магчымасьць назіраць – як мянялася жыцьцё ў гарадку. Жыцьцё і раней тут не было раем, але была нейкая спортзаля, была дыскатэка, куды хадзіла моладзь, можна было недзе адпачыць”.

Адразу пытаюся ў суразмоўніка – ці зьмянілася штосьці пасьля далучэньня Баравухі да Наваполацка?

(Былы афіцэр: ) “Пасьля далучэньня гарадка да Наваполацка ў нашым жыцьці зьявіліся станоўчыя моманты. Перавялі кацельную на мазут, у кватэрах стала нашмат цяплей, гарачая вада ўвесь час і цэлы год, чаго не было раней. Асфальтуюць гарадок, цягнуць тэлефонную лінію. Але ў пляне працаўладкаваньня нічога не зьмянілася. Працы практычна ніякай няма. Для мяне гэтая праблема стаіць вельмі востра, бо, праслужыўшы дзесяць гадоў, я з арміяй разьвітаўся – зараз шукаю працу і не магу знайсьці. Для нас, вайскоўцаў, якіх фактычна выкінулі на вуліцу, выдаўшы нейкую дапамогу – як костку кінулі сабаку, – усё гэта сапраўдная трагедыя”.

У гэтым месцы свайго аповеду давядзецца вытрымаць кароткую паўзу і паведаміць: у самым цэнтры гарадка, зеўраючы пустымі прастакутнікамі вокнаў, стаяў шыхт напаўразбураных трохпавярховых казармаў. Я зайшоў у адну з казармаў і ўразіўся: усё ўнутры было разьбіта і пераламана.

“Во як... і вайны ня трэба”, – гукнула не старая яшчэ жанчына, праходзячы міма, і тут жа, згадаўшы вайну, правяла мяне да брацкай магілы – ці то дваццаці, ці то трыццаці тысячаў савецкіх ваеннапалонных, што месьцілася непадалёку. Улетку сорак першага немцы ўладкавалі ў Баравусе канцэнтрацыйны лягер. Лягер, па сьведчаньні відавочцаў, быў адным з самых страшных на Беларусі. Сярод палонных панаваў тыфус, людзі мерлі як мухі і акупанты тут жа іх і хавалі, поўнячы людзкімі трупамі глыбокія равы. Я пабачыў брацкую магілу і, прызнаюся, потым цэлую ноч ня мог заснуць. Пахаваньне плошчаю паўгектара ня мела агароджы і было скрозь засыпанае піўнымі коркамі, недапалкамі, бутэлечным шклом ды іншым хломаздам, на супрацьлеглым баку наагул горбіўся сьметнік. Сям-там магілу пазначалі чорныя плямы вогнішчаў, а пасярод яе белым анёлам пасьвілася каза.

Дамо слова Вандзе Яўгенаўне, настаўніцы адной з Баравускіх школаў.

(Ванда Яўгенаўна: ) “Трыццаць тысячаў ахвяраў ляжыць у зямлі. Было восем равоў, дзе хавалі штодня па 200-300 чалавек. Сёньня гэтая мясьціна разбураная, зьнесеная агароджа, тут пасьвіцца жывёла, выгульваюцца сабакі. І вось ужо тры гады мы спрабуем неяк аддаць належнае памяці палеглых, але ж ня маем на тое ніякіх сродкаў. У нашым домакіраўніцтве, калі мы да іх зьвярнуліся, нам сказалі, што зараз трэба думаць аб жывых, а не аб мёртвых.

Мы не павінныя аддаваць сваю памяць нікому, бо гэта самае дарагое. Можна аддаць зямлю, можна аддаць грошы, можна аддаць нават свабоду, але памяць павінна заўсёды заставацца зь людзьмі”.

Але ня ўсе ў Баравусе згубілі памяць. Вось той жа кіраўнік тутэйшай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі спадар Каханчык: пачуў ад старых людзей, што ў ваколіцах падчас вайны быў зьбіты савецкі самалёт, знайшоў месца падзеньня, зьвярнуўся да мясцовых уладаў па дапамогу і, не дачакаўшыся яе, уласнаручна перапахаваў невядомага лётчыка. А ў верасьні 1999 году Анатоль Каханчык – брыгадзір рамонтнай чыгуначнай брыгады – намаляваў на прыстанцыйным будынку вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. І толькі цяпер, у сакавіку сёлета, сьцяг запэцкалі белай фарбай. Запэцкалі, відавочна, тыя ж людзі, што й ператварылі ў сьметнік брацкую магілу. Красавіцкім адвячоркам мы сядзелі ў Анатолевай хаце і гутарылі за жыцьцё.

(Каханчык: ) “У мяне, часам, такое ўражаньне, што ў краіне пад назваю Беларусь няма беларусаў. У нашай баравускай суполцы ёсьць расейцы, два ўкраінцы, нават адзін армянін, але няма беларусаў. Ну чаму я, “маскаль”, павінен тлумачыць гэтаму народу, што ён народ. Што ў яго ёсьць тое, чаго няма ў курдаў, чаго дзьве тысячы гадоў не было ў габрэяў – краіны. А тысячагадовая гісторыя? А сымбалі, якім больш як сямсот гадоў? І тысяча першы раз чуць у адказ: “сколько тебе заплатілі?”

Пытаюся ў Анатоля: як зьмяніліся настроі баравусцаў пасьля ліквідацыі вайсковых частак?

(Каханчык: ) “Ну, Баравуха, гэта ўсё ж ваенны гарадок, кантынгент спэцыфічны: адстаўнікі, вайскоўцы, іхныя сем’і. Але калі й раней нельга было казаць аб усенароднай падтрымцы ППРБ, дык зараз, калі вайскоўцаў фактычна “кінулі”, настроі кардынальна зьмяніліся. Зараз адкрыта заяўляць аб сваіх сымпатыях да Лукашэнкі проста небясьпечна”.

Ну і, нарэшце, я спытаў у Анатоля, у прафэсійнага чыгуначніка: як ён можа пракамэнтаваць папулярную тэзу пра тое, што беларусы спазьніліся на свой гістарычны цягнік?

(Каханчык: ) “Я так думаю: да нашага саставу прычапілі два лякаматывы – з розных бакоў. Адзін цягне на ўсход, другі на захад. А яшчэ пад коламі ляжаць тармазныя “башмакі” – нашая інфантыльнасьць і абыякавасьць. Чарка, шкварка і “каб не было вайны”. Ня трэба ілюзій! Альбо мы паўночна-заходні край Расеі, калідор для перапампоўваньня нафты і газу з датацыйнай эканомікай, альбо незалежная эўрапейская краіна. Ці зрушыцца цягнік зь месца? Усё залежыць ад нас. Прынамсі, я ў гэта веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG